Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ім у турмах Беларусі цяжэй, чым іншым. Пяць цытатаў пра ўразьлівыя групы палітвязьняў


Гомельская жаночая калёнія
Гомельская жаночая калёнія

Пазбаўленьне свабоды з палітычнай прычыны — гэта вельмі складаны досьвед. А калі ўявіць, што зьняволены належыць да нейкай уразьлівай групы, то адбыцьцё пакараньня становіцца зусім невыносным. Пра гэтыя групы расказалі ўдзельнікі кангрэсу аб палітзьняволеных у Беларусі, які праходзіць у Празе.

Імпрэза адбываецца ў Каралінуме, сярэднявечным комплексе будынкаў Карлавага ўнівэрсытэту. Яе арганізаваў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі. У кангрэсе бяруць удзел сябры вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый і гуманітарных ініцыятываў, знаўцы ў галіне права, беларускія і замежныя палітыкі і дыпляматы, а таксама былыя палітзьняволеныя і іхныя сямейнікі.

Адна з дыскусій кангрэсу была прысьвечаная ўразьлівым групам сярод палітзьняволеных. Прыводзім чатыры выказваньні ўдзельнікаў.

«Сэксуальная арыентацыя разглядаецца ў судзе як фактар, які пагаршае сытуацыю падсуднага»

Дзьмітры Лепрэтар
Дзьмітры Лепрэтар

Дзьмітры Лепрэтар, адвакат:

«Як частка грамадзянскай супольнасьці людзі ЛГБТ+ бралі ўдзел у мірных пратэстах. З таго моманту мне невядомая аніводная ініцыятыва, якая б захавалася ў Беларусі. Яны ўсе знаходзяцца ў выгнаньні. Калі справа датычыць ЛГБТ+, то ўсе гады кіраваньня Лукашэнкі гэтыя людзі зазнавалі перасьлед.

Пасьля 2020 году пачалося капіяваньне практык, якія зараз адбываюцца ў Расеі — прыняцьце законаў, якія абмяжоўваюць выказваньне меркаваньняў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. Калі прадстаўнікоў ЛГБТ+ затрымліваюць і запісваюць зь імі відэа, то іх змушаюць рабіць камінгаўт. Сілавікі радуюцца, калі знаходзяць вясёлкавыя сьцягі ці прадметы прыватнага характару. Яны гэта выкладваюць у інтэрнэт і актыўна смакуюць. Гэтым сілавікі распальваюць гамафобію і трансфобію ў грамадзтве.

Турэмная культура і парадкі накіраваныя на зьдзек зь людзей ЛГБТ+

У турме да прадстаўнікоў ЛГБТ+ асаблівае стаўленьне. Іх прыніжаюць, вельмі жорстка да іх ставяцца. Часам на стадыі сьледзтва іх шантажуюць раскрыцьцём іх арыентацыі. Турэмная культура і парадкі накіраваныя на зьдзек зь людзей ЛГБТ+. Мы ведаем выпадкі, калі пытаньні гендэрнай ідэнтычнасьці і сэксуальнай арыентацыі разглядаліся падчас судовых працэсаў. Гэта расцэньваецца як фактар, які пагаршае сытуацыю падсуднага, бо для суду гэта нібыта праблема маральнасьці чалавека. Такім людзям патрэбен асаблівы падыход і пасьля вызваленьня».

«У 86% вязьняў з хранічнымі хваробамі стан у калёніі пагоршыўся»

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Вольга Вялічка, псыхоляг, «Physicians for Truth and Justice»:

«Мы праводзілі апытаньне вязьняў, якія вышлі на волю. Гэта 105 чалавек, не абавязкова палітвязьні. Усяго было 46 пытаньняў. 80% вязьняў — гэта мужчыны. На пытаньне пра хранічныя хваробы 42% сказалі, што іх маюць. Амаль 62% прайшлі мэдагляд пасьля таго, як трапілі ў калёніі. Але большасьць зь іх сказалі, што мэдычны агляд быў фармальным.

Людзі з хранічнымі захворваньнямі, якія ехалі ў калёнію, мелі ўжо пры сабе дакумэнты ад цывільных устаноў. 86% адказалі, што ў калёніі іхны стан пагоршыўся.

Мы пыталіся, як людзі ацэньваюць забясьпечанасьць лекамі ў калёніі. 36% адказалі, што яна кепская. Большасьць прэпаратаў у турмах — беларускай вытворчасьці. А калі нехта павінен атрымліваць іншыя, то ўзьнікае праблема. Калі лекары ў калёніі такія прэпараты прымяняюць, то гэта зьяўляецца парушэньнем пратаколаў. 23% расказалі нам, што ўвогуле ня бачылі ніколі там лекараў. 21% адказаў, што забесьпячэньне лекамі здавальняючае.

51% сказаў, што маюць адчуваньне, што людзі закладнікі

Перад тым, як зьмясьціць чалавека ў ШЫЗА, зь ім абавязкова павінен паразмаўляць псыхоляг і лекар, які робіць агляд. Больш за тое, доктар павінен прыходзіць штодзённа і заносіць дадзеныя ў гісторыю хваробы. Але вельмі мала калі ў ШЫЗА прыходзіў лекар. 91% сказалі, што на іх аказваўся псыхалягічны ціск. 8,6% адказалі, што не.

Было пытаньне «Ці патрэбная вам была псыхалягічная дапамога?». 17% адказалі, што не, бо яны ня вераць псыхолягам. 36%, што не. 46,7% зьвярталіся.

Мы таксама пыталіся «Што было для вас самым складаным падчас адбыцьця пакараньня?». 75,2% адказалі, што гэта было разуменьне несправядлівасьці ўтрымліваньня. Таксама сярод адказаў: прыніжэньне чалавечай годнасьці, немагчымасьць адмовіцца ад той сытуацыі, якая ёсьць. 51% сказаў, што гэта адчуваньне, што людзі закладнікі».

«Супрацоўнікі калёніі тэлефануюць дзецям палітзьняволеных жанчын і кажуць, што „ты паедзеш у дзіцячы дом, а твая мама ня вернецца з турмы“»

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

Яўгенія Доўгая, журналістка, кіраўніца ініцыятывы «Палітвязынка»:

«З 2022 года мы вядзем ініцыятыву «Палітвязынка». Гэта мэдыяпраект пра палітзьняволеных у Беларусі. Нам важна паказаць, як пакутуюць беларускі, якія змагаліся за дэмакратыю і трапілі ў турму. Нашай мэтай ніколі не было дзяліць палітзьняволеных на жанчын і мужчын. Наша мэта — паказаць, што такое жаночая турма ў Беларусі.

Адна з жанчын, якую судзілі за антываенную пазыцыю, пасьля вызваленьня сказала: «Калі б было дно дна, то гэта было б Антошкіна». Гэта вуліца, на якой знаходзіцца жаночая калёнія ў Гомлі. У гэты момант гомельскія зьняволеныя шыюць форму сілавікам. Яны адзетыя ў тонкія ружовыя сукенкі. Або ў тонкія пінжакі і спадніцы. Штаны ў калёніі не дазволеныя.

Яны адзетыя ў тонкія ружовыя сукенкі або ў тонкія пінжакі і спадніцы. Штаны ў калёніі не дазволеныя

Перад тым, як ісьці на фабрыку, жанчыны а 6 раніцы прыбіралі ў двары калёніі анучамі лужыны. Кажуць, што ў Беларусі сёньня быў вялікі дождж. Калі б была зіма, то яны б цягалі 60-кіляграмовыя мяхі са сьнегам.

Некаторыя з жанчын у вязьніцы жывуць у рэжыме інкамунікада, пра іх проста нічога невядома. Гэта 67-гадовая Алена Гнаўк. Са студзеня гэтага году пра яе ніхто нічога ня ведае. У яе падазрэньне на анкалягічнае захворваньне.

Палітзьняволеная Вольга Саламенік асуджаная на 7 гадоў. У калёніі яе здароўе зламалася. Яна часта траціць прытомнасьць. Турэмны фэльчар не дазволіў падаць Вользе вады, каб запіць таблеткі. Ён сказаў, што ёй трэба паўзьці, і яна паўзла.

Некаторыя жанчыны пішуць з калёніі, што спрабуюць пагадзіцца з фактам, што, магчыма, ніколі ня стануць мамамі. Асуджаных мамаў пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Іхным дзецям супрацоўнікі калёніі тэлефануюць і кажуць, што «ты паедзеш у дзіцячы дом, а твая мама ня вернецца з турмы». І робяць гэта пры саміх палітзьняволеных. Зьняволеныя жанчыны — гэта велізарная гуманітарная катастрофа. Для саміх жанчын, для іхных сем’яў».

«Ёсьць сьвятары, якія сьвядома не выяжджалі зь Беларусі, каб апынуцца ў турме і служыць для вязьняў»

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

Натальля Васілевіч, «Хрысьціянская візія»:

«Наша арганізацыя займаецца маніторынгам тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні, асабліва хрысьціян. Мы сочым за 22 асобамі, якія належаць да Праваслаўнай царквы. Каталікоў у нас 14 чалавек, і 12 пратэстантаў.

Вернікі ня толькі ўразьлівая група, але і група, якая мае сілу веры, што вельмі часта дапамагае людзям у калёніях. Гэта мы ведаем ад людзей пасьля вызваленьня. Пасьля вызваленьня яны станавіліся фактычна служкамі царквы, служылі для іншых асуджаных. Нават тыя, хто раней адмаўляўся ад веры.

Людзям часам даводзіцца ісьці ў галадоўку, каб дамагчыся візыту сьвятара

У нас ёсьць прыклад сябра, які да таго, як трапіць у турму, адмовіўся ад веры. Ён перастаў быць сьвятаром, пачаў новае жыцьцё. Але, калі ён апынуўся ў калёніі і пабачыў, наколькі людзям там патрэбная пастырская дапамога, каб за іх хтосьці памаліўся, паслужыў, ён вярнуўся ў служэньне і служыў для іх у камэры.

Я ведаю прыклад сьвятароў, якія сьвядома не выяжджалі зь Беларусі, каб апынуцца ў турме, бо гэта быў адзіны спосаб пастарскага візыту. У турме ў многіх людзей узрастае духоўная патрэба. Той, хто ніколі не хадзіў у царкву, пачынае туды хадзіць.

Мы вызначаем 5 асноўных спосабаў парушэньняў правоў на рэлігію. Гэта канфіскацыя аб’ектаў культу, такіх як крыжыкі. Іх забіраюць на стала і робяць гэта вельмі зьняважліва. Нават топчуцца па іх. Гэта таксама адсутнасьць доступу да рэлігійнай літаратуры. Не дабіцца пастарскіх візытаў. Людзям часам даводзіцца ісьці ў галадоўку, каб дамагчыся візыту сьвятара. Але нават тады маглі адмаўляць: то пастар ня той, то царква незарэгістраваная. Вельмі часта вязьням проста забараняюць наведваць царкву».

«Тэрміны для анархістаў і антыфашыстаў пачынаюцца ад 5 гадоў зьняволеньня»

Марына Касінерава
Марына Касінерава

Марына Касінерава, «Беларускі анархісцкі рух»:

«У вязьніцах знаходзяцца анархісты і антыфашысты. Гэтыя супольнасьці падвяргаліся перасьледу яшчэ да 2020 году. Іх перасьледавалі асабліва жорстка і выкарыстоўвалі тыя практыкі, якія іншыя адчулі на сабе ўжо пасьля 2020-га. У фармулёўках абвінавачаньня супраць антыфашыстаў часта гучала, што людзі „прапагандуюць антыфашысцкія погляды“.

У нас пакуль няма нікога, хто б выйшаў пасьля тэрміну адбыцьця пакараньняў

Аб прыватным жыцьці анархістаў не магло быць гаворкі. У іх месцы жыхарства незаконна пранікалі сілавікі і ставілі праслухоўку. Так было ў 2010 годзе. І цяпер публікуюць відэа з кватэраў анархісцкіх актывістаў. Затрымліваюць іх вельмі жорстка. Людзям прысуджаюць вельмі вялікія тэрміны. У нас пакуль няма нікога, хто б выйшаў пасьля тэрміну адбыцьця пакараньняў. Бо тэрміны пачынаюцца сама меней ад 5 гадоў зьняволеньня.

У вязьніцах сёньня знаходзяцца 25 антыфашыстаў і анархістаў. І 7 чалавек затрымалі ў студзені, гэта непаўналетнія, 16-17-гадовыя. Ёсьць сярод іх і дзяўчаты. Раней анархістам давалі нават 19 гадоў. Людзей там катуюць. Сувязі зь імі практычна няма, яны знаходзяцца ў сьпісах тэрарыстаў».

Праскі кангрэс працягнецца тры дні. На задуму ініцыятараў, ён стане плятформай для сумеснага аналізу, дыялёгу і каардынацыі дзеяньняў, якія б дазволілі спыніць гуманітарны крызіс у Беларусі. Кангрэс праводзіць Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі пры падтрымцы амбасады ЗША ў Чэхіі і пад патранажам рэктаркі Карлавага ўнівэрсытэту.

Глядзець і слухаць падкаст-сэрыял Свабоды АРХІПЭЛЯГ БЕЛАГ

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG