Паводле Кузьміча, ён зладзіў гэтую акцыю 20 верасьня. Гэтым разам ад пэрформансу мастака пацярпела Вандомская калёна на аднайменнай плошчы ў цэнтры Парыжу, якую Кузьміч вобразна «пераўтварыў» у вялікі полавы орган мужчыны:
Мастак прыйшоў да Вандомскай калёны з чамаданам, адкуль дастаў два вогнетушыльнікі і распыліў зь іх рэчыва жоўтага колеру на частку калёны, яе агароджу і брукаванку на плошчы пад калёнай, намаляваўшы пад ёй два вялікія кругі. Пасьля Кузьміч лёг на зямлю, пакуль зьбянтэжаныя відавочцы здымалі тое, што адбывалася, на відэа. Празь нейкі час на плошчу прыехала паліцыя.
Ці затрымлівалі Кузьміча, невядома. Ён сам не паведаміў пра нейкія нэгатыўныя наступствы для сябе пасьля пэрформансу.
21 верасьня Аляксей Кузьміч апублікаваў відэа пэрформансу і патлумачыў, у чым яе сэнс:
«Пасьля акцыі „Адраджэньне“ мясцовыя ўлады вельмі хочуць ачысьціць Францыю ад мяне. Дэпартаваць, пасадзіць у турму ці яшчэ нейкім спосабам пазбавіцца ад мяне. (...) Мастацтва, як вядома, тут не ў пашане. Мастакі гэтай краіне не патрэбныя.
Але я люблю Парыж... І, нарэшце, хацеў бы зрабіць падарунак гораду, які стаў для мяне другім домам. Абудзіць тут парастак новага жыцьця. Каб адрадзіць гэтую даўно памерлую прастору. Няхай Рэнэсанс Парыжа пачнецца з адраджэньня гэтай калёны — цэнтральнай кропкі сілы Францыі. Няхай плынь творчасьці праб'ецца скрозь напляставаньні бюракратычнай мерьцвячыны, што паралізавала культуру. Няхай зноў падымецца на п'едэстал мастацтва, якое даўно страчана ў гэтым горадзе», — напісаў Аляксей Кузьміч.
- 29 ліпеня Аляксей Кузьміч, вядомы сваімі палітычнымі пэрформансамі, зладзіў акцыю ў Францыі на магіле Вінсэнта ван Гога ў 139-ю гадавіну з дня сьмерці славутага мастака. Ён апрануў белы гарнітур, нанёс на твар белы грым, прыйшоў на могілкі з рыдлёўкай і пачаў раскопваць магілу ван Гога. Кузьміч назваў сваю акцыю Renaissance і абгрунтаваў яе тым, што «невыносна жыць у сьвеце, дзе скончыліся мастакі».
- 2 жніўня суд Пантуаза (прыгарад Парыжу) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. эўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зьняволеньня. 6 жніўня суд пакінуў Кузьміча ў СІЗА на 26 сутак. Мастак заявіў, што яго ўтрыманьне пад вартай не абгрунтаванае, што ягоныя правы парушаюцца, і абвясьціў галадоўку.
- 14 жніўня Мэлюнскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэньне аб дэпартацыі Аляксея Кузьміча ў Беларусь.
- 21 жніўня стала вядома, што Аляксей Кузьміч скончыў галадоўку ў ізалятары ў Францыі і выйшаў на волю. Улады Францыі абавязалі яго пакінуць краіну, аднак забарону на знаходжаньне ў Францыі зьнялі. Сам мастак заявіў, што ён зьлётае ў Польшчу, а пасьля вернецца ў Францыю.
- У лютым 2024 году Кузьміч быў эвакуаваны зь Беларусі фондам салідарнасьці BySоl, пасьля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі. Як мяркуецца, на яго заведзеная крымінальная справа.
Форум