Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі пажыцьцёвая ўлада. Пра што задумваюцца дыктатары, калі ім спаўняецца 70


Мікіта Хрушчоў, Леанід Брэжнеў, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Іосіф Сталін. Каляж
Мікіта Хрушчоў, Леанід Брэжнеў, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Іосіф Сталін. Каляж

Да чаго імкнецца, чым заклапочаны, як уяўляе ўласную будучыню 70-гадовы дыктатар, які на працягу многіх гадоў утрымлівае ва ўласных руках аднаасобную ўладу, не зьбіраецца ёю ні з кім дзяліцца і не ўяўляе сябе на іншым месцы, акрамя як на вяршыні гэтай улады?

Сьцісла:

  • Незьмяняльныя савецкія лідэры, адзначаючы свае 70-гадовыя юбілеі, у большай ці меншай ступені былі заклапочаныя тым, якое месца зоймуць у айчыннай і сусьветнай гісторыі, што напішуць пра іх нашчадкі ў падручніках, зь якімі дасягненьнямі і заваёвамі будуць атаясамлівацца ў будучыні іхныя імёны.
  • Ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што Сталін хутчэй утаймоўваў вернападданьніцкі запал падначаленых, якія арганізоўвалі адзначэньне ягонага 70-гадовага юбілею, чым надта падтрымліваў яго. Куды больш правадыра займала падрыхтоўка да новай вайны з Захадам.
  • Мікіта Хрушчоў прызначыў дату пабудовы камунізму на 1980 год, яўна разьлічваючы асабіста атрымаць асалоду ад вынікаў свайго грандыёзнага будаўніцтва.
  • Заклапочаны тым, як пабудаваць камунізм, «дагнаць і перагнаць Амэрыку», «паказаць ёй кузькіну маць», 70-гадовы Мікіта Хрушчоў не заўважыў змовы ў сваім найбліжэйшым атачэньні.
  • Натуральнае ў 70-гадовым узросьце імкненьне пакінуць пасьля сябе ў гісторыі нешта значнае ў выпадку з Брэжневым трансфармавалася ў трохі дзіўнае і па-дзіцячаму наіўнае захапленьне высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і званьнямі.
  • 70-годзьдзе Пуціна дзіўным чынам супала з пашырэньнем тэрыторыі РФ на чатыры новыя рэгіёны, сілай зброі адабраныя ў суседняй Украіны.

Ці толькі праблема захаванасьці і непарушнасьці ўласнага рэжыму турбуе дыктатараў на схіле іхнага веку?

У ХХ стагодзьдзі мала каму з аднаасобных валадароў прасторы, якая ў розны час называлася то Расейскай імпэрыяй, то СССР, то Расейскай Фэдэрацыяй, суджана было сустрэць свой 70-гадовы юбілей на вяршыні ўлады — Ёсіфу Сталіну, Мікіту Хрушчову і Леаніду Брэжневу. Для кожнага з гэтых трох захаваньне пажыцьцёвай улады і поўная падпарадкаванасьць і паслушэнства аўтарытарнай сістэмы былі чымсьці натуральным і само сабой зразумелым. Але зразумелым было і тое, што 70-гадовы рубеж — пэўная адзнака, сьведчаньне таго, што рэсурс адведзенага Богам часу няўмольна скарачаецца. І ў 70 гадоў гэта ўспрымаецца значна вастрэй, чым у маладзейшым узросьце.

Усе трое з рознай ступеньню ўрачыстасьці і размаху адзначалі свае 70-гадовыя юбілеі. І ўсе трое ў гэтым веку так ці інакш былі заклапочаныя тым, якое месца зоймуць у айчыннай і сусьветнай гісторыі, што напішуць пра іх нашчадкі ў падручніках, зь якімі дасягненьнямі і заваёвамі будуць атаясамлівацца ў будучыні іхныя імёны.

Уладзімір Пуцін свой 70-гадовы юбілей адзначаў 7 кастрычніка 2022 года, Аляксандар Лукашэнка сьвяткуе 70-годзьдзе ў гэтыя апошнія дні жніўня 2024-га. На першы погляд, у гэтых сьвяткаваньняў мала агульнага з тым, што адбывалася ў 1949, 1964 і 1976 гадах. Але калі прыгледзецца больш пільна, аналёгій і паралеляў можна заўважыць нямала. Двое постсавецкіх дыктатараў мноствам нябачных повязяў спалучаны з той таталітарнай і аўтарытарнай савецкай мінуўшчынай, шмат у чым пераймаюць і капіююць яе, стараюцца паўтарыць посьпехі і не дапусьціць правалаў папярэднікаў. І адзін, і другі ў той ці іншай ступені выйшлі са сталінскага шыняля, хрушчоўскай вышыванкі і брэжнеўскага маршальскага кіцеля.

Сталін: юбілей на тле зарыва новай сусьветнай вайны

70 гадоў Сталіну споўнілася 21 сьнежня 1949 года. Атачэньне правадыра рабіла ўсё магчымае, каб адзначыць юбілей як мага больш шырока і ўрачыста — нават стварылі адмысловы дзяржкамітэт у справе сьвяткаваньня. Мільённымі накладамі выдаваліся кнігі Сталіна і пра Сталіна, усе газэты і часопісы былі запоўненыя вершамі, паэмамі і раманамі, прасякнутымі бясконцымі ўсхваленьнямі і лісьлівасьцю да правадыра. Здымаліся фільмы, пісаліся карціны, ставіліся спэктаклі...

Да гэтай нястрымнай кампаніі былі далучаны нават такія асобы, як Анна Ахматава, сям’я якой і яна сама перажыла вялізныя пакуты ад бальшавіцкага рэжыму. Незадоўга да сталінскага юбілею, у лістападзе 1949-га, чарговы раз арыштавалі яе адзінага сына Льва Гумілёва. Магчыма, спрабуючы залагодзіць правадыра ці выконваючы чыёсьці пажаданьне, Ахматава ў сьнежні 1949-га напісала верш-панегірык:

И благодарного народа
Вождь слышит голос:
«Мы пришли
Сказать: где Сталин, там свобода,
Мир и величие земли!»

Наколькі гэта на той момант захапляла і натхняла самога Сталіна? Сына Анны Ахматавай ён, дарэчы, так і ня вызваліў: вершы не дапамаглі. Ёсьць шмат сьведчаньняў таго, што Сталін хутчэй утаймоўваў вернападданьніцкі запал падначаленых напярэдадні юбілею, чым надта падтрымліваў яго. Напрыклад, былі ідэі пракласьці праз цэнтар Масквы шырачэзны праспэкт Сталіна, усталяваць велічны помнік правадыра на новым будынку МДУ, узьвесьці ў Маскве і сталіцах саюзных рэспублік палацы сацыялістычнай культуры імя Сталіна... Правадыр адказаў адмовай: «Немэтазгодна». Не ўхваліў ён і ініцыятыву выдаць зборнік ягоных дзіцячых і юнацкіх вершаў (а пераклады ўжо замовілі такім мэтрам паэзіі, як Барыс Пастэрнак і Арсеній Таркоўскі). А яшчэ не дазволіў узнагароджваць сябе толькі што заснаванай Міжнароднай сталінскай прэміяй. І яшчэ адну залатую зорку Героя Савецкага Саюзу прысвойваць сабе таксама не дазволіў: пагадзіўся толькі на ордэн Леніна.

Імем Сталіна у год юбілею назвалі чамусьці толькі адзін горад, і то не ў СССР — Варну ў Баўгарыі.

Што Сталіна цікавіла ў тыя дні ў сапраўднасьці значна больш, чым хваласьпевы чэлядзі, сапраўдную цану якім ён, відавочна, ведаў? Пляны новых захопніцкіх войнаў, верагоднасьць узброенага сутыкненьня з Захадам і ягоная асабістая персьпектыва ўвайсьці ў гісторыю найвялікшым заваёўнікам усіх часоў і народаў, які зьнішчыць капіталізм калі не ва ўсім сьвеце, то ў Эўропе і Азіі — дакладна. На той час ужо існавалі падрабязныя пляны маштабнага ўварваньня з тэрыторыі КНДР ў Паўднёвую Карэю: яно распачнецца з дабраславеньня Сталіна праз паўгода пасьля юбілею, 25 чэрвеня 1950-га. Сталін прадбачыў, што ў гэту вайну могуць умяшацца Злучаныя Штаты і ў выніку можа дайсьці да Трэцяй сусьветнай. Ён да гэтага рыхтаваўся. У краіне, якая яшчэ не адышла ад папярэдняй вайны, зноў распачыналася нястрымная мілітарызацыя: расьлі ваенныя выдаткі, будаваліся новыя вайсковыя заводы. У галаве правадыра сасьпела ідэя вырабіць 10 тысяч рэактыўных бамбавальнікаў (стварыць 100 новых авіяцыйных бамбавальных дывізій). Сатэлітам з Усходняй Эўропы давялі пляны на працягу наступных 2-3 гадоў павялічыць колькасьць узброеных сіл да 1 мільёна 400 тысяч чалавек. Распрацоўваліся вайсковыя апэрацыі ўварваньня з тэрыторый Усходняй Нямеччыны і Чэхаславаччыны ў Заходнюю Эўропу з выхадам да Ля-Маншу і Пірэнеяў.

Сьвяткаваньне 70-годзьдзя Сталіна, 1949
Сьвяткаваньне 70-годзьдзя Сталіна, 1949

... Пасьля сьвяткаваньня 70-гадовага юбілею Сталіну было суджана пражыць крыху больш за тры гады. Адразу пасьля яго сьмерці Прэзыдыюм ЦК КПСС дружна прагаласаваў за неадкладнае спыненьне баявых дзеяньняў у Карэі — і вайна тут жа спынілася. Спынілася і мілітарызацыя: значна скарацілі разьдзьмутую армію. Пачаўся дэмантаж ГУЛАГу. Мільёны нявінных людзей вярнуліся дамоў. Сярод іх быў і сын Анны Ахматавай Леў Гумілёў. У літаратурным музэі славутай паэткі ў Маскве дагэтуль можна ўбачыць томікі яе вершаў з заклеенымі старонкамі. Надпіс на стэндзе ўдакладняе: пасьля 1956 года Анна Андрэеўна ўласнаручна заклейвала свае вершы, напісаныя да сталінскага юбілею.

Сталін у труне. Масква, 1953
Сталін у труне. Масква, 1953

Хрушчоў: юбілей з удзелам змоўшчыкаў

70 год Мікіту Хрушчову споўнілася 17 красавіка 1964 года. Сьвяткаваньне, з аднаго боку, было сьціплым, а з другога — ня вельмі.

З самай раніцы ў той дзень у двухпавярховы асабняк Хрушчова на Ленінскіх гарах віншаваць юбіляра прыехалі ўсе партыйныя бонзы — поўны склад Прэзідыуму ЦК — 25 чалавек. Перад тым ахоўнікі даставілі падарунак — вялізны тэлевізар (каштоўная па тым часе рэч) з таблічкай «Ад вашых таварышаў па працы ў ЦК і Савеце Міністраў». Калі юбіляр спусьціўся па лесьвіцы да візытэраў, Брэжнеў пад гучныя воплескі расцалаваў яго. Гасьцей запрасілі ў сталовую, за вялікі багата накрыты стол. Але надоўга госьці не затрымаліся. Пазьней некаторыя з удзельнікаў успаміналі, што Брэжнеў, Суслаў і некаторыя іншыя паводзілі сябе нэрвова, пасьпешліва-баязьліва. Хрушчоў яўна не чакаў, што яны так хутка разьедуцца.

Сьвяткаваньне 70-годзьдзя Хрушчова, 1964
Сьвяткаваньне 70-годзьдзя Хрушчова, 1964

Афіцыйная частка сьвяткаваньня адбывалася ў Кацярынінскай зале Вялікага крамлёўскага палаца. Там Хрушчову прышпілілі да пінжака залатую зорку Героя Савецкага Саюзу, а кіраўнікі «братніх сацыялістычных краін» уручылі свае дзяржаўныя ўзнагароды. Дарэчы, дагэтуль лічыцца, што непераўзыдзеным аматарам «залатых зорак» быў Брэжнеў, хоць Хрушчоў мог бы пасупернічаць зь ім. За 11 гадоў пры ўладзе ён дазволіў узнагародзіць сябе чатырма геройскімі залатымі зоркамі. Брэжнеў за свае 17 гадоў улады атрымаў столькі ж. Праўда, Леанід Ільліч аддаваў перавагу званьню «Герой Савецкага Саюзу», а ў Хрушчова тры з чатырох зорак — «Героя Сацыялістычнай Працы».

Потым, увечары, быў вялікі парадны абед у Георгіеўскай зале: з мноствам высокіх замежных гасьцей, з урачыстымі прамовамі і тостамі. Кіраўнік савецкай Украіны Пятро Шэлест нават рызыкоўна прапанаваў выпіць «за правадыра партыі» (пасьля разьвянчаньня «культу асобы» гэты «тытул» быў пад негалоснай забаронай), але задаволены Хрушчоў зрабіў выгляд, што гэтага не заўважыў.

Пад старасьць Хрушчову яўна падабаліся ўшанаваньні, узнагароды і лісьлівасьць падначаленых, хоць да сталінскага ўзроўню ў гэтай справе ён ніколі не апускаўся: гарады і горныя вяршыні ў свой гонар называць не дазваляў, помнікаў у гонар сябе любімага ня ставіў.

А вось пра ўласнае адметнае месца ў гісторыі клапаціўся. «Цяперашняе пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізьме», — славутая фраза Хрушчова была прамоўлена ім на ХХІІ зьезьдзе КПСС у 1961 годзе. Пэўна, такой ён і бачыў сваю галоўную гістарычную місію. Нават прастадушна прызначыў дату пабудовы камунізму на 1980 год, яўна разьлічваючы асабіста атрымаць асалоду ад вынікаў свайго грандыёзнага будаўніцтва.

Мікіта Хрушчоў на пэнсіі
Мікіта Хрушчоў на пэнсіі

Да 1980 года Мікіта Сяргеевіч не дажыў: памёр ад сардэчнага прыступу 11 верасьня 1971-га, на 78-м годзе жыцьця. Памёр як пэнсіянэр, не як кіраўнік дзяржавы. Пасьля пышнага сьвяткаваньня 70-гадовага юбілею ён прабыў пры ўладзе менш як паўгода. 14 кастрычніка 1964 года тыя самыя таварышы па партыі, якія зусім нядаўна абдымалі, цалавалі і ўсяляк услаўлялі яго падчас юбілею, выклікалі Мікіту Сяргеевіча зь Піцунды, дзе ён адпачываў, каб абвесьціць пра ягоную адстаўку — за «валюнтарызм» і «суб’ектывізм».

Заклапочаны тым, як пабудаваць камунізм, «дагнаць і перагнаць Амэрыку», «паказаць ёй кузькіну маць», 70-гадовы Мікіта Сяргеевіч не заўважыў змовы ў сваім найбліжэйшым атачэньні.

Брэжнеў: юбілей у водбліску залатых геройскіх зорак

70-гадовы юбілей Брэжнева ў СССР адзначалі ў сьнежні 1976 года. Пазьней сталі лічыць, што менавіта з гэтага часу пачаўся другі пэрыяд ягонага кіраваньня — «пэрыяд застою». Для самога Брэжнева гэта была ў пэўным сэнсе рубежная дата. У 1976-м ён перажыў клінічную сьмерць, стан ягонага здароўя пахіснуўся, і гэта стала відаць усім. Ён прыкметна пастарэў, яўна нарасталі праблемы маўленьня, яму стала цяжка хадзіць. І менавіта ў гэты час у эканоміцы пасьля бурных касыгінскіх рэформаў канца 60-х і пачатку 70-х гадоў стала відавочнай стагнацыя, нарастаў таварны дэфіцыт.

Сцэнар юбілейных урачыстасьцяў у Маскве ў сьнежні 1976-га мала адрозьніваўся ад таго, паводле якога сьвяткавалі 70-годзьдзе Хрушчова 12 год таму. Тыя ж адмысловыя візыты лідэраў краін-сатэлітаў з пацалункамі і падарункамі, тыя ж урачыстыя ўзнагароджаньні, прывітальныя адрасы, а потым — вялікі багаты прыём у Вялікім Крамлёўскім палацы — са шчодра накрытымі сталамі і выступамі любімых артыстаў.

Сьвяткаваньне 70-годзьдзя Брэжнева, 1981
Сьвяткаваньне 70-годзьдзя Брэжнева, 1981

У народнай памяці, аднак, сьвяткаваньне брэжнеўскага юбілею засталося непараўнальна больш шырокім і ўрачыстым, чым хрушчоўскае. Чаму? Па-першае, масавым стала тэлебачаньне. А цырымоніі сьвяткаваньня брэжнеўскага юбілею, шматлікіх візытаў кіраўнікоў дружалюбных краін і ўручэньняў узнагарод юбіляру трансьлявалі па тэлебачаньні цалкам, якімі б працяглымі і нуднымі яны ні былі. А па-другое, прыблізна з гэтага юбілейнага году «дарагі Леанід Ільіч» ці то ў сілу ўзроставых асаблівасьцяў і зьменаў, ці то зь нейкіх іншых прычынаў стаў праяўляць падвышаны інтарэс да рознага кшталту дяржаўных узнагарод і званьняў. Падначаленыя хутка ўлавілі гэту слабіну генэральнага сакратара — і залаты дождж ордэнаў, мэдалёў ды іншых зіхоткіх бразготак пасыпаўся на яго бясконцым патокам. Менавіта ў 1976 годзе, за некалькі месяцаў да юбілею, Леаніда Ільліча зрабілі маршалам Савецкага Саюзу (хоць фармальных падстаў для гэтага не было, ніякіх бітваў палітрук Брэжнеў не распрацоўваў і не выйграваў).

Леанід Брэжнеў і Пятро Машэраў, Менск, 1978
Леанід Брэжнеў і Пятро Машэраў, Менск, 1978

Да 70-годзьдзя таварышы па партыі, улічваючы новыя абставіны, вырашылі не абмяжоўвацца традыцыйнай чарговай Залатой зоркай Героя Савецкага Саюзу, а адмыслова для Брэжнева прыдумалі яшчэ і спэцыяльную ўзнагароду — імянную шаблю з залатой выявай герба СССР. Адпаведным чынам падтрымалі новае захапленьне савецкага генсека калегі з братніх краін. У дзень юбілею ў Крамлі лідэры ўсіх дзяржаў Варшаўскай дамовы (і ня толькі яны) выстраіліся ў чаргу, каб уганараваць Леаніда Ільіча найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі сваіх краін. Ордэны на шыю, ордэны праз плячо, вялізныя зоркі з дыямэнтамі, залатыя мэдалі... Ад прэзыдэнта Фінляндыі Леанід Ільіч атрымаў Вялікі крыж ордэна Белай ружы з залатым ланцугом. Словам, чаго там толькі ня было. Уражаны савецкі народ назіраў усё гэта спачатку з пэўным утрапеньнем, а потым са зьдзеклівым сьмехам. Нараджаліся анекдоты. Напрыклад, такі: паколькі месца для ўзнагарод не хапае нават на шырокім маршальскім кіцелі, вырашана сьпіну таварыша Брэжнева лічыць ягонымі грудзьмі.

Магчыма, яму здавалася, што гэта працуе на аўтарытэт, што гэтыя ўзнагароды сапраўды ўзьвялічваюць і сьведчаць пра ягоныя надзвычайныя заслугі і значнасьць. Прынамсі, менавіта так у брэжнеўскія часы тлумачылі гэту зьяву прапагандысты, ідэолягі, партыйныя актывісты, калі на адпаведных сходах чулі пытаньні на гэты конт ад працоўнага люду. Маўляў, гэта патрэбна дзеля падтрыманьня высокага аўтарытэту таварыша Брэжнева і партыі ў цэлым. Так ці інакш, натуральнае ў такім узросьце імкненьне пакінуць пасьля сябе ў гісторыі нешта значнае ў выпадку з Брэжневым трансфармавалася ў трохі дзіўнае і нейкае па-дзіцячаму наіўнае захапленьне.

Леанід Брэжнеў у труне. Масква, 1982
Леанід Брэжнеў у труне. Масква, 1982

Праз 10 гадоў, 26 лістапада 1986-га, незадоўга да 80-годзьдзя Леаніда Ільіча, пра якое публічна ніхто нават не згадаў, удава Брэжнева Вікторыя Паўлаўна перадала ў Ордэнскую камору Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР 114 ордэнаў і медалёў, якія належалі Брэжневу. Асабліва каштоўным сярод іх быў ордэн Перамогі, усыпаны дыямэнтамі (узнагароджаньне Брэжнева гэтым ордэнам пазьней пры Гарбачову адмянілі). Адметна таксама, што залатых геройскіх зорак Вікторыя Паўлаўна здала ня 5, а ажно 39 (34 зь іх былі дублікатамі, якія Леанід Ільліч трымаў на ўсялякі выпадак, каб не перачэпліваць кожны раз з аднаго пінжака на другі).

Пуцін: юбілей на тле пашырэньня імпэрыі

У год свайго 70-годзьдзя Уладзімір Пуцін распачаў паўнамаштабную вайну з Украінай. Калі б задуманае і сплянаванае ўдалося, Украіна ўжо ў сакавіку 2022 года была б акупаваная і ў той ці іншай форме ўключаная ў склад ці то Расеі, ці то новай імпэрыі, рэстаўрацыя якой магла пачацца са зьнішчэньня незалежнасьці ўкраінскай дзяржавы.

Ці магчыма, што гэта было проста супадзеньнем па часе з хуткім пуцінскім юбілеем? Так, магчыма. Але зьвернем увагу на яшчэ адну дэталь. Калі першапачаткова задуманы бліц-крыг праваліўся і стала зразумела, што вайна зацягнецца, Пуцін пасьпяшаўся анэксаваць акупаваныя рэгіёны поўдня Украіны — Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці. Прычым фіктыўныя «рэфэрэндумы» адбываліся пасьпешліва, у сьціслыя тэрміны. Вобласьці на пачатку восені абвесьцілі расейскімі, хоць значную частку іхных тэрыторый (уключна з Запарожжам і Херсонам) расейскія ўлады не кантралявалі і не кантралююць.

Уладзімір Пуцін, кастрычнік 2022
Уладзімір Пуцін, кастрычнік 2022

3 кастрычніка 2022 года «узьяднаньне» адзінагалосна ўхваліла Дума, 4 кастрычніка — Савет Фэдэрацыі. 5 кастрычніка адпаведны закон аб уключэньні акупаваных украінскіх тэрыторый у склад РФ падпісвае Пуцін. А праз два дні той жа Пуцін сьвяткуе свой 70-гадовы юбілей. Выпадковасьць? Ці ўсё ж падарунак самому сабе да 70-годзьдзя?

Сьвяткаваньне адбывалася на радзіме Пуціна, у Санкт-Пецярбургу, у Канстанцінаўскім палацы — тым самым, які калісьці адмыслова адрэстаўравалі для саміту «Вялікай васьмёркі» 2006 году. На нефармальны саміт, прымеркаваны да пуцінскага юбілею, прыехалі сямёра гасьцей: чацьвёра — з постсавецкай Цэнтральнай Азіі (апроч прэзыдэнта Кіргізстана, двое з Паўднёвага Каўказу (лідэры Азэрбайджана і Армэніі) і Лукашэнка. Нікога з краін па-за межамі былога СССР не было.

Што адбывалася 7 кастрычніка 2022 года ў тым палацы — якія тосты ўздымалі, якія падарункі ўручалі, якімі далікатэсамі частавалі — пра гэта цяпер ні тэлерэпартажаў, ні дакумэнтальных фільмаў, адрозна ад эпохі Брэжнева, не здымаюць і народу не паказваюць. Прыклад Леаніда Ільіча, відаць, начыста адбіў ахвоту і да публічнай дэманстрацыі такіх урачыстасьцяў, і да залатых геройскіх зорак, і да ўзнагароджаньня замежнымі ордэнамі.

Пра падарункі, зрэшты, сякая-такая інфармацыя зьявілася. Лукашэнка прагаварыўся журналістам, што падарыў Пуціну на 70-годзьдзе трактар МТЗ «ручной зборкі, апошняй мадэлі». На нешматлікііх фатаздымках са сьвяткаваньня відаць былі цэлыя піраміды з кавуноў і дыняў: кажуць, гэта быў падарунак ад таджыцкага прэзыдэнта Рахмона. Што дарылі астатнія, засталося таямніцай.

Лукашэнка: юбілей на ўзор Пуціна

Лукашэнка ў сьвяткаваньні сваіх юбілеяў бярэ прыклад з Пуціна: ніякай публічнасьці, адзначэньні адбываюцца за зачыненымі дзьвярыма, ніякай інфармацыі пра падарункі. Гэта ж датычыць і рознага кшталту дзяржаўных узнагарод. Ініцыятывы адданых прыхільнікаў пра неабходнасьць прысваеньня Лукашэнку званьня Героя Беларусі шмат разоў гучалі ў грамадзкай прасторы (у тым ліку сёлета на так званым «Усебеларускім народным сходзе» і на нядаўнім вялікім зьезьдзе да 30-годзьдзя ягонага прыходу да ўлады). Але Лукашэнка пакуль стойка трымаецца, дазволу на залатую зорку не дае, выдаваць свае публіцыстычныя ці іншыя творы не дазваляе. Відаць, брэжнеўская прышчэпка дзейнічае дагэтуль.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 26 ліпеня 2024
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 26 ліпеня 2024

Ці задумваецца Лукашэнка, пераступаючы 70-гадовы парог, пра тое, якім ён застанецца ў памяці нашчадкаў і ў гісторыі Беларусі? Напэўна ж. Праўда, амбіцыі ягоныя ня могуць сягаць так далёка, як пуцінскія: падарыць самому сабе на юбілей чатыры акупаваныя рэгіёны суседняй дзяржавы ён ня ў стане. Як казала гераіня Фаіны Ранеўскай (Мачыха) у старым савецкім фільме «Папялушка»: «Шкада, каралеўства малаватае: разгуляцца няма дзе!».

Застацца б у гісторыі хаця б не апошнім прэзыдэнтам незалежнай дзяржавы і не далакопам беларускай дзяржаўнасьці.

...У дзень 70-годзьдзя і Сталіна, і Хрушчова, і Брэжнева ўшаноўвалі і ганаравалі ў СССР як найвялікшых дзеячаў сучаснасьці. Празь дзесяць гадоў, да 80-годзьдзя (да якога ніводзін зь іх не дажыў), іхныя імёны ў Савецкім Саюзе ў публічнай прасторы стараліся ўвогуле ня згадваць. А калі і згадвалі, то толькі ў сувязі з ганебнымі і непрывабнымі фактамі, падзеямі і зьявамі гісторыі, да якіх яны спрычыніліся. Пры таталітарных і аўтарытарных рэжымах па-іншаму бывае рэдка.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG