Сьцісла:
- Праз страх адбываецца вяртаньне грамадзтва ў стан апатыі, апалітычнасьці, бязвольнасьці і поўнага паслушэнства: менавіта гэта патрэбна дыктатару для таго, каб адчуваць сябе асабіста і сыстэму сваёй аднаасобнай улады ў бясьпецы.
- Ператварэньне ў паўнавартасную дыктатуру, якое пачалося ў Беларусі ўвесну 2021-га і працягваецца дагэтуль, не магло адбыцца без ухваленьня Масквы, а можа, і безь яе настойлівай рэкамэндацыі ці нават загаду.
- У расейскім грамадзтве існуе запатрабаваньне на вяртаньне да таго спакойнага разьмеранага і значна больш свабоднага жыцьця, якое было ў краіне на пачатку нулявых. Калі гэты працэс пасьля спыненьня баявых дзеяньняў пачнецца ў Расеі, ён немінуча адаб’ецца і на Беларусі: так адбывалася заўсёды на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў.
- Заканчэньне вайны і ягонае асабістае «трыюмфальнае перавыбраньне» на чарговы тэрмін могуць стаць для Лукашэнкі моцнымі заспакаяльнымі лекамі, эфэкт ад якіх здольны прыкметна адбіцца на сытуацыі ўнутры Беларусі, прынамсі ў тым, што датычыць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня новых палітычных «пасадак».
Адметныя рысы грамадзкай атмасфэры, якая пануе ў сёньняшняй Беларусі — насьцярожанасьць, недавер, трывога, страх. Іх можна адчуць на кожным кроку: у тым, як раптам спыняе размову твой знаёмы, калі гаворка заходзіць на каляпалітычныя тэмы; як ліхаманкава вычышчае смартфон выпадковы спадарожнік перад праходжаньнем беларускай мяжы; як старанна падбірае словы настаўнік, калі спрабуе адказаць на пытаньне вучня з палітычным падтэкстам... Нават дзіўна ўспамінаць, як чатыры гады таму твары гэтых самых людзей на тых самых вуліцах зьзялі ад прадчуваньня блізкай свабоды, якая тады здавалася такой блізкай, а часам нават непазьбежнай.
Пакаленьне траўмаваных 2020 годам напрацоўвае ўласны досьвед жыцьця ва ўмовах паўсюднага і штодзённага страху перад таталітарнай дзяржавай. Іхныя бацькі такога досьведу ня мелі. Драматычныя ці трагічныя гісторыі сярэдзіны мінулага стагодзьдзя захоўваліся ў сямейных архівах хіба што ў выглядзе лістоў ці дзёньнікаў дзядоў і прадзедаў, якіх ужо пераважна няма на гэтым сьвеце. Наўрад ці нехта з маладых да нядаўняга часу надта сур’ёзна ўспрымаў той досьвед продкаў, якім давялося выжываць у сталінскую эпоху. І раптам менавіта яны апынуліся ў сытуацыі, якая раней здавалася далёкай мінуўшчынай, старонкай з падручніка гісторыі.
Адметна, што спосабы прыстасаваньня да новай рэальнасьці з часоў Сталіна зьмяніліся мала: максымальна адмежавацца ад палітыкі; не гаварыць, не пісаць на палітычныя тэмы; сысьці ў прыватнае жыцьцё, ва «ўнутраную эміграцыю».
«Вандэя перабудовы»
Можна толькі здагадвацца, як доўга яшчэ будзе адгукацца траўматычны досьвед 2020-га і наступных гадоў палітычных рэпрэсій, якія балюча закранулі дзесяткі тысяч беларускіх сем’яў. У канцы 80-х, у гады гарбачоўскай перабудовы і галоснасьці, мне ня раз даводзілася сутыкацца з сытуацыяй, калі колішнія вязьні ГУЛАГу катэгарычна адмаўляліся апавядаць пра свае лягерныя ўспаміны і абставіны арышту на дыктафон, аргумэнтуючы гэта прыблізна так: «Няўжо вы не разумееце, што ўсё тое можа вярнуцца?». У той час гэта фраза здавалася абсурдам, хворымі фантазіямі глыбока траўмаваных людзей. Цяпер ужо так не здаецца.
Цяперашні страх, бадай, падобны да таго, які перажывалі папярэднія пакаленьні — у сталінскую і пасьлясталінскую эпоху. І пазбаўленьне ад яго будзе даўгім і балючым. Асабліва для тых, хто сам прайшоў праз засьценкі ГУБАЗІКу і праз турэмныя ўнівэрсытэты лукашэнкаўскага рэжыму.
На гэты працэс могуць накласьціся яшчэ і асаблівасьці нацыянальнага характару беларусаў. Старэйшыя людзі памятаюць: у канцы 80-х пазбаўленьне ад страху ў Беларусі адбывалася значна павальней, чым у суседзяў. Ідэі перабудовы, галоснасьці, лібэралізацыі не сустракалі тут такога масавага энтузіязму і эўфарыі, як, напрыклад, у Маскве ці ў тагачасных рэспубліках савецкай Прыбалтыкі. Звычайна ўсё сьпісвалася на кансэрватызм, замшэласьць мясцовай бюракратыі.
Зь лёгкай рукі Алеся Адамовіча ў канцы 1988-га за Беларусьсю нават замацавалася мянушка «Вандэя перабудовы», апірышча рэакцыі і супраціву ўсім прагрэсіўным пераўтварэньням. Тады гэта выглядала менавіта так. Хоць сёньня, з дыстанцыі дзесяцігодзьдзяў, усё тое бачыцца крыху інакш. Справа яўна была ня толькі ў настроях бюракратыі. А яшчэ і ў прыроднай асьцярожнасьці, абачлівасьці беларусаў, а таксама ў глыбокім генэтычным страху тых пакаленьняў, якія на ўласнай скуры адчулі ўсе адметнасьці таталітарных рэжымаў.
Маскоўская гравітацыя
Цяжка ўявіць, што колькі-небудзь істотныя палітычныя зьмены ў Беларусі могуць адбыцца без удзелу і ўплыву Расеі. Гэта вялізная гравітацыйная сіла велізарнага суседа зусім не аслабла ў параўнаньні зь мінулым стагодзьдзем. Масква пры ўсёй аўтаномнасьці Лукашэнкі і цяпер застаецца для яго арыентырам у рэпрэсіўнай унутранай палітыцы.
Не заўсёды гэтая гравітацыйная сіла Масквы была са знакам «мінус». Хвалі перабудовы і галоснасьці, якія накрывалі Беларусь у канцы 80-х і на пачатку 90-х, ішлі менавіта з Расеі. І ў другой палове 90-х, калі Лукашэнка раз за разам паўтараў спробы ўсё больш шчыльнага зацісканьня гаек унутры Беларусі, ельцынская Расея (непараўнальна больш лібэральная за тагачасную Беларусь) служыла пэўным засьцерагальнікам. Туды можна было ўцячы ад арышту, аддрукаваць наклад забароненай ў Беларусі газэты, знайсьці працу, калі цябе звольнілі з палітычных прычынаў у Беларусі.
Вяртаньне ў паўнавартасную дыктатуру, якое пачалося ўвесну 2021-га і працягваецца дагэтуль, таксама не магло адбыцца без блаславеньня Масквы, а можа, і безь яе настойлівай рэкамэндацыі ці нават загаду. Пуцін на пачатку 2021-га ўжо на ўсю моц рыхтаваўся да вайны. У гэтую арбіту быў уцягнуты і самы блізкі саюзьнік — Лукашэнка. Яшчэ ў сьнежні—студзені 2021-га, калі канчаткова сьціхлі пратэсты, у Беларусі нішто не паказвала на тое, што краіну чакаюць новыя ўзрушэньні. Лукашэнка публічна заклікаў да грамадзянскага прымірэньня («перагорнем старонку»), практычна спыніліся палітычныя арышты і пагромы. Але ўжо ўвесну раптам пачулася: «Мы ім гэтага дараваць ня можам» і загады распачаць «татальную зачыстку». Крыху пазьней прыблізна тое ж распачалося і ў Расеі. Магчыма, Беларусь стала для Пуціна выпрабавальным палігонам для ягонага ўласнага «зацісканьня гаек» унутры РФ.
У кожным разе, нават калі гэта была ініцыятыва включна Пуціна, Лукашэнка яе з гатоўнасьцю падтрымаў. І цяпер часта бяжыць нават паперадзе пуцінскага паравоза: маштаб палітычных рэпрэсій, глыбіня вынішчэньня структур грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ ў сёньняшняй Беларусі прыкметна перасягаюць расейскія маштабы.
Выбары як сьвята
У апошнія гады Лукашэнка ўсё часьцей бывае ў родных мясьцінах, на Шклоўшчыне. Недалёка ад ягонай роднай вёскі, у Балбасаве, нават мадэрнізавалі аэрадром і абсталявалі ўзьлётна-пасадачную паласу для «Боінга», каб яму зручна і хутка было туды дабірацца. І працоўныя паездкі ўсё часьцей пралягаюць недзе ў ваколіцах Шклова і Александрыі. Пастарэлы Лукашэнка ня раз прызнаваўся, што яго цягне туды, да вытокаў, што там ён чэрпае сілы і здароўе.
У мінуўшчыну ён выпраўляецца ня толькі сам. У палітыцы Лукашэнкі шмат што можна растлумачыць ягоным асабістым жыцьцёвым досьведам. Гады сталеньня будучага прэзыдэнта прыпалі на канец 60-х — пачатак 70-х. Што гэта была за эпоха? Раньні Брэжнеў. Калгасная вёска марудна выпаўзае з галечы, хоць жыве пакуль цяжка. Дастаткова сказаць, што яшчэ нават у канцы 60-х ня ўсе вёскі ў Беларусі былі электрыфікаваныя (людзі жылі пры газьніцах, без тэлевізараў і без бытавой тэхнікі). Палітычных рэпрэсій ужо няма, «варанкі» па начах не прыяжджаюць. Але страх у грамадзтве жывы. Тыя, каму пашанцавала выжыць у ГУЛАГу, яшчэ зусім нядаўна вярнуліся дахаты. У вёсцы такія гісторыі ўсе ведаюць, цішком пераказваюць адзін аднаму, у сем’ях. Час нібыта зьмяніўся, але адчуваньня свабоды няма. Наўрад ці магло быць па-іншаму ў грамадзтве, якое на працягу многіх мінулых дзесяцігодзьдзяў жыло ў атмасфэры тэрору і страху. Людзі пра палітыку стараюцца проста не гаварыць, асабліва з малазнаёмымі. Адчуваньне небясьпекі зьнікае, але ўпэўненасьці ў тым, што ўсё ня можа ў любы момант вярнуцца і паўтарыцца, няма. Улада заахвочвае гэту адасобленасьць і грамадзкую абыякавасьць людзей.
Імя Сталіна і Хрушчова выкрасьлена з падручнікаў, ня згадваецца ў газэтах і на радыё. Тую змрочную мінуўшчыну спрабуюць засланіць яркімі дэкарацыямі бесьперапынных сьвяткаваньняў. 50-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, 100-годзьдзе Леніна, 50-годзьдзе СССР — усё гэта адзначаецца шырока, урачыста, на працягу многіх тыдняў і месяцаў, нейкімі бясконцымі сходамі, канцэртамі, агітбрыгадамі і «працоўнымі вахтамі». У сьвяточныя цырымоніі ператварыліся і «выбары». У тагачаснай вёсцы гэта адчувалася асабліва выразна. Людзі ў дзень галасаваньня з раніцы цягнуліся ў сьвяточна ўпрыгожаную дзеля такога выпадку школу ці клюб, дзе гучала музыка, а ў буфэце былі таннае віно, гарэлка і дэфіцытныя ў той час каўбаса, цукеркі і марозіва (якое ў вёску тады ўвогуле вельмі рэдка трапляла). Чые імёны былі ў бюлетэнях і чым скончылася галасаваньне, пра гэта ўвогуле ніхто ні з кім не размаўляў: усё было вядома загадзя і ўспрымалася як само сабой зразумелае.
Да гэтага вобразу выбараў «як сьвята», якое ўлада «дорыць людзям», Лукашэнка няспынна зьвяртаўся перад кожнай выбарчай кампаніяй на працягу ўсіх трыццаці гадоў свайго прэзыдэнцтва. Нават у 2020-м, у дзень галасаваньня, гаварыў менавіта пра гэта:
«Мяне, шчыра кажучы, замілоўвае, калі з маленькімі дзеткамі прыходзяць. Разумееце, гэта сьвята», — казаў ён 9 жніўня 2020 года, наракаючы на тое, што хтосьці «пад кіраўніцтвам з-за мяжы» намагаецца «гэтае сьвята сапсаваць».
Чуйна ўлавіўшы гэты датклівы «пункцік» Лукашэнкі, пра савецкі ўзор выбараў як «традыцыйную каштоўнасьць» часта любяць паўтараць і набліжаныя да яго чыноўнікі, асабліва тыя, каго лічаць патэнцыйнымі пераемнікамі. Напрыклад, Натальля Качанава, сустракаючыся сёлета ў студзені з моладзьдзю, казала:
«Для мяне выбары — заўсёды сьвята, гэта магчымасьць аддаць голас за будучыню краіны».
І акцэнтавала ўвагу на тым, што на выбарчым участку павінна быць сьвяточная атмасфэра: буфэт, канцэртная праграма і г.д.
Калі ён урэшце супакоіцца?
Калі Лукашэнка спыніць каток палітычных рэпрэсій?
Здавалася б, ніякіх відавочных перашкод для гэтага няма. Грамадзтва надоўга застрашанае і траўмаванае, незалежныя мэдыя і структуры грамадзянскай супольнасьці вынішчаныя ці выціснутыя за мяжу. У гэтым сэнсе вяртаньне грамадзкай атмасфэры да стану ўмоўнага 1970 года амаль адбылося. Пра што ў сапраўднасьці думае большасьць тых беларусаў, якія не ўцяклі ад рэпрэсій за мяжу і працягваюць заставацца ў краіне, дакладна сёньня ня скажа ніводная сацыялягічная служба, нават калі ўявіць неверагоднае — што ёй дазволяць правесьці адпаведнае апытаньне. У кожным разе, ніякіх масавых ці нават адзінкавых пратэстаў ад людзей у такім становішчы чакаць не выпадае. Выбары, якія павінны адбыцца ў 2025 годзе, напэўна ж, пройдуць, «як сьвята»: у стылі брэжнеўскіх часоў, з музыкай і буфэтамі на выбарчых участках і з трыюмфальнай перамогай усім вядомага кандыдата — усё, як ён хоча. Было б зусім лягічна меркаваць, што трыюмфальная перамога Лукашэнку ўрэшце супакоіць. Адметна, што апошнім часам у сваіх публічных выступах ён ня надта часта зьвяртаецца да тэмы палітвязьняў ці палітуцекачоў. А калі і згадвае іх, то без былой эмацыйнасьці, якая перапаўняла ягоныя тырады на гэту тэму ў першыя гады пасьля 2020-га.
Другая відавочная абставіна, якая можа спыніць каток рэпрэсій у Беларусі — заканчэньне ці спыненьне вайны ва Ўкраіне і наступная імаверная лібэралізацыя ў Расеі (з Пуціным ці безь яго). Гарачая фаза вайны ва Ўкраіне набліжаецца да фіналу: пра гэта ўсё больш прамых і ўскосных сыгналаў. Стомленасьць грамадзтва, вычарпаньне рэсурсаў (асабліва людзкіх), зацікаўленасьць эліт у вяртаньні да нармальнасьці — шмат што сьведчыць пра гэта. І апошнія абвастрэньні на франтах больш падобныя на жаданьне бакоў зафіксаваць як мага больш выгадныя стартавыя пазыцыі для перамоваў, чым на новую фазу зацяжной вайны. Вядома, будучыня пасьляваеннай Расеі хаваецца ў імгле няпэўнасьці і непрадказальнасьці. І ўсё ж у расейскім грамадзтве існуе яўнае запатрабаваньне на вяртаньне да таго спакойнага, мернага, упарадкаванага і значна больш свабоднага жыцьця, якое было ў краіне на пачатку нулявых. Калі гэты працэс пачнецца ў Расеі, ён немінуча адаб’ецца і на Беларусі: так адбывалася заўсёды на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў.
У кожным разе заканчэньне вайны і «трыюмфальнае перавыбраньне» на новы тэрмін у сукупнасьці могуць стаць для Лукашэнкі моцнымі заспакаяльнымі лекамі, эфэкт ад якіх здольны прыкметна адбіцца на сытуацыі ўнутры Беларусі. Прынамсі ў тым, што датычыць вызваленьня палітвязьняў і спыненьня новых палітычных «пасадак».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум