Паводле прэсавага рэлізу, працы на месцы затапленьня бронемашыны і пошук зьніклых салдат працягваюцца пакуль безвынікова.
27 сакавіка, гаворыцца ў заяве, амэрыканскія і літоўскі пэрсанал працягваў пошук і чатырох зьніклых бязь вестак салдат арміі ЗША і іх бронетранспарцёра M88 каля Падбродзьдзя (Pabradė) непадалёк ад беларускай мяжы ў Літве.
«Мы выкарыстоўваем усе даступныя рэсурсы ЗША і Літвы для каардынацыі і прадстаўленьня неабходных рэсурсаў для гэтых намаганьняў», — сказаў генэрал-маёр арміі ЗША Керціс Тэйлар, камандуючы 1-й бранятанкавай дывізіяй.
Паводле паведамленьня, інжынэры на месцы працуюць над стварэньнем насыпаў. Гэтыя бар’еры, пабудаваныя з бруду і пяску — прызначаныя для стварэньня замкнёнай вобласьці, зь якой можна адпампоўваць ваду і выграбаць твань, каб забясьпечыць да транспартнага сродку.
«З прычыны рэльефу мясцовасьці гэта неверагодна складаная інжынэрная праца. Каманда на месцы працуе над тым, каб выдаліць дастаткова вады і бруду, каб ратавальнікі маглі бясьпечна дабрацца да транспартнага сродку, стабілізаваць яго і атрымаць да яго доступ, — сказаў маёр Робін Брус, інжынэр 1-й бранятанкавай дывізіі. — Літоўскія і амэрыканскія інжынэры цяпер адпампоўваюць ваду і выкопваюць бруд з месца здарэньня, а таксама паляпшаюць навакольную тэрыторыю для падтрымкі цяжкага абсталяваньня... Каманда вывучае ўсе даступныя варыянты, каб паскорыць гэты працэс».
Салдаты, прыпісаныя да 1-й брыгадзе 3-й пяхотнай дывізіі, зьніклі бязь вестак з самай раніцы 25 сакавіка падчас выкананьня місіі па тэхнічным абслугоўваньні для аднаўленьня яшчэ аднаго транспартнага сродку арміі ЗША ў навучальным раёне падчас плянавых вучэньняў падраздзяленьня. Пошукавыя працы, гаворыцца ў паведамленьні, працягваюцца безь перапынку.
Форум