Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі апошніх чатырох гадоў: жаночыя тэмы трэба вяртаць у парадак дня


Жанчына каля сьледчага ізалятара. Менск, 12 жніўня 2020 году
Жанчына каля сьледчага ізалятара. Менск, 12 жніўня 2020 году

Як і многім іншым, мне непрыемна прызнаваць свае памылкі, але прызнаю, што я памылялася ў сваім аптымізьме. Цуду не адбылося — якасных зьменаў для жанчын рэвалюцыя 2020 году не прынесла. Былі надзеі, што жаночае лідэрства на ўзроўні Сьвятланы Ціханоўскай станоўча паўплывае на ўсіх. Але так не атрымалася, і патрыярхат зноў падымае галаву.

Пэўныя ілюзіі я падтрымлівала ў сабе дзякуючы таму, што жаночага парадку дня ў мэдыя у цэлым стала меней, пэўныя «побытавыя» пытаньні, зьвязаныя з тымі ж канонамі прыгажосьці, мы сталі абмяркоўваць радзей, бо на першае месца выйшлі рэпрэсіі, катаваньні і палітычныя забойствы, вайна Расеі супраць Украіны, міграцыя і зьвязаныя зь ёю выклікі (агульныя, не спэцыфічна жаночыя).

Ну, і варта прызнаць, што пэўны час кансэрватыўна настроеная публіка трымалася прыстойных рамак, і калі Андрэй Саньнікаў паспрабаваў высьмеяць Ціханоўскую праз фота смажаных катлет, на яго абрынулася шмат крытыкі нават зь нечаканых бакоў. Здавалася, пытаньне таго, што жанчына — таксама чалавек, нарэшце вырашана, гэта можна больш не абмяркоўваць.

Але чым далей, тым часьцей я бачу, што мы проста замялі сьмецьце пад дыван, пакуль прыбіралі ў іншых месцах. Пакуль разьбіраліся з рэвалюцыяй як такой, жаночыя тэмы засунулі недзе далей: спачатку ж трэба скінуць Лукашэнку, а з астатнім потым разьбяромся. Толькі гэта так, канечне, не працуе. Як інфікаваную рану трэба рэгулярна апрацоўваць, так і прыніжальнаму стаўленьню да жанчын трэба бесьперапынна супрацьстаяць.

І мне дужа хацелася б абвінаваціць ва ўсім навакольных, але трэба браць адказнасьць і на сябе. Бо я таксама ня тое каб забылася на жаночы парадак дня, але пісала пра яго недастаткова шмат. Я мала пісала пра тое, як абвастрылася сытуацыя з гвалтам і ў эміграцыі, і ў самой Беларусі. Як з жанчын працягваюць зьдзекавацца беларускія сілавікі, шантажуючы іх дзецьмі. Як жанчыны-палітвязьні выжываюць, ведаючы, што на волі іх старэйшыя дзеці гадуюць малодшых. Як у палітзьняволеных жанчын адбіраюць дзяцей з-пад апекі. Як у калёніях жанчыны выкарыстоўваюць шкарпэткі замест пракладак, а на Акрэсьціна падкладаюць у бялізну разарваныя на кавалкі ўласныя майкі. Як жанчыны ў зьняволеньні губляюць рэпрадуктыўнае здароўе і як «лекуюць» цыстыт бутэлькай з гарачай вадой. Як месяцамі жывуць за кратамі з матачным крывацёкам і не атрымліваюць аніякай мэдычнай дапамогі.

Пра ўсё гэта трэба гаварыць больш і гучней, дабівацца для гэтых жанчын падтрымкі і рэабілітацыі па вызваленьні. Але самае галоўнае — трэба дабівацца ўласна вызваленьня, каб было каго потым рэабілітаваць.

Безьліч разоў за гэтыя чатыры гады мне хацелася кінуць усё, зьмяніць прафэсію, сысьці з актывізму і займацца выключна сваім «маленькім прыватным» жыцьцём. Але я па-ранейшаму веру ў салідарнасьць і ў тое, што мы, людзі, якім пашанцавала застацца на волі, мусім ратаваць тых, хто выжывае за кратамі, і тых, хто таксама на волі, але мае менш магчымасьцяў і сілаў. У Латвіі разам зь сяброўкамі мы нават зарэгістравалі жаночую арганізацыю, каб падтрымліваць іншых жанчын. Назвалі яе Мара — у гонар багіні Мары і таму, што верым: нельга апускаць рукі.

Як бы патасна гэта ні гучала, але нашая сіла — у салідарнасьці, а гэта значыць, што спыняцца нельга. Трэба працаваць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG