Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нападнік расстраляў больш за дзесяць чалавек у Чарнагорыі


Цэтыне, каля месца трагічных падзей
Цэтыне, каля месца трагічных падзей

У трагічным здарэньні загінулі і дзеці. Улады запэўніваюць, што гэта не змаганьне бандытаў паміж сабою. Падазраваны, аднак, раней трапляў у крымінальныя гісторыі.

Сама меней 12 чалавек, уключаючы дваіх дзяцей, былі забітыя ў сераду днём, 1 студзеня, у горадзе Цэтыне ў Чарнагорыі. Яшчэ чацьвёра параненыя. Пра гэта паведаміў міністар унутраных справаў Даніла Шаранавіч, напісала Балканская служба Радыё Свабода.

Падазраваны Аца Мартынавіч скончыў жыцьцё самагубствам. Паводле вэрсіі сьледзтва, Мартынавіч забіў чатырох чалавек у адной з устаноў у цэнтральнай частцы гораду, а затым у іншых раёнах — іншых людзей, сярод якіх ёсьць члены ягонай сям'і.

Параненыя, як кажуць мэдыкі, знаходзяцца ў крытычным стане.

Паліцыя на месцы здарэньня
Паліцыя на месцы здарэньня
Ратавальнікі на месцы здарэньня
Ратавальнікі на месцы здарэньня

Спачатку паведамлялася, што той, хто страляў, схаваўся. На вуліцах Цэтыне шмат паліцыі, у некаторых раёнах заблякаваны рух, а ўсе выезды з гораду перакрытыя. Да пошуку стралка далучалася войска.

У заяве паліцыі ўдакладняецца, што страляніна не зьвязаная з канфліктамі паміж арганізаванымі злачыннымі групоўкамі. Мартынавіч быў умоўна асуджаны ў 2005 годзе за хуліганства на год турмы, але не лічыўся чалавекам, які нясе пагрозу бясьпецы.

У 2022 годзе ў Мартынавіча знайшлі зброю і выбухоўку. За гэта яго прыгаварылі да трох месяцаў турмы.

Цэтыне месьціцца прыкладна за 30 кілямэтраў ад сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы.

Урад Чарнагорыі абвясьціў трохдзённую жалобу — 2, 3 і 4 студзеня — у сувязі з трагедыяй. У Падгорыцы, Будве і Котары скасавалі навагоднія канцэрты.

Улады Чарнагорыі пасьля здарэньня разглядаюць магчымасьць поўнай забароны на валоданьне зброяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG