Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПК зьвернецца да ўладаў Польшчы ў сувязі з сытуацыяй зь беларускімі абітурыентамі


Брама Варшаўскага ўнівэрсытэту. Ілюстрацыйнае фота
Брама Варшаўскага ўнівэрсытэту. Ілюстрацыйнае фота

Аб’яднаны пераходны кабінэт накіруе запыты на сустрэчы ў Міністэрствах вышэйшай адукацыі і замежных справаў Польшчы для «абмеркаваньня магчымага выхаду з сытуацыі», зьвязанай з абітурыентамі зь Беларусі.

Пра гэта было заяўлена 3 верасня на пасяджэнні АПК, паведамляе яго прэс-служба.

Прадстаўніца Кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык паведаміла аб «праблеме пераадоленьня цяжкасьцяў», якія ўзьніклі ў беларускіх абітурыентаў польскіх ВНУ ў сувязі з патрабаваньнем «падаць пры паступленьні, акрамя дыплёму, яшчэ і актуальныя вынікі ЦТ зь Беларусі».

Летась такое патрабаваньне да беларусаў не выстаўлялася, а было дастаткова атэстату, адзначаецца ў паведамленьні.

«Цяпер высьвятляецца, чаму ўзьнікла такое патрабаваньне, празь якое зьявіліся праблемы ў тысяч абітурыентаў, якія павінны пацьвердзіць атэстаты аб адукацыі ў Беларусі да 26 верасьня», — зазначае АПК.

Аб праблеме 29 жніўня паведаміў «Белсат».

25 кастрычніка 2022 году ўрад Беларусі скасаваў пагадненьне аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі з Польшчай. Пасьля гэтага беларускія абітурыенты пацьвярджалі польскім ВНУ атрыманьне сярэдняй адукацыі рознымі спосабамі: рабілі апастылі, пераклады, спрабавалі атрымаць дублікаты дакумэнтаў у беларускіх адукацыйных установах.

У траўні 2024 году Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацьвярджаюць легальнасьць атэстатаў. Такія даведкі патрабавалі ў тым ліку польскія ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян на навучаньне.

Пазьней стала вядома, што Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу нават тых даведак, якія б маглі даказаць, што школа, якую абітурыент скончыў, мае акрэдытацыю (такі дакумэнт таксама просяць польскія ВНУ).

7 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў заканадаўчыя акты аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія апроч іншага спрашчаюць прызнаньне беларускіх дакумэнтаў аб адукацыі.

У прыватнасьці, сказана, што атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненьне аб узаемным прызнаньні атэстатаў і іншых выдадзеных за мяжой дакумэнтаў, можа быць пацьверджаны ў Польшчы.

Аднак беларускія абітурыенты сутыкнуліся з тым, што ў іх пачалі патрабаваць вынікі праведзенага ў краіне цэнтралізаванага тэставаньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG