Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўжо я сумую па прымусовых відэа


Дзьверы ў ГУБАЗіКу, на фоне якіх раней часта здымалі прымусовыя відэа
Дзьверы ў ГУБАЗіКу, на фоне якіх раней часта здымалі прымусовыя відэа

Хто б мог падумаць, што я ледзь не зь цеплынёй буду ўзгадваць часы, калі сілавікі публікавалі прымусовыя відэа з затрыманымі. І не, я не звар’яцела, не пераўтварылася ў пачвару і не палюбіла глядзець на катаваньні.

Але я добра памятаю, як мая блізкая сяброўка шукала адпаведныя відэа са сваімі роднымі, каб убачыць, у якім яны стане. Як я сама разглядала некаторыя кадры і супакойвала сябе: «Зубы на месцы, нос цэлы, на твары гематомаў няма і прыкмет пераломаў таксама ня бачна, міміка сымэтрычная».

Як і многія калегі і каляжанкі, я глядзела такія відэа толькі па неабходнасьці, і гэтак жа рабілі праваабаронцы. Гэта былі страшныя, але, як бы ні было жудасна гэта прызнаваць, карысныя дакумэнты.

Цяпер жа сілавікі вырашылі, што гэта занадта. Але не занадта жорстка для іх, а занадта зручна для нас. І замест відэа сталі публікаваць аўдыё. Прагаварыце гэта сабе яшчэ раз: для беларускіх сілавікоў кадыраўскія мэтады — занадта мяккія, ім такога недастаткова, каб караць людзей за лайкі ў інтэрнэце ці атрыманы ад іншых пакет з грэчкай і каўбасой. Са страшнымі злачынцамі, якія «руйнуюць краіну», атрымліваючы ад «тэрарыстаў» пампэрсы, трэба разьбірацца сур’ёзьней.

Зразумела, што гэтая сытуацыя пагаршае становішча затрыманых і яшчэ больш разьвязвае рукі катам з ГУБАЗіКу і іншых падобных структур, бо сілавікам ужо ня трэба асьцярожнічаць у катаваньнях і пакідаць твар некранутым. Цяжэй цяпер і сем’ям затрыманых, якія ня маюць магчымасьці ўбачыць, у якім стане іх блізкі чалавек. Ну, а праваабаронцам нібыта складаней весьці статыстыку затрыманьняў.

Але будзем шчырымі: праваабаронцы проста перафарматуюць падлікі і будуць ведаць менш імёнаў. Яны ўсё адно змогуць весьці падлік як такі, рабіць справаздачы і казаць усяму сьвету, як рэжым Лукашэнкі працягвае катаваць людзей. А сапраўдны галоўны вынік новаўвядзеньня — палярызацыя грамадзтва і ўзаемная нянавісьць становяцца яшчэ мацнейшымі. Паміж намі — тымі, хто хоча перамен, і тымі, хто супраць зьменаў, — і так ужо вялікі разрыў, які яшчэ няхутка ўдасца пераадолець. Але яго робяць яшчэ і яшчэ большым, што заканамерна прыводзіць да ўзмацненьня нянавісьці.

Каму гэта на руку ў далёкай пэрспэктыве? Ды нікому, акрамя сям’і Лукашэнкі і самых набліжаных да яе людзей. Шараговыя міліцыянты і іх родныя дакладна ня ў гэтым сьпісе. Па-першае, сыстэма «здасьць» іх пры першай жа магчымасьці і дакладна ня будзе абмяркоўваць іх бясьпеку пры любым транзыце ўлады. Па-другое, выцісканьне з краіны добрых мэдыкаў, пэдагогаў і іншых спэцыялістаў і спэцыялістак кепска адаб’ецца на тым, якой якасьці дапамогу і паслугі будуць атрымліваць простыя прыхільнікі і служкі рэжыму.

Чым больш зьдзекаў рэжым прыдумляе цяпер, тым за большае давядзецца адказваць потым. Ім бы паглядзець на Сырыю і ўзгадаць, што нішто ня вечнае. Няма аніякіх гарантый, што з рэжымам Лукашэнкі ня здарыцца тое самае, што ўжо здарылася з рэжымам Асада. І ў той самы момант, калі дыктатар падзе, ягоным прыхільнікам вельмі захочацца, каб нянавісьць да іх была не такая ўжо моцная. І каб родныя ў выпадку чаго маглі б хоць убачыць іх на відэа.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG