Томас Вайлер стаў ляўрэатам Ляйпцыскай кніжнай прэміі за найлепшы пераклад. Ён уганараваны за пераклад зь беларускай мовы кнігі «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзімера Калесьніка. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.
«Вось жа, дзьве з чатырох (!) найважнейшых кніжных прэмій выставы дасталіся сёлета беларускім кнігам у нямецкім перакладзе. І абедзьве пераклаў Томас Вайлер. Такога не бывала яшчэ ніколі ў гісторыі. Віншую майго дарагога перакладчыка!»
Напярэдадні сам Альгерд Бахарэвіч атрымаў прэстыжную прэмію Ляйпцыскага кніжнага кірмашу «За ўклад у эўрапейскае паразуменьне» на сцэне канцэртнай залі Ґевандгаўс. Аўтар выступіў з прамоваю з гэтай нагоды, якую перадала нямецкая тэлевізія ZDF.
Томас Вайлер (Thomas Weiler) — нямецкі літаратурны перакладчык з польскай, расейскай і беларускай моваў. Жыве ў Ляйпцыгу. Зь беларускай мовы пераклаў, сярод іншага, раман Альгерда Бахарэвіча «Сарока на шыбеніцы», вершы Уладзімера Арлова, Алеся Разанава, Веры Бурлак і інш.