Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «Лукашэнка ўжо атрымаў “ярлык“ Крамля на 2025 год». Тлумачэньне расейскага палітоляга


Каляж Свабоды. Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, палітычны аналітык Аляксандар Марозаў
Каляж Свабоды. Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, палітычны аналітык Аляксандар Марозаў

Што Лукашэнка хацеў сказаць сваім інтэрвію тэлеканалу «Россия-1»? Ці запатрабуе Масква дапамогі ў саюзьнікаў з прычыны апэрацыі УСУ ў Курскай вобласьці? Заявы Лукашэнкі пра магчымага новага прэзыдэнта — гэта ягоны плян на 2025 год, какецтва ці абстрактныя развагі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітычны аналітык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандар Марозаў.

— Пасьля пачатку наступу ўкраінскай арміі ў Курскай вобласьці расейскія праваенныя тэлеграм-каналы пачалі абвінавачваць Лукашэнку ў тым, што ў ліпені ён адвёў войскі ад мяжы з Украінай, і ўкраінцы ў выніку атрымалі магчымасьць выкарыстоўваць сілы зь беларуска-ўкраінскай мяжы для наступу ў Расеі. Сваім інтэрвію тэлеканалу «Россия-1» Лукашэнка здолеў апраўдацца?

— Яшчэ да ўварваньня ўкраінскага войска на тэрыторыю Курскай вобласьці, 13 ліпеня, Лукашэнка заявіў, што адвёў войскі з украінскай мяжы. І ўжо тады адразу зьявіліся публікацыі ў расейскіх мэдыя, у тым ліку вельмі ўплывовых у крамлёўскім сэнсе людзей, такіх як вайсковы аглядальнік Аляксандар Коц, якія гучна і публічна закрычалі, што Лукашэнка здраднік. Ён, мяркуючы па ўсім, гэта прачытаў, і яго гэта вельмі зачапіла. Лукашэнка прывык разглядаць такія публікацыі ў расейскіх мэдыя як арганізаваныя адной зь «вежаў» Крамля.

Я думаю, што калі 23 ліпеня Лукашэнка паехаў на Валаам, дзе правёў некалькі дзён разам з Пуціным, то паскардзіўся на гэтыя публікацыі. Пуцін на гэта пасьмяяўся. Але калі 7 жніўня ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Расеі, то тут, сапраўды, прагучалі яшчэ больш гучныя крыкі на ўсіх Z-тэлеграм-каналах, якія сталі зьвязваць магчымасьць гэтых дзеяньняў Узброеных сіл Украіны з тым, што Лукашэнка адвёў войскі ад мяжы. Я думаю, што на гэтым фоне Пуцін даў каманду кіраўніцтву расейскага тэлебачаньня: няхай хто-небудзь зьезьдзіць у Менск, запіша інтэрвію, дадзім магчымасьць Аляксандру Рыгоравічу сваю пазыцыю выказаць.

— Але гэтае тлумачэньне атрымалася даволі блытаным: маўляў, украінцы падумалі, што Пуцін зноў нападзе на іх з-пад Гомля, яны падвялі войскі да мяжы, я таксама падвёў — траціну ўсёй арміі, яны адвялі, я таксама адвёў, але тыя, што там стаялі раней, там і стаяць, а потым украінцы запусьцілі дроны, а я ў адказ зноў падвёў і зноў траціну войска. Уяўляю сабе расейца дзе-небудзь у Чалябінску, які гэта слухае і думае: дык хто што куды падвёў і адкуль адвёў? Лукашэнка ўвогуле — ён за нас ці не?

— Так, я згодны з гэтым. Калі я слухаў гэтае інтэрвію, таксама быў уражаны тым, наколькі блытана Лукашэнка адказваў на гэтае пытаньне. І наколькі двухсэнсоўна і непераканаўча гэта гучала для расейскай аўдыторыі. І яно не здымае абвінавачаньняў у падвойнай гульні, тым больш што ў гэтым інтэрвію Лукашэнка прызнаецца, што ў яго ёсьць уласныя каналы камунікацыі з Кіевам. Для расейскай аўдыторыі гэта прагучала непераканаўча, і для ўсяго Z-асяродзьдзя таксама. А з пункту гледжаньня Пуціна — усё нармальна сказана.

Лукашэнка і ў гэтым інтэрвію, і раней казаў, што Ўкраіна для Беларусі — не пагроза, што пагроза — гэта Польшча і Літва. Я ўжо ня ведаю, як гэта ўспрымаецца ў Крамлі і ці падабаецца там гэтая тэза. Але мне здаецца, што расейскае насельніцтва ўспрымае палітыку ўвогуле як форму бясконцай узаемнай здрады.

Лукашэнка гэтым інтэрвію паслаў сыгнал ня толькі Пуціну, але і Пэкіну. Заўтра пачынаецца візыт у Расею і Беларусь прэм’ера Дзяржаўнай Рады КНР Лі Цяна. І Лукашэнку вельмі выгадна падкрэсьліваць, што ён зьяўляецца самастойным бокам, які мог бы ўдзельнічаць у перамовах аб міры. І на сустрэчы зь Лі Цянам яму будзе лягчэй казаць, што Беларусь, як і Кітай, ня ўдзельніца гэтай вайны, а, як і Кітай, за спыненьне агню, за справядлівы мір і гэтак далей.

— Дамовы аб саюзнай дзяржаве, аб АДКБ прадугледжваюць ваенную дапамогу саюзьніку ў выпадку нападу на яе. Курская апэрацыя УСУ можа так трактавацца. Праўда, пакуль яе так не трактуе нават сама Масква. Звароту да АДКБ па дапамогу ад РФ пакуль не было. А будзе, як вы лічыце?

— Не, вядома. Пуцін абвясьціў рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. Надзеі Z-блогераў і ўсяго ўльтрапатрыятычнага расейскага асяродзьдзя на тое, што Пуцін абвесьціць «сьвяшчэнную вайну», пазбаўленыя ўсякіх падставаў. І гэта здымае з Лукашэнкі неабходнасьць прымаць якое-небудзь рашэньне аб тым, як павінна дзейнічаць «саюзная дзяржава» ва ўмовах вайны. Крэмль зьбіраецца вырашаць праблему, не зьвяртаючыся ні да якіх сваіх саюзьнікаў у межах АДКБ ці саюзу зь Беларусьсю.

Які часавы гарызонт вашага прагнозу? А калі ўкраінцы ўтрымаюць ці нават пашыраць курскі пляцдарм на працягу некалькіх месяцаў — то Крэмль да саюзьнікаў ня зьвернецца і тады?

— На мой погляд, Крэмль ня будзе прасіць і тады. Але калі зь нейкіх сваіх меркаваньняў Лукашэнка скажа, што мы ўсё ж вырашылі 750 чалавек — кантынгент нашых найлепшых байцоў, добра падрыхтаваных, у сфэры, скажам, радыётэхнічнай барацьбы — адправіць у падтрымку Расеі, то Пуцін успрыме гэта зь вялікім задавальненьнем і падзякай. Але прасіць аб гэтым ня будзе.

— Ці ёсьць у Лукашэнкі падставы асьцерагацца, што ўсьлед за Курскай вобласьцю Расеі прыйдзе чарга Берасьцейскай ці Гомельскай?

— Я думаю, што зараз ён чакае выступу Пуціна. Бо тут парадаксальная сытуацыя. Прайшло 12 дзён з моманту шокавай сытуацыі, якая зьмяняе хаду вайны. Пры гэтым Пуцін афіцыйна дагэтуль ня выступіў і пазыцыю не сфармуляваў.

Калі Пуцін заўтра выйдзе і скажа, што навідавоку вераломны напад, які патрабуе мабілізацыі ўсіх нашых духоўных сілаў, усіх нашых братоў і сёстраў, і дадасьць, што і Беларусь ня можа заставацца ўбаку — вось гэта будзе пэўнай праблемай для Лукашэнкі. А пакуль яе проста няма. Вось калі Пуцін публічна скажа, што Кіеў рыхтуе злавесны напад на нас у напрамку Гомля — тады давядзецца Лукашэнку рэагаваць.

— Падчас інтэрвію Лукашэнка зноў казаў пра свой сыход — «Вы павінны прывыкаць да таго, што прэзыдэнт будзе іншы, трэба разумець, што прыйдзе іншы чалавек — гэта непазьбежна». Гэта ён пра 2025 год ці ўвогуле — пра калі-небудзь?

— Гэта звыклая для Лукашэнкі палітычная гульня, якая нічога новага ў сабе ня ўтрымлівае. Ён будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году і не зьбіраецца па складанай схеме арганізоўваць транзыт. І ўсе ягоныя словы пра тое, што вы павінны прывыкаць да таго, што калісьці будзе новы прэзыдэнт — гэта ўсё адносіцца да часу пасьля сьмерці Лукашэнкі.

Вайна, якая ідзе, стварае для Лукашэнкі вельмі выгадны кантэкст з пункту гледжаньня захаваньня ўлады. Бо можна пабудаваць усю выбарчую кампанію на тым, што ён — той чалавек, які ратуе Беларусь ад удзелу ў вайне. І нікуды сыходзіць ён не зьбіраецца. Але пры гэтым ён будзе паказваць сваіх новых, адносна маладых прызначэнцаў, якія калі-небудзь могуць заняць яго месца.

— Як вы лічыце, ці патрэбны яму крамлёўскі дазвол, «ярлык» на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году? Ці там зараз ад добрага лепшага не шукаюць?

— Сытуацыя радыкальна адрозьніваецца ад 2018–2019 гадоў, калі было шмат відавочных прыкметаў таго, што Крэмль цісьне на Лукашэнку. Так яно і было. Канструяваліся мэханізмы, каб ускладніць для Лукашэнкі выбары 2020 году. Ён гэта добра ведаў і бачыў. І ягоная рэакцыя на тое, што адбывалася падчас выбарчай кампаніі, была прадыктаваная страхам перад Крамлём.

Цяпер у Лукашэнкі прынцыпова іншая сытуацыя. Цяпер Крамлю ён вельмі патрэбны ва ўмовах вайны. Што да «ярлыка» Крамля, то я б сказаў, што ён яго ўжо атрымаў, ён у яго ўжо ёсьць. Не відаць ніякіх ні крамлёўскіх груповак, ні эканамічных гульцоў, якія маглі б ускладніць Лукашэнку выбары 2025 году.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG