Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 100 гадоў зь дня нараджэньня пісьменьніка Артура Вольскага


Артур Вольскі, архіўнае фота
Артур Вольскі, архіўнае фота

Падзеі 23 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

23 верасьня 1924 году нарадзіўся Артур Вольскі, пісьменьнік і перакладнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. XXI ст., сын пісьменьніка Віталя Вольскага, бацька музыкі і мастака Лявона Вольскага. Ён уваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны.

Найбольш поўна літаратурныя таленты Артура Вольскага раскрыліся, калі ён паўтара дзесяцігодзьдзя працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам. Якраз тады разам з шматлікімі паэтычнымі і празаічнымі зборнікамі для дзяцей і дарослых была створаная п’еса-казка «Сьцяпан — вялікі пан», што — пакладзеная на музыку Юрыем Семянякам — сталася першай беларускай дзіцячай апэрэтай.

Адным зь ягоных найлепшых паэтычных твораў апошніх гадоў шмат хто лічыць верш «Калі гучыць «Магутны Божа».


Калі гучыць “Магутны Божа”,

гатоў я ўпасьці на калені.

Бог — толькі Бог! — нам дапаможа

знайсьці шляхі да вызваленьня...

Каб у духоўным землятрусе,

ў Хрысьце знайшоўшы ўратаваньне,

прынесьлі людзі Беларусі

за ўсе правіны пакаяньне.

І слаўна пойдзе ўсё ды спраўна.

І заквітнее Край наш гожа.

І загучыць, як Гімн Дзяржаўны,

сьпеў нашых душ — “Магутны Божа”.

Гэты дзень у гісторыі

1492Ян I Ольбрахт (Ягайлавіч) каранаваны на польскага караля.

1608 — аддзелы Яна Пятра Сапегі і Аляксандра Лісоўскага (лісоўчыкі) пачалі аблогу Тройца-Сергіевага манастыра пад Масквой.

1648 — пачалася бітва пад Піляўцамі: аб’яднаныя войскі Багдана Хмяльніцкага і Крымскага ханства супраць войска Рэчы Паспалітай.

1771 — параза войска Вялікага Княства на чале зь вялікім гетманам Міхалам Казімерам Агінскім ад расейскіх войскаў пад кіраваньнем Аляксандра Суворава ў бітве пад Сталовічамі. Мяркуецца, што гэта была вырашальная бітва для існаваньня дзяржавы — Рэчы Паспалітай.

1793 — скончыўся Горадзенскі сойм — апошні сойм Рэчы Паспалітай.

1943 — нацысты зьнішчылі Віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Літве былі забітыя 200 тысяч габрэяў. З гэтае нагоды ў краіне штогод адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.

Вуліца ў гета ў Вільні
Вуліца ў гета ў Вільні

1989 — азэрбайджанская мова абвешчаная дзяржаўнай у Азэрбайджане.

1998 — Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якою абавязала ўрад Югаславіі прыпыніць баявыя дзеяньні ў Косаве.

2020 — у Менску прайшла раптоўная цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Увечары ў сталіцы і шэрагу іншых гарадоў адбыліся масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя інаўгурацыяй. Данія, Літва, Латвія, Нямеччына, Славаччына, Польшча, Чэхія і Эстонія пасьля інаўгурацыі заявілі, што не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

480 да н. э.Эўрыпід, грэцкі драматург.

63 да н. э. Гай Юліюс Цэзар Актавіян Аўгуст, рымскі імпэратар.

Статуя рымскага імпэратара Актавіяна Аўгуста
Статуя рымскага імпэратара Актавіяна Аўгуста

1901Яраслаў Сэйфэрт, чэскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1984 год.

1908 Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі ў 1950–1956 гг.

1910Юльян Сергіевіч, беларускі паэт і настаўнік.

1918 Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.

1936Сямён Шарэцкі, беларускі палітык, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня.

Сямён Шарэцкі
Сямён Шарэцкі

У памяці

1935 Лявон (Леанард) Заяц, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, сябра Народнага сакратарыяту БНР. Быў рэпрэсаваны бальшавіцкімі ўладамі і памёр у зьняволеньні.

Сядзяць (зьлева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.
Сядзяць (зьлева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.

1939 Зыгмунд Фройд, аўстрыйскі лекар-псыхіятар, псыхоляг і нэўроляг, заснавальнік псыхааналізу.

Зыгмунд Фройд
Зыгмунд Фройд

1974 Паблё Нэруда, чылійскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1971 год.

Паблё Нэруда
Паблё Нэруда
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG