Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад AFP да Spiegel і El País: у Расеі заблякуюць сайты больш як 80 замежных СМІ, у тым ліку найбуйнейшых эўрапейскіх


Сьцяг Эўрапейскага Зьвязу ў атрыюме падчас саміту ЭЗ у будынку Эўрапейскай рады ў Брусэлі, 17 чэрвеня 2024 году.
Сьцяг Эўрапейскага Зьвязу ў атрыюме падчас саміту ЭЗ у будынку Эўрапейскай рады ў Брусэлі, 17 чэрвеня 2024 году.

У Міністэрстве замежных спраў РФ заявілі пра абмежаваньне ў Расеі з 25 чэрвеня доступу да сайтаў 81 эўрапейскага выданьня. Гэтыя выданьні «сыстэматычна распаўсюджваюць недакладную інфармацыю пра ход спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так Крэмль патрабуе называць вайну, якую ён вядзе ва Ўкраіне).

У зьнешнепалітычным ведамстве РФ заявілі, што рашэньне стала «крокам у адказ» на дзеяньні Рады Эўразьвязу, якая 24 чэрвеня пастанавіла заблякаваць на тэрыторыі ЭЗ сайты чатырох расейскіх СМІ: прапагандысцкага Voice of Europe, дзяржагенцтва РІА «Новости», а таксама «Известий» і «Российской газеты».

Пад блякаваньне ў Расеі падпадуць сайты выданьняў з 25 краін ЭЗ, у тым ліку Нямеччыны, Францыі, Гішпаніі, Італіі, Чэхіі, Швэцыі, Польшчы, Фінляндыі, Мальты, Ірляндыі, а таксама агульнаэўрапейскіх СМІ.

Сярод эўрапейскіх СМІ, якія падпалі пад забарону ў РФ, значацца:

  • Der Spiegel
  • El Mundo
  • El País
  • La Stampa
  • La Repubblica
  • тэлекампанія RAI (Італія)
  • Radio France
  • Die Zeit
  • Frankfurter Allgemeine Zeitung (faz.net)
  • Дзяржаўнае тэлебачаньне Гішпаніі Televisión Española
  • Тэлеканал Belsat
  • Irish Times
  • Helsingin Sanomat
  • Le Monde
  • Agence France-Presse
  • Politico
  • Euobserver
  • літоўскае агенцтва LRT
  • эстонская вэрсія парталу Delfi
  • дзяржтэлерадыёкампанія ORF з Аўстрыі
  • Česká televize
  • інтэрнэт-партал Seznam Zprávy
  • славацкі партал Denník N

«У выпадку, калі абмежаваньні адносна расейскіх СМІ будуць зьнятыя, расейскі бок таксама перагледзіць сваё рашэньне адносна згаданых мэдыяапэратараў», — заявілі ў МЗС РФ.

У сярэдзіне траўня сёлета Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне аб прыпыненьні вяшчаньня згаданых расейскіх мас-медыя на сваёй тэрыторыі.

«Гэтыя СМІ знаходзяцца пад пастаянным прамым або ўскосным кантролем кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі і адыгрываюць важную ролю ў прасоўваньні і падтрымцы агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, а таксама ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў суседніх краінах», — гаварылася ў паведамленьні Рады ЭЗ.

Пры гэтым у Радзе ЭЗ адзначылі, што, нягледзячы на забарону вяшчаньня, прынятая мера ня будзе перашкаджаць супрацоўнікам названых СМІ «ажыцьцяўляць дзейнасьць у ЭЗ, у тым ліку праводзіць дасьледаваньні і браць інтэрвію».

Раней Радыё Свабода паведамляла, што, нягледзячы на ўведзеныя ў сакавіку 2022 году санкцыі ЭЗ, у краінах Эўразьвязу працягваюць сваё вяшчаньне пракрамлёўскія рэсурсы Russia Today і Sputnik.

Паводле зьвестак журналістаў, у Эўразьвязе з 2022 году заблякаваныя рэсурсы названых СМІ толькі на расейскай мове. Таксама ў ЭЗ недаступная амэрыканская вэрсія сайту Russia Today. У той жа час амаль праз два гады пасьля ўведзеных ЭЗ супраць RT і Sputnik санкцый абодва рэсурсы па-ранейшаму вяшчаюць у эўрапейскіх краінах на шасьці мовах: ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, арабскай і сэрбскай.

Вяшчаньне Russia Today на нацыянальных мовах было забаронена ў Нямеччыне, Польшчы і краінах Балтыі незадоўга да пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. У Нямеччыне забарону трансьляцыі RT патлумачылі адсутнасьцю ліцэнзіі на вяшчаньне, Польшча і балтыйскія краіны адклікалі ў RT ліцэнзію з уласнай ініцыятывы. У сакавіку 2022 году ліцэнзію на вяшчаньне гэтага СМІ адклікалі ў Вялікай Брытаніі.

  • У сьнежні 2022 году ў рамках дзявятага пакета антырасейскіх санкцый ЭЗ ініцыяваў прыпыненьне ліцэнзій на вяшчаньне ў Эўропе расейскіх каналаў НТВ/НТВ «Мир», «Россия-1», РЕН-ТБ і Першага каналу.
  • Раней у гэтым месяцы Сейм Літвы канчаткова забараніў трансьляцыю беларускіх і расейскіх тэлерадыёканалаў. Забарона будзе дзейнічаць цягам усяго часу, пакуль Расея і Беларусь зьяўляюцца пагрозай для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
  • Сейм Літвы ўдакладніў палажэньні закону, які забараняе рэтрансьляваць і распаўсюджваць праз інтэрнэт радыё- і тэлепраграмы, створаныя, наўпрост ці ўскосна кіраваныя, кантраляваныя або фінансаваныя Расеяй і Беларусьсю — дзяржавамі, вызначанымі як пагроза для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
  • Як адзначаецца на афіцыйным сайце літоўскага парлямэнту, зьмены ў закон аб публічнай інфармацыі падтрымалі 99 дэпутатаў, тры ўстрымаліся, а супраць не прагаласаваў ніводзін дэпутат.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG