Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» даведаліся падрабязнасьці праекту «Youtube Лукашэнкі»


Ірына Акуловіч, гендырэктарка БЕЛТА
Ірына Акуловіч, гендырэктарка БЕЛТА

У канцы траўня 2024 году зьявілася навіна, што ў Беларусі зьбіраюцца стварыць уласную мэдыяпляцоўку, аналяг Youtube, але толькі для дзяржаўных СМІ.

У канцы 2023 году «Кібэрпартызаны» атрымалі доступ ва ўнутраную сетку БЕЛТА. Дасьледчыкі азнаёміліся з тым, як праходзілі першыя этапы падрыхтоўкі праекту.

Як прапагандысты сабраліся абыходзіць блякаваньні сваіх відэа? Якія сумы на гэта гатовы патраціць рэжым Лукашэнкі? Якія вядомыя IT-кампаніі вялі перамовы аб распрацоўцы парталу? Ці рыхтуюцца ў Беларусі да блякаваньня Youtube?

Пра гэта — у дасьледаваньні «Кібэрпартызанаў».

Навошта Лукашэнку свой Youtube?

Інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА на загад Лукашэнкі занялося праектам беларускага відэасэрвісу на пачатку 2023 году. Там зьбіраюцца разьмяшчаць матэрыялы дзяржаўных мэдыя.

Паводле ўнутранага дакумэнту, здабытага «Кібэрпартызанамі», разьмяшчэньне відэакантэнту на партале Youtube робіць дзяржаўны беларускі мэдыясэгмэнт уразьлівым. Таму, паводле аўтараў дакумэнту, неабходна стварыць уласны рэсурс, дзе матэрыялы захоўваліся б увесь час і заўсёды былі даступныя.

Апошнія некалькі гадоў на парталах Youtube і Facebook сапраўды блякуюць многія каналы і акаўнты, зь якіх вядзецца адкрытая падтрымка рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. У 2021 годзе на Youtube заблякавалі відэа з выступам Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Перамогі 9 траўня.

На якую колькасьць гледачоў разьлічваюць беларускія ўлады?

Што да папулярнасьці партала, на якім будуць усе асноўныя дзяржаўныя мэдыя, то ў першы год разьлічваюць максымум на 3 тысячы наведнікаў адначасова. А на другі год — ня больш за 20 тысяч адначасовых падключэньняў і да 50 тысяч падчас грамадзка значных падзей.

З працоўнай перапіскі супрацоўнікаў БЕЛТА відаць, што на першых этапах абмеркаваньня праекту прапаноўвалася назва дзяржаўнага відэагостынгу на беларускай мове. Аднак, на думку гендырэктара БЕЛТА Ірыны Акуловіч, гэта дрэнна адбіваецца на пошукавых запытах. Магчыма, таму спыніліся на працоўнай назьве «Видео.бел».

Якім IT кампаніям прапаноўвалі паўдзельнічаць у праекце?

Каб знайсьці выканаўцу, з другой паловы 2023 году супрацоўнікі БЕЛТА пачалі рассылаць запыты ў многія профільныя арганізацыі Беларусі і Расеі.

Асабліва зацікавіліся праектам у кампаніях «Софтэк Лаб», «Telebreeze», «Онтид Софт», «Студио Инфолио». Іх прадстаўнікі даслалі камэрцыйныя прапановы па рэалізацыі мэдыясэрвісу на базе сваіх магчымасьцяў.

У той жа час кіраўніцтва БЕЛТА актыўна вяло перамовы аб супрацоўніцтве па праекце зь дзьвюма кампаніямі: ААТ «ИнДев Солюшенс» і правайдэрам «А1».

Кампанія «ИнДев Солюшенс» атрымала рэгістрацыю ў сьнежні 2022 году. Ужо ў першыя некалькі месяцаў пасьля старту яна пачынае супрацоўнічаць зь вядучымі ВНУ краіны і Міністэрствам аховы здароўя, а таксама становіцца рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій.

Дырэктар «ИнДев Солюшенс» — Алег Белякоў, былы супрацоўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі Лукашэнкі (ААЦ).

Паводле юрыдычнага адрасу на сайце «ИнДев Солюшенс», кампанія месьціцца ў тым жа будынку, што і «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам» пад кіраваньнем ААЦ.

Пасаду намесьніка гендырэктара ў інфармацыйных тэхналёгіях у «ИнДев Солюшенс» займае былы супрацоўнік ААЦ Сяргей Судакоў.

Перамовы з А1

У «дарожнай мапе» на распрацоўку відэагостынгу для рэспубліканскіх тэлеканалаў фігуруе і беларуская даччыная кампанія аўстрыйскага правайдэра А1.

Згодна з працоўнай перапіскай супрацоўнікаў БЕЛТА, перамовы аб сумеснай рэалізацыі праекту вяліся з пачатку лета 2023 году. А менавіта — з намесьнікам гендырэктара па лічбавых плятформах і кантэнце А1 Антонам Бладзікам (цяпер пакінуў пасаду), які раней працаваў у якасьці галоўнага спэцыяліста ў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі.

Запуск і абслугоўваньне відэагостынгу на працягу году прадстаўнікі А1 папярэдне ацанілі ў 600–700 тысячаў даляраў, калі браць гатовае рашэньне на базе праграмнага забесьпячэньня «Вока».

Аднак ужо празь месяц абмеркаваньняў выдаткі былі істотна скарэктаваныя ў большы бок. Супрацоўнікі БЕЛТА ацанілі суму, неабходную для запуску і эксплюатацыі мэдыяплятформы ў першы год, прыкладна ў 1,5–2 мільёны даляраў, а штогадовыя выдаткі, пачынаючы з другога году, — прыкладна ў 1 мільён даляраў.

Мяркуючы па дадзеных з сайту дзяржаўных закупак, у лютым і сакавіку 2024 году агенцтва БЕЛТА паспрабавала правесьці адкрытыя конкурсы на паслугу прадастаўленьня сэрвісу відэавяшчаньня.

З парталу дзяржзакупак вынікае, што А1 брала ўдзел у конкурсах. Канкурэнцыю вядомаму правайдэру склала ТАА «Мэдыятэк», чыю заяўку камісія па закупцы адхіліла.

Паколькі ўлетку сёлета гендырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч упэўнена паабяцала, што дзяржаўны відэапартал пачне працаваць ужо з канца жніўня, можам выказаць здагадку, што выканаўцу для праекту знайшлі.

Ці рыхтуюцца да адключэньня Youtube у Беларусі?

«Кібэрпартызанам» не вядомыя дакумэнты ці пляны, якія б гэта пацьвярджалі. Але, паводле іх, цалкам адмаўляць такую магчымасьць нельга. Беларусы ўжо сутыкнуліся з праблемамі пры загрузцы сэрвісу ў навагоднюю ноч — тады Youtube у Беларусі не загружаўся цягам 20 хвілін.

Паводле іх ацэнкі, стварэньне асобнага відэарэсурсу для дзяржаўных СМІ Беларусі накіраванае ў асноўным на тое, каб пазьбегнуць блякаваньня іх кантэнту. Але ці стануць пры гэтым масава карыстацца такой пляцоўкай беларусы, выклікае сумневы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG