Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кракаўскім унівэрсытэце расказалі, ці падоўжаць тэрмін прыёму дакумэнтаў для беларускіх абітурыентаў


Ягелёнскі ўнівэрсытэт
Ягелёнскі ўнівэрсытэт

Дадатковыя дакумэнты ў кракаўскай ВНУ сталі патрабаваць, бо Беларусь перарвала дамову з Польшчай у сфэры адукацыі. Рашэньні наконт абітурыентаў, якія не пасьпелі сабраць усе дакумэнты, будуць прымаць індывідуальна.

У чым праблема

Раней абітурыенты і іхныя бацькі расказалі Свабодзе аб праблемах, якія ўзьніклі ў іх пры паступленьні ў кракаўскі ўнівэрсытэт. З падобным сутыкнуліся і ў некаторых іншых ВНУ.

Сёлета ў беларускіх абітурыентаў у Польшчы сталі патрабаваць пацьверджаньне сапраўднасьці іхнага атэстату. Гэта можна было б вырашыць праз даведку зь Міністэрства адукацыі Беларусі, аднак там яе адмовіліся выдаваць.

Іншы спосаб — пацьвердзіць атэстат у польскім кураторыюме асьветы (аналяг беларускага аддзелу адукацыі). Аднак для гэтага трэба паказаць дзейную візу. Візы студэнтам выдаюць толькі ў верасьні. Пацьверджаньне ў кураторыюме асьветы робяць цягам 1,5-3 месяцаў. Гэта значыць, што студэнты, якія атрымаюць візу ў верасьні, не пасьпеюць пацьвердзіць атэстат да 26 верасьня.

Некаторыя польскія ўнівэрсытэты пагадзіліся пачакаць дакумэнты да канца кастрычніка або нават да канца сэместру. У Кракаве абітурыентам не абяцаюць пачакаць. Маладыя людзі нават стварылі адпаведную пэтыцыю да адміністрацыі вучэльні.

Чаму сталі вымагаць дадатковую даведку

Прадстаўнік прэс-службы Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве Каміль Сікора патлумачыў Свабодзе, чаму цяпер у беларускіх абітурыентаў просяць дадатковыя дакумэнты, а таксама што будуць рабіць з тымі, хто не пасьпее падаць увесь пакет да 26 верасьня, як таго вымагаюць правілы вучэльні.

Прадстаўнік Ягелёнскага ўнівэрсытэту пракамэнтаваў, што абітурыент мусіць падаць дакумэнт, які пацьвярджае, што чалавек мае права прэтэндаваць на вышэйшую адукацыю, што ён папярэдне скончыў іншыя ступені навучаньня.

Раней такімі дакумэнтамі маглі быць атэстат сярэдняй школы, пасьведчаньне аб заканчэньні ўстановы сярэдняй спэцыяльнай або прафэсійна-тэхнічнай адукацыі, якія выдалі ў Беларусі. Бо дзейнічала пагадзеньне паміж Беларусьсю і Польшчай пра ўзаемнае прызнаньне дакумэнтаў, датычных вышэйшай адукацыі, удакладніў Каміль Сікора.

Аднак, як нагадаў прадстаўнік Ягелёнскага ўнівэрсытэту, 3 лістапада 2023 году пагадненьне перастала дзейнічаць. Паводле польскага закону «Аб сыстэме адукацыі», пацьвердзіць, што пэўнае пасьведчаньне сапраўды дае права атрымаць вышэйшую адукацыю ў Польшчы можна «адміністрацыйным рашэньнем». Таму цяпер польскія вучэльні вымагаюць ад беларускіх абітурыентаў даведку з польскага кураторыюму асьветы (аналягу беларускіх аддзелаў адукацыі).

Ці дачакаюцца дакумэнтаў усіх студэнтаў

Прадстаўнік прэс-службы Ягелёнскага ўнівэрсытэту таксама адказаў, ці змогуць у вучэльні падоўжыць дэдлайн прыёму пакету дакумэнтаў, калі абітурыенты не пасьпеюць да 26 верасьня, як гэта вызначыў рэктар установы.

«Навучальны год пачынаецца 1 кастрычніка 2024 году, і гэта азначае, што ўнівэрсытэт абавязаны праверыць, ці асобы, якіх прынялі на навучаньне, могуць прыступаць да вучобы ў адпаведнасці з законам. Гэта датычыць усіх студэнтаў, якія пачынаюць навучаньне, у тым ліку грамадзян іншых краін», — пракамэнтаваў Сікора.

Ён адзначыў, што ў асобных выпадках, калі асобы, прынятыя на вучобу, да 26 верасьня заявяць пра цяжкасьці з падачай неабходных дакумэнтаў, «будуць прымацца індывідуальныя рашэньні з улікам сытуацыі кожнага чалавека, якога бяруць на вучобу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG