Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка, якіх магло ня быць. Як пачынаюцца і чым заканчваюцца бессэнсоўныя войны, што не былі непазьбежнымі


Уладзімір Пуцін, Карл Манэргейм, Уладзімір Зяленскі, каляж
Уладзімір Пуцін, Карл Манэргейм, Уладзімір Зяленскі, каляж

Доля Ўкраіны, як і Беларусі, — навучыцца ўжывацца з агрэсіўным і магутным суседам, для якога міжнародныя нормы і дамовы мала што значаць.

Сьцісла:

  • Украінскаму грамадзтву неўзабаве давядзецца сутыкнуцца з асэнсаваньнем прыкрага факту і паўстаць перад пытаньнем: дзеля чаго было прынесена столькі ахвяраў, калі вынікі замірэньня значна горшыя, чым тыя, якіх можна было дасягнуць і ў 2014-м, і ў 2015-м, і нават у сакавіку 2022 году — яшчэ без такой вялікай крыві?
  • Калі на пачатку 90-х гадоў разбураўся СССР, мала хто быў заклапочаны тым, што з прыніжанай, дэзарыентаванай і азлобленай Расеяй з высокай ступеньню імавернасьці можа адбыцца прыблізна тая ж гісторыя, што зь Нямеччынай пасьля Першай сусьветнай вайны.
  • Суіснаваньне з магутным і агрэсіўным суседам — цэлае мастацтва. У выпадку Фінляндыі, паміж тым момантам, калі яна абвясьціла аб сваім аддзяленьні ад Расеі, і канчатковым далучэньнем краіны да вайскова-палітычных структур Захаду мінула больш як стагодзьдзе.
  • Крутыя павароты гісторыі цэлых краін і кантынэнтаў часам цалкам залежаць ад волі некалькіх (ці нават адной) асобы. Зьяўленьне і Пуціна, і Лукашэнкі не было непазьбежным.

Абрысы будучага расейска-ўкраінскага замірэньня становяцца ўсё больш выразнымі. Выглядае, што зьнясілелі і стаміліся ад бясплённай і крывавай вайны ўжо ўсе — і Кіеў, і Масква. І Захад, які заклапочаны ўласнай бясьпекай і вымушаны траціць многія дзясяткі і сотні мільярдаў даляраў на дапамогу Ўкраіне і цярпець вялізныя эканамічныя страты. Вялікай перамогі на гарызонце не відаць ні для аднаго з бакоў. Хутчэй, насьпявае вялікая нічыя: Кіеў ня здольны адваяваць усе захопленыя Расеяй тэрыторыі; Масква ня мае сілы, каб працягваць наступ і заглынуць Украіну цалкам; Захад найбольш заклапочаны тым, каб не давесьці канфлікт да Трэцяй сусьветнай вайны.

Украінскаму грамадзтву неўзабаве давядзецца сутыкнуцца з асэнсаваньнем прыкрага факту і паўстаць перад пытаньнем: дзеля чаго было прынесена столькі ахвяраў (сотні тысяч загінулых, мільёны ўцекачоў, зьнішчаныя гарады і вёскі) калі вынікі замірэньня значна горшыя, чым тыя, якіх можна было дасягнуць і ў 2014-м, і ў 2015-м, і нават у сакавіку 2022 году — яшчэ без такой вялікай крыві? Ці можна было пазьбегнуць усяго гэтага бессэнсоўнага ўзаемнага зьнішчэньня? І чаму пазьбегнуць не ўдалося?

Калі б не было Пуціна

Хто вінаваты ў тым, што адбываецца сёньня ў нашай частцы кантынэнту? На першы погляд, адказ відавочны: вядома ж, той, хто ўварваўся ва Ўкраіну, парушыўшы ўсе міжнародныя нормы і дамовы, Пуцін. Дыктатар, апанаваны імпэрскімі амбіцыямі і гатовы дзеля гэтага пайсьці на канфлікт з усім свабодным сьветам. Міжнароднае права, законы маралі і справядлівасьці — усё на баку ахвяры агрэсіі. Пытаньне ў тым, хто здольны навесьці гэты парадак, паставіць парушальніка на месца, калі на другім баку — дыктатар адной з самых вялікіх краін сьвету з магутнай арміяй? Калі нават у Югаславіі і Іраку міжнароднай супольнасьці даводзілася наводзіць парадак з такім вялізнымі цяжкасьцямі і стратамі, то што казаць пра Расею? Тэарэтычна кожная краіна мае поўнае сувэрэннае права, у якія ваенныя саюзы ўступаць, з кім сябраваць і якую ўнутраную палітыку праводзіць. У рэальнасьці суіснаваньне ў суседзтве з такімі краінамі, як Расея, — асаблівы выпадак, у якім на пісаныя міжнародныя законы і дамовы можна разьлічваць толькі ўмоўна.

Ахвяры расейскай агрэсіі ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. 2 красавіка 2022
Ахвяры расейскай агрэсіі ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. 2 красавіка 2022

Калі з 2014-га па 2022 год украінскі бок упарта і пасьлядоўна адрынаў магчымасьці кампрамісу з Расеяй, то разьлік быў на тое, што, па-першае, Пуцін не наважыцца на вялікую вайну; а па-другое, у выпадку неабходнасьці заходнія саюзьнікі ўмяшаюцца ў канфлікт і паставяць агрэсара на месца.

Калі б тады знайшоўся палітык, які рэальна ацэньваў рызыкі, магчымасьці і небясьпекі і дамогся паразуменьня з Масквой, ён, верагодна, стаў бы вялікім выратавальнікам Украіны, не дапусьціўшы вялікай вайны. Ні Парашэнка, ні Зяленскі такімі палітыкамі ня сталі.

Пуцін аказаўся тым, кім аказаўся. У гісторыі заўсёды знаходзіцца той, хто з задавальненьнем выконвае ролю сусьветна вядомага злыдня. Пытаньне ў тым, як зьяўленьне такога злыдня папярэдзіць і не дапусьціць. Але гэта ўжо — урок на будучыню.

Руіны зьнішчанага расейскай бомбай тэатру ў Марыюпалі, 10 красівіка 2022
Руіны зьнішчанага расейскай бомбай тэатру ў Марыюпалі, 10 красівіка 2022

Што да ўмяшаньня ў вайну краін Захаду, то ўкраінцы зь некаторым зьдзіўленьнем і крыўдай выявілі, што эўрапейцы зусім не зьбіраюцца ўласнымі сіламі адваёўваць Крым і Данбас, а пастаўкі ўзбраеньняў робяць асьцярожна і стрымана, асьцерагаючыся, каб вайна не перасягнула ўкраінскія межы. Разьлічваць на полі бою (калі гаворка ідзе пра жывую сілу) Кіеў можа толькі на ўласныя рэсурсы, уласных салдатаў. А ахвотнікаў ваяваць усё меней. Тое, што было магчыма ў першыя месяцы вайны, наўрад ці магчыма цяпер. Патрыятычны ўздым і згуртаванасьць грамадзтва спакваля зьнікаюць. Так, 51 працэнт украінцаў (паводле нядаўняга апытаньня ўкраінскага Цэнтру Разумкова) па-ранейшаму лічаць, што неабходная ўмова міру — вяртаньне да межаў 1991 году. Але пры гэтым амаль кожны другі (46%) не асуджае «ўхілістаў», якія ўцякаюць ці хаваюцца ад прызыву і колькасьць якіх ужо вымяраецца мільёнамі чалавек. А 32% дапускаюць тэрытарыяльныя саступкі дзеля хутчэйшага спыненьня вайны.

Антываенная акцыя ў Аўстраліі. 11 кастрычніка 2022
Антываенная акцыя ў Аўстраліі. 11 кастрычніка 2022

«Нямеччына знойдзе спосаб запатрабаваць адплаты...»

Здаецца, да 2014-га (і асабліва да 2022-га) году мала хто чакаў, што балючая і крыўдная для расейскага грамадзтва параза СССР у халоднай вайне з часам прывядзе аж да такіх фантомных боляў і ў канчатковым выніку выльецца ў грандыёзную ваенную авантуру. А чакаць можна было. Яркі ўзор у мінулым — пакрыўджаная, прыніжаная, эканамічна раздушаная Нямеччына пасьля паразы ў Першай сусьветнай вайне. І наступнае зьяўленьне Гітлера, якога з энтузіязмам вітала нямецкае грамадзтва.

Абвінавачаньні ў адрас Захаду ў тым, што нібыта гэта ён вінаваты ў вайне ва Ўкраіне, гучаць абсурдна. Хоць нейкая доля віны яўна ёсьць. Не разгледзелі, недаацанілі, недзе адштурхнулі Расею ў крытычны для яе час — у той момант, калі можна было наблізіць і паспрабаваць цывілізаваць. І ў выніку зьявіўся Пуцін.

Адно з самых распаўсюджаных моўных клішэ Першай сусьветнай: «Вайна, якая пакончыць з войнамі». Аўтарства належыць славутаму пісьменьніку-фантасту Гербэрту Ўэлсу, які ў 1914 годзе напісаў аднайменнае эсэ і адстойваў думку, што толькі разграміўшы, зьнішчыўшы германскі мілітарызм, можна ліквідаваць крыніцу будучых войнаў.

Гітлер уваходзіць у залу з'езда НСДАП, кадр з фільма Лені Рыфэншталь
Гітлер уваходзіць у залу з'езда НСДАП, кадр з фільма Лені Рыфэншталь

Іронія гісторыі ў тым, што менавіта прыніжэньне і зьнішчэньне пераможанай Нямеччыны прывялі ўрэшце да зьяўленьня Гітлера, а потым — да вайны яшчэ больш разбуральнай і жудаснай. У чэрвені 1919-га, калі тагачасны францускі прэм’ер Жорж Клемансо, прыхільнік жорсткай лініі ў дачыненьні да пераможаных, трыюмфаваў на Парыскай мірнай канфэрэнцыі, мала хто прадбачыў, чым абернецца гэты трыюмф усяго праз паўтара-два дзесяцігодзьдзі. У тагачаснай Францыі Клемансо лічылі героем, прыхільнікам цьвёрдай і непахіснай лініі ў дачыненьні да немцаў. За жорсткі характар і цьвёрдасьць у адносінах да ворагаў яму нават далі мянушку «Тыгр». Ён выходзіў у тыя дні на парыскія вуліцы — і тут жа зьяўляліся натоўпы захопленых мінакоў, якія ўслаўлялі яго, пераможцу Нямеччыны, трыюмфатара Францыі.

Тады сапраўды многім здавалася, што пастаўленая на калені, прыніжаная і эканамічна аслабленая Нямеччына і ёсьць гарантам таго, што вайны ў Эўропе болей ня будзе. Як на пачатку 90-х для многіх на Захадзе выглядала, што параза Савецкага Саюзу ў халоднай вайне і распад СССР — гэта кропка, канец векавой расейскай імпэрыі і расейскай экспансіянісцкай палітыкі. Як, зрэшты, і сёньня некаторыя лічаць, што, толькі правучыўшы як сьлед агрэсара, разграміўшы ягоную армію і адхіліўшы Пуціна, можна гарантаваць трывалы мір на кантынэнце.

Тады, у 1919-м, у Парыжы амэрыканскі прэзыдэнт Томас Ўудра Ўілсан і брытанскі прэм’ер Дэвід Лойд Джордж схільныя былі займаць у адносінах да пераможанай Нямеччыны больш абачлівую і асьцярожную пазыцыю. У складзеным брытанскай дэлегацыяй дакумэнце, вядомым як «Мэмарандум Фантэнблё», празорліва прадбачылася:

«Вы можаце пазбавіць Нямеччыну яе калёній, ператварыць яе войска ў простыя паліцэйскія сілы... і ўсё роўна ўрэшце, калі яна адчуе, што зь ёй несправядліва абышліся пры заключэньні міру 1919 году, яна знойдзе спосаб запатрабаваць адплаты на галаву сваіх заваёўнікаў».

Але ўзяла верх пазыцыя Клемансо, які лічыў «яўнай ілюзіяй» саму ідэю таго, што Нямеччыну можна залагодзіць, прапанаваўшы ёй памяркоўныя ўмовы міру. І ўвогуле, як ня раз ён паўтараў падчас перамоваў:

«Немцы — нацыя рабоў, якія разумеюць толькі сілавыя аргумэнты».

Нямеччына засталася бяз грошай, без тэрыторый, зь вялізным цяжарам накладзеных на яе кантрыбуцый і рэпарацый. А ўсяго праз два дзесяцігодзьдзі, калі на дражджах рэваншызму і прыніжанай нацыянальнай годнасьці ў Нямеччыне буйна расквітнеў фашызм, Эўропа сутыкнулася з самай крывавай і разбуральнай вайной, якую толькі можна было ўявіць.

Уінстан Чэрчыль, 1946
Уінстан Чэрчыль, 1946

Падчас і пасьля Другой сусьветнай вайны вядучыя палітыкі Захаду таго часу — Чэрчыль, Рузвэльт, Трумэн, Эйзэнхаўэр, дэ Голь — не паўтарылі памылкі папярэднікаў. Пераможанай Нямеччыне (дакладней, яе заходняй частцы, якая ня трапіла пад савецкі ўплыў) дапамаглі аднавіць эканоміку, адбудаваць дэмакратыю, далучылі яе да агульнаэўрапейскай і трансатлянтычнай інтэграцыі. Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў ФРН стала адной зь вядучых заходнеэўрапейскіх эканомік, устойлівай дэмакратыяй, якая не пагражае нікому з суседзяў і не выношвае ніякіх імпэрскіх рэваншысцкіх плянаў.

Чамусьці на пачатку 90-х гадоў, калі развальваўся СССР, мала хто быў заклапочаны тым, што з прыніжанай, дэзарыентаванай і азлобленай Расеяй з высокай ступеньню імавернасьці можа адбыцца прыблізна тая ж гісторыя, што зь Нямеччынай пасьля Першай сусьветнай.

Мастацтва ўжывацца з Расеяй

Суіснаваньне з магутным і агрэсіўным суседам — цэлае мастацтва.

Неаднойчы ўжо даводзілася праводзіць паралелі цяперашняй вайны ва Украіне з савецка-фінляндзкай вайной 1939–1940 гадоў: параўнаньні дужа празрыстыя, пераканаўчыя і павучальныя. Аднаўленьне імпэрскай велічы, вяртаньне страчаных імпэрскіх ускраін, рэванш за былыя паразы і страты — усё вельмі падобна. Фінляндыя, паводле плянаў сталінскіх стратэгаў, у сьціслыя тэрміны ў выніку лёгкай пераможнай вайны павінна была вярнуцца пад маскоўскае панаваньне ў выглядзе яшчэ адной савецкай рэспублікі.

Савецкія салдаты на захопленых фінскіх пазыцыях, 1939
Савецкія салдаты на захопленых фінскіх пазыцыях, 1939

Фіны, як вядома, аказалі ўпарты супраціў: пасоўваньне Чырвонай Арміі на Карэльскім перашыйку ўзімку 1939–1940 гадоў было цяжкім і суправаджалася вялізнымі стратамі. Але вайна цягнулася зусім нядоўга: усяго 3 месяцы і 12 дзён. І раптоўна скончылася ў выніку найперш намаганьняў фінскага боку. А магла б доўжыцца значна болей і прывесьці да значна большых ахвяраў. Фіны атрымлівалі ад заходніх краін зброю і добраахвотнікаў, але разьлічвалі на значна большае. Існавалі пляны адпраўкі ў Фінляндыю для вайны супраць СССР 50 тысяч францускіх салдат і 100 бамбавальнікаў. Дапамогу авіяцыяй (50 бамбавальнікаў) абяцала і Вялікая Брытанія. І магчымасьці, і пляны былі. Ці быў бы пераможны вынік для Фінляндыі? Наўрад ці. Надта несувымерныя патэнцыялы.

Фінскі бок на пачатку сакавіка 1940 году прапанаваў Маскве мірныя перамовы. Масква пагадзілася. Вядома ж, гэта была параза Фінляндыі: яна страціла 12% сваіх самых каштоўных паўднёвых тэрыторый (40 тысяч кв. км), шэраг буйных гарадоў, больш за дзьве сотні прадпрыемстваў. Але пры гэтым захавала незалежнасьць і магчымасьць для далейшага самастойнага разьвіцьця. Чаму на гэты мір пайшоў Сталін? Відавочна, не ў апошнюю чаргу таму, што пабойваўся ангельска-францускай інтэрвэнцыі на баку фінаў і такім чынам уцягваньня Масквы ў вайну супраць заходніх дзяржаў на баку Нямеччыны. Так ці інакш, маршал Манэргейм, галоўнакамандуючы фінскімі войскамі, якому належыць заслуга мужнага супраціву першых месяцаў вайны, на пачатку сакавіка 1940-га настаяў на тым, каб урад шукаў любыя шляхі да міру ў як мага больш сьціслыя тэрміны.

Пажар у фінскім горадзе ў выніку нападу СССР. 1939
Пажар у фінскім горадзе ў выніку нападу СССР. 1939

Ва Ўкраіне нешта падобнае таксама магло адбыцца ў першыя тыдні і месяцы вайны — калі Масква ўжо зразумела, што бліц-крыг ня ўдаўся, але яшчэ не была пэўная ў тым, наколькі далёка можа пайсьці Захад у падтрымцы Ўкраіны і наколькі разбуральным можа быць уплыў заходніх санкцый. І гатовая была да падпісаньня міру на параўнальна мяккіх умовах.

Але ва Ўкраіне на той час свайго Манэргейма не знайшлося.

Увогуле, фінам пашанцавала з палітычнымі лідэрамі, якія на розных этапах яе гісторыі навучыліся ладзіць зь непрадказальным і агрэсіўным усходнім суседам. Пасьля вайны на працягу чвэрці стагодзьдзя краіну ўзначальваў Урха Калева Кеканэн — майстар кампрамісаў і манэўраваньня. Фактычна ў той час Фінляндыя заставалася часткай свабоднага сьвету, хоць пры гэтым імкнулася нічым не дражніць Маскву: захоўвала нэўтралітэт, не ўступала ні ў якія вайскова-палітычныя блёкі, падтрымлівала таварыскія адносіны з крамлёўскім кіраўніцтвам. І пры гэтым бурна разьвівала ўласную эканоміку за кошт танных расейскіх рэсурсаў. Часам на Захадзе такі сувэрэнітэт называлі абмежаваным. Але мільёны савецкіх грамадзянаў глядзелі на тое, як жывуць фіны, зь непрыхаванай зайздрасьцю.

Фіны імкнуліся на Захад, але не сьпяшаліся. І аслаблялі ўплыў Масквы адразу, як толькі для гэтага адчыняліся вокны магчымасьцяў. Гэтак стала і з уступленьнем краіны ў Эўразьвяз, і зь нядаўнім імклівым далучэньнем да NATO. Заўважце: паміж тым момантам, калі Фінляндыя абвясьціла аб сваім аддзяленьні ад Расеі, і яе канчатковым далучэньнем да вайскова-палітычных структур заходняга сьвету мінула 106 гадоў. Але хто, гледзячы на сучасную Фінляндыю, скажа, што яна занадта марудзіла?

Распад імпэрыі, расьцягнуты на дзесяцігодзьдзі

У стадыі вялікага распаду імпэрыі мы існуём да гэтага часу. Гэта толькі здавалася, што ўсё хутка і бяскроўна скончылася адной сьнежаньскай ноччу 1991 году. Насамрэч усе апошнія тры дзесяцігодзьдзі гэты працэс прадаўжаецца, і яшчэ невядома, колькі часу міне, перш чым постсавецкая прастора стабілізуецца, а Масква перастане распрацоўваць пляны рэваншу. Магчыма, у такіх умовах наканавана жыць яшчэ не аднаму пакаленьню.

Лукашэнка, зь ягоным глыбінным унутраным нюхам, відавочна, лепш за іншых разумее сапраўдныя матывы Пуціна. Ён гадамі і дзесяцігодзьдзямі вучыўся выжываць побач з хітрым і агрэсіўным суседам — спрабаваў манэўраваць, балянсаваць, весьці гульні з Захадам, дэкляраваць «шматвэктарнасьць». Ці была ў яго магчымасьць стаць беларускім Кеканэнам? Магчыма. Пасьля 2014 году, калі Менск з прычыны шчасьлівага для Лукашэнкі зьбегу акалічнасьцяў раптам стаў перамоўнай пляцоўкай для расейска-ўкраінскага ўрэгуляваньня, калі зь ім лічылі магчымым і неабходным кантактаваць вядучыя палітыкі сьвету, калі ў краіне не было палітвязьняў і існавала параўнальна цярпімае і паблажлівае стаўленьне да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці... Усё перакрэсьліў 2020 год. У палітыцы сысьці своечасова — талент і мужнасьць. Такое дадзена ня ўсім.

Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын у час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Крамлі. Масква, 1997
Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын у час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Крамлі. Масква, 1997

Выбітная асоба ў палітыцы — той, хто бачыць далей і глыбей за іншых. Хто здольны прадбачыць і засьцерагчы. І хто мае волю, каб ахвяраваць уласнымі палітычнымі амбіцыямі. Наркотык улады — магутная рэч: здараецца, засьціць вочы і адбірае волю нават у вельмі моцных і разважлівых палітыкаў. І вельмі нямногія здольныя дзеля сапраўды вялікай грамадзкай мэты і будучыні краіны ахвяраваць уласным ганаровым крэслам. Менавіта такія найчасьцей і застаюцца ў гісторыі як выбітныя дзеячы свайго часу. Лукашэнка такую магчымасьць ужо ўпусьціў.

Крутыя павароты гісторыі цэлых краін і кантынэнтаў часам цалкам залежаць ад волі некалькіх (ці нават адной асобы). Настаяў бы нехта зь «вялікай чацьвёркі» ў 1919 годзе не на задушэньні разгромленай Нямеччыны, а на яе вяртаньні ў кола дэмакратычных краін са стабільнай і прадказальнай сыстэмай — і імя Гітлера ніхто б ня ведаў. Ці напрыканцы 90-х знайшоўся б мудры палітык, які адгаварыў Ельцына ад фатальнага рашэньня наконт пераемніка — і цяпер імя палкоўніка КДБ у адстаўцы Пуціна фігуравала б хіба што ў закрытых сьпісах спэцпэнсіянэраў.

І гэта датычыць ня толькі вялікіх і магутных. Калі б у 1994-м Кебіч, Грыб і Шушкевіч замест таго, каб варагаваць і падседжваць адзін аднаго, даўмеліся аб’яднацца супраць аднаго рэальнага праціўніка — гісторыя для Беларусі магла б скласьціся зусім інакш, а прозьвішча Лукашэнкі памяталі б сёньня хіба што супрацоўнікі Шклоўскага райсабесу.

Кнігі пра вайну: усё напісана да нас

Са зьдзіўленьнем даведаўся, што ўжо напісаны і выдадзены сотні кніг пра вайну ва Ўкраіне. Сярод іх — мноства асабістых драматычных гісторый, прасякнутых горам, болем, нянавісьцю. І амаль у кожнага аўтара — асабіста выпакутаванае асэнсаваньне бесчалавечнасьці, несправядлівасьці і абсурднасьці вайны, якая грыміць сёньня на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. І амаль ва ўсіх пытаньні: «Дзеля чаго? Хто вінаваты? Чаму такое стала магчымым?»

Асабіста мне чытаць гэта цяжка і нецікава. Найперш таму, што ўвесь час не пакідае ўражаньне, што пра ўсё гэта ўжо чытаў. Што новага можна сказаць пра вайну пасьля таго, што перажылі і сказалі ў сваіх вялікіх творах Эрых Марыя Рэмарк, Эрнэст Гэмінгўэй, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Сьвятлана Алексіевіч, Анна Франк, Данііл Гранін... Усё даўно асэнсавана і напісана. І — нічога не засвоена. Ні зь літаратуры. Ні з гісторыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG