Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала ўлада Лукашэнкі больш трывалай пасьля 2020 году?


Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску, 3 ліпеня 2024
Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску, 3 ліпеня 2024

Моцны папулярны лідэр, які карыстаецца шырокай грамадзкай падтрымкай, можа весьці за сабой грамаду нават у той бок, у які яна ня вельмі хоча рухацца.

Але цяпер улада Лукашэнкі трымаецца на гвалце, а не на народным мандаце. Таму, нягледзячы на нібыта абсалютную ўладу, ён ня можа дазволіць сабе таго, што мог раней.

Сьцісла:

  • На першы погляд, цяпер Лукашэнка знаходзіцца на вяршыні магутнасьці і адзінаўладзьдзя. Бо ніколі раней за 30 гадоў свайго кіраваньня ён ня меў такога аб’ёму ўлады.
  • У 1990-2000-я, нават яшчэ у першай палове 2010 гадоў Лукашэнка мог дазволіць сабе рухацца супраць плыні, бо адчуваў грамадзкае ўхваленьне.
  • Па меры страты рэальнай народнай падтрымкі Лукашэнка паступова перастаў трапляць у рэзананс з грамадкай думкай.
  • Улада, якая, на перакананьне большасьці, несправядлівая, ня можа запатрабаваць ад сваіх грамадзян такіх ахвяр (напрыклад, удзелу ў вайне), якіх можа запатрабаваць улада, што карыстаецца падтрымкай народу.

На першы погляд, цяпер Александар Лукашэнка знаходзіцца на вяршыні сваёй магутнасьці і адзінаўладзьдзя. Бо ніколі раней за 30 гадоў свайго кіраваньня ён ня меў такога аб’ёму ўлады, як мае цяпер. Пасьля 2020 году ў Беларусі фактычна ўсталявалася адкрытая пэрсаналісцкая дыктатура.

Апазыцыі ўнутры краіны няма нават на гарызонце, грамадзянская супольнасьць зьліквідаваная, незалежныя мэдыя даўно выкінутыя за мяжу, незадаволеныя ў большасьці таксама апынуліся там. КДБ і ГУБАЗіК палююць на любыя праявы іншадумства. На прэзыдэнцкіх выбарах ужо ніхто не паспрабуе кінуць яму выклік, бо баіцца паўтарыць лёс Віктара Бабарыкі. Намэнклятура, найбліжэйшае атачэньне глядзяць яму ў рот і спрабуюць угадаць думкі і памкненьні, разгадаць прарочыя сны правадыра, спаборнічаюць у распальваньні культа ягонай асобы.

Здавалася б, у яго абсалютна вольныя рукі, поўная свабода дзеяньняў: ажыцьцяўляй любую палітыку, якую хочаш, ніхто нават пікнуць не адважыцца.

Аднак такая карціна вельмі падманлівая. І, што самае цікавае, сам Лукашэнка добра разумее і адчувае ўсю прывіднасьць цяперашняй магутнасьці. Адсюль гэта дзіўная мітусьня хоць бы ў адносінах да Ўкраіны. То войскі дэманстратыўны падводзяцца да ўкраінскай мяжы, потым так жа паказальна і гучна адводзяцца. А затым праз кароткі час яшчэ больш шумна зноў вяртаюцца да мяжы. Ён моцна раздражнёны размовамі пра магчымы ўдзел беларускіх войскаўцаў у вайне супраць Украіны, таму палічыў неабходным чарговы раз абвергуць такія чуткі падчас нарады ў пытаньнях інфармацыйнай палітыкі: «Я чытаю гэтыя агляды сусветных сродкаў масавай інфармацыі: „Ды Лукашэнка тое, ды ён гэта“. Ды ён заўтра „аддасьць загад — пойдуць туды“. Ніякіх загадаў, каб ісьці за межы нашай краіны, не было і ня будзе».

Здавалася б, чаго мітусіцца? А прычына ў тым, што пытаньне вельмі балючае для грамадзтва. Абсалютная большасьць насельніцтва супраць удзелу краіны ў вайне. Лукашэнка баіцца трапіць у дысананс з грамадзтвам, нягледзячы на ўсю сваю ўсеабдымную ўладу.

Тут дзейнічаюць заканамернасьці, добра апісаныя ў палітычнай літаратуры. Справа ў тым, што моцны папулярны лідэр, які карыстаецца шырокай грамадзкай падтрымкай, можа весьці за сабой грамаду нават у той бок, у які яна ня вельмі хоча рухацца. Ён можа ісьці нават супраць дамінантнай плыні грамадзкіх настрояў без асаблівай шкоды для ўласнага іміджу і рэйтынгу. Вядома, што непапулярныя рэформы могуць праводзіць толькі папулярныя палітыкі. Бо ў іх вялікі мандат даверу.

Так было з Лукашэнкам у 1990–2000-я, нават яшчэ у першай палове 2010 гадоў. Ён меў рэальную падтрымку няхай і адноснай большасьці насельніцтва і мог дазволіць сабе ісьці супраць дамінантных палітычных трэндаў у рэгіёне. Напрыклад, калі ва ўсіх посткамуністычных краінах адбываліся рынкавыя рэформы, Лукашэнка падняў сьцяг антырэформаў, згарнуў эканамічныя пераўтварэньні, нават крытыкаваў Барыса Ельцына і расейскіх дэмакратаў.

Калі ўсе поскамуністычныя краіны імкнуліся сябраваць з Захадам, інтэгравацца ў заходнія структуры, Лукашэнка дэманстратыўна сварыўся з ЗША і ЭЗ, скандаліў, канфліктаваў. Беларусь апынулася адзінай краінай ў Эўропе, дзе захавалася сьмяротнае пакараньне.

Усё гэта падтрымклівалі ягоныя прыхільнікі, бо лукашызм быў на пад’ёме, працавала харызма. Лукашэнка мог дазволіць сабе рухацца супраць плыні, бо адчуваў грамадзкае ўхваленьне. Вобраз «народнага прэзыдэнта» быў ня толькі прапагандысцкім канструктам.

Тады Лукашэнка не баяўся даволі моцна канфліктаваць з Расеяй. Здараліся газавыя, нафтавыя, малочныя «войны». Бо існаваў адносна вялікі мандат даверу.

Збоі пачаліся ў другой палове 2010-х гадоў, па меры страты рэальнай народнай падтрымкі. Лукашэнка паступова перастаў трапляць у рэзананс з грамадзкай думкай. Першай ластаўкай новага этапу стала няўдалая спроба барацьбы з «дармаедамі» ў 2017 годзе, што «выстраліла» масавымі пратэстамі.

Імкненьне ў 2020 годзе звыкла ісьці насуперак іншым краінам у пытаньні барацьбы з пандэміяй сустрэла выбух грамадзкага абурэньня. З чаго ўсё і пачалося.

Чатыры гады палітычнага тэрору дапамаглі задушыць пратэст. Але рэпрэсіі не вярнулі народнага даверу. Сам Лукашэнка добра разумее, што ягоная ўлада цяпер трымаецца на гвалце, а не на народным мандаце. Таму, нягледзячы на нібыта абсалютную ўладу, ён ня можа дазволіць сабе таго, што мог раней. Напрыклад, баіцца дапусьціць хоць бы частковую канкурэнцыю на выбарах. Цяпер выбарчая кампанія ў Беларусі — гэта перайманьне практыкі СССР, вайсковая апэрацыя, падчас якой задзейнічаны ўсе сілавыя структуры.

Лукашэнка ня можа цяпер дазволіць сабе канфлікт з Пуціным. Бо ягоная ўлада залежыць ад расейскай дапамогі і ён ня можа абаперціся на свой народ.

У 1996 годзе падчас канфлікту зь Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом Лукашэнка зьвярнуўся па падтрымку да «яго вялікасьці» беларускага народу. І часткова атрымаў яе. Цяпер грамадзтва — гэта, хутчэй, пагроза для яго. Ягоная адзіная апора — сілавыя структуры, у якіх адбылася маштабная чыстка. Сацыяльная база моцна звузілася.

Адсюль страх зрабіць памылковы крок. І бясконцыя запэўніваньні, што Беларусь ня будзе ваяваць, што «мы за мір», а сувэрэнітэт непахісны. Бо ёсьць адчуваньне, што насельніцтва ня надта ўсяму гэтаму верыць. Улада, якая, на перакананьне большасьці, несправядлівая, ня можа запатрабаваць ад людзей такіх ахвяр (напрыклад, удзелу ў вайне), якіх можа запатрабаваць улада, якая грунтуецца на рэальнай падтрымцы народу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG