Экзамэны здала пасьпяхова, але студэнткай ня стала
Ганна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) — абітурыентка зь Беларусі. Яна сёлета паступае ў Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве, адзін з самых прэстыжных польскіх унівэрсытэтаў.
«Паступленьне было ўвесну. Пацьверджаньне паступленьня ўжо ў нас ёсьць. Дакумэнты мы мусім прынесьці да канца верасьня. Гэта значыць, паступленьне вісіць на валаску», — расказвае дзяўчына.
Яна пасьпяхова здала іспыты і прайшла гутарку ў «Ягелёнку». Яна ўжо фактычна студэнтка. Аднак юрыдычна беларуска мусіць падаць у ВНУ стос дакумэнтаў. І з гэтым у яе праблемы. Дакладней, з адной паперай.
Сёлета Міністэрства адукацыі Беларусі перастала выдаваць даведку, якая пацьвярджае за мяжой, што беларускі атэстат праўдзівы і абітурыент сапраўды атрымаў сярэднюю адукацыю. Пра адмовы стала вядома сёлета ў траўні.
Раней такая даведка не была патрэбная, бо дзейнічала дамова Беларусі з Польшчай пра ўзаемнае прызнаньне дакумэнтаў аб вышэйшай адукацыі. Аднак у кастрычніку 2022 году беларускі бок разарваў яе пасьля 17 гадоў дзеяньня. Польшча тады стала патрабаваць ад беларускіх выпускнікоў дадатковых папер.
Праблемы настрыфікацыі
Сёлета польскі бок пайшоў насустрач беларускім абітурыентам. Ім дазволілі пацьвердзіць свой беларускі атэстат праз працэдуру настрыфікацыі ў Польшчы. Яе можна зрабіць, толькі калі чалавек падасьць свой атэстат, апастыль атэстату, вынікі цэнтралізаванага тэставаньня (ЦТ) або цэнтралізаванага экзамэну (ЦЭ) і... дзейную візу.
«Праблема ў тым, што (студэнцкую) візу выдаюць толькі зь верасьня. Камусьці, калі пашчасьціць, выдаюць у пачатку верасьня, камусьці ў сярэдзіне, а могуць нават пасьля 20-х дзён верасьня выдаць візу», — тлумачыць Ганна.
Настрыфікацыю, са словаў суразмоўцы, робяць цягам 2-3 месяцаў у польскіх кураторыюмах асьветы (аналяг беларускіх аддзелаў адукацыі). Гэта значыць, калі абітурыент атрымае візу ў верасьні і паедзе ў Польшчу праходзіць працэдуру настрыфікацыі атэстату, то ён атрымае пацьверджаньне атэстату ў лепшым выпадку ў канцы кастрычніка, у горшым — у сьнежні.
Ягелёнскі ўнівэрсытэт вызначыў дэдлайн падачы дакумэнтаў — да 26 верасьня. Хто не пасьпявае, таго не дапускаюць да навучаньня.
Патэнцыйна дакумэнты для настрыфікацыі можна перадаць у Польшчу раней за верасень празь іншага чалавека з генэральнай даверанасьцю, які ўжо мае візу. Але ў тэчцы дакумэнтаў на настрыфікацыю ўсё адно мае быць віза будучага студэнта.
Пакет дакумэнтаў стаў вядомы ў жніўні
Ганна дадае, што сьпіс неабходных дакумэнтаў цягам уступнай кампаніі зьмяняўся. У студэнцкім чаце ў ліпені актыўна абмяркоўвалі, ці неабходныя вынікі ЦТ/ЦЭ, або іх можна падаваць апцыянальна. Ганна кажа, што толькі ў жніўні ўпэўнілася, што вынікі ЦТ/ЦЭ абавязковыя, каб настрыфікаваць атэстат. Таксама ў жніўні паведамілі, што для настрыфікацыі неабходная дзейная віза.
«Многім людзям, у якіх была польская віза і якія падалі дакумэнты на настрыфікацыю (раней), патэлефанавалі з кураторыюму асьветы і сказалі: „Нам трэба ЦТ. Мы ня можам разглядаць ваш пакет дакумэнтаў без ЦТ, прыносьце“... То бок пастаянна зьмяняўся пакет дакумэнтаў», — тлумачыць яна.
Ганна не адна мае праблемы з паступленьнем. Яна ведае яшчэ сама меней 15 абітурыентаў, якія сутыкнуліся з падобнымі перашкодамі. Дзяўчына кажа, што з пачатку лета пісала ва ўнівэрсытэт з пытаньнямі пра пакет дакумэнтаў, а потым з просьбай, каб падоўжылі тэрмін падачы дакумэнтаў. Аднак, зь ейных словаў, ёй увесь час адказвалі, што пераносіць дэдлайн ня будуць.
Яна ведае, што ў некаторых польскіх унівэрсытэтах пагадзіліся пачакаць дакумэнты да канца кастрычніка, у іншых — да канца сэмэстру.
«Пасыпаліся адмовы ў візах»
Маці яшчэ адной абітурыенткі на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе, што ейная дачка сёлета скончыла школу. У яе былі вынікі ЦЭ і ЦТ. Аднак суразмоўца абураецца, што іх патрабуюць пры паступленьні, бо многія, хто, прыкладам, зьехаў за мяжу раней, ня могуць іх атрымаць. Гэтаксама яна абураецца і патрабаваньнем дзейнай візы для настрыфікацыі.
«Атрымаць візу можна не раней за 15 верасьня. Гэта пры найлепшым раскладзе. На просьбы разглядзець справу і даць станоўчы адказ без уліку візы з кураторыюму адказваюць: „Ня можам“. Таму амаль месяц пакет дакумэнтаў ляжыць там мёртвым грузам і яго, хутчэй за ўсё, вышлюць назад без разгляду», — абураецца маці абітурыенткі.
Яна кажа, што пісала лісты ў Ягелёнскі ўнівэрсытэт і прасіла пасунуць тэрмін падачы дакумэнтаў. Ёй адказалі, што трэба падаць дакумэнты да 26 верасьня. Аднак сям’я разумее, што да гэтага часу яны не пасьпеюць.
«Толькі ў канцы жніўня мы падаліся на візы. Раней не маглі „злавіць“ запіс. Але тут новая праблема. Раптам пасыпалася куча адмоваў у візах, і ў асноўным першакурсьнікам. Прычым з ідэальнымі дакумэнтамі. Усе ў такім шоку! У візавых цэнтрах самі не разумеюць, у чым справа. Параіць ніхто нічога ня можа. Часу няма», — эмацыйна тлумачыць суразмоўца.
Яна дадае, што дачка вучыла польскую мову тры гады, два гады падцягвала профільныя прадметы.
«Дзеці чакалі іспытаў і прайшлі гэтыя выпрабаваньні. Але, выглядае, іх чакае расчараваньне. Вельмі шкада дзяцей і бацькоў. Столькі высілкаў, грошай, нэрваў, часу і страчаных магчымасьцяў... Усё марна празь непаваротлівую бюракратычную машыну і неразуменьне моманту палітыкамі. Дзецям сапсавалі паступленьне. Як цяпер выехаць вучыцца, я ня ведаю», — дадала суразмоўца.
Пэтыцыя і моладзевая кампанія
Студэнт другога курсу Ягелёнскага ўнівэрсытэту Мікіта ўключыўся ў вырашэньне праблемаў беларускіх абітурыентаў. Паводле яго, ня меней за 20 чалавек сутыкнуліся са складанасьцямі пры паступленьні ў Ягелёнскі ўнівэрсытэт праз пакет дакумэнтаў.
Мікіта прадстаўляе адну з моладзевых арганізацый. Хлопец расказаў, што ў межах гэтай кампаніі дапамогі беларускім абітурыентам яны ў ліпені сустракаліся з маршалкам Сэнату (трэцяй асобай у кіраваньні дзяржавай), зьвярталіся да Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Суразмоўца кажа, што ў Сэнаце паставіліся да праблемы з разуменьнем, АПК таксама далучыўся да яе вырашэньня. Аднак дакладнага рашэньня не было. Са словаў Мікіты, працягваецца дзейнасьць працоўных групаў для вырашэньня гэтай праблемы.
Студэнты стварылі пэтыцыю, у якой просяць адміністрацыю Ягелёнскага ўнівэрсытэту падоўжыць тэрміны падачы дакумэнтаў. Па стане на 4 верасьня яе падпісалі 277 чалавек.
Форум