У 2023 годзе Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 3388 рэсурсаў і іх «люстэркаў», якія ўлады называюць «дэструктыўнымі». Такую лічбу агучыў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Пярцоў, піша БелТА.
Акрамя рэсурсаў па продажы наркотыкаў і распаўсюдзе парнаграфіі, паводле Пярцова, летась былі заблякаваныя і рэсурсы, якія «рэкрутуюць і расказваюць пра розныя экстрэмісцкія фармаваньні».
«Гэта і прапагандысцкія дэструктыўныя экстрэмісцкія рэсурсы, і шматлікія праявы ў інтэрнэце мэдыяпадобных, так званых, мімікруючых пад журналістыку аўтараў, якія выконваюць сваю функцыю ўзьдзеяньня на нявызначаныя, ляяльныя колы нашай аўдыторыі або такія, якія думаюць крыху інакш», — дадаў чыноўнік.
- 8 красавіка Аляксандар Лукашэнка прызначыў былога міністра інфармацыі Беларусі Ўладзімера Пярцова намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі і падчас прызначэньня заявіў, што «ідэалягічная праца сёньня выходзіць на першы плян», і загадаў Пярцову «падцягнуць, прывесьці ў парадак усе СМІ», дадаўшы, што цяпер у СМІ «ідзе інфармацыйная вайна».
- Інфармацыйнай вайной Лукашэнка апошнім часам называе любую інтэрпрэтацыю падзеяў у Беларусі, якая не стасуецца з афіцыйнай дзяржаўнай прапагандай.
- У Беларусі не засталося незалежных СМІ, большая частка зь іх была разгромленая і вымушана працуе за мяжой.
- Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на цяперашні момант за кратамі ў Беларусі застаюцца 37 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум