У выніку асуджаным даводзілася зафарбоўваць, напрыклад, белыя палоскі фарбай, паведаміў 24 чэрвеня ў Вільні на прэзэнтацыі справаздачы аб месцах прымусовага ўтрыманьня прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксандр Буракоў-малодшы.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ўсяго дзьве жаночыя калёніі — ПК-4 у Гомлі і ПК-24 каля Рэчыцы; жанчыны, асуджаныя першы раз, накіроўваюцца ў гомельскую калёнію.
У справаздачы асобна асьвятлялася пытаньне аб умовах утрыманьня жанчын. Некаторыя правілы, паводле інфармацыі «Вясны», апошнім часам былі больш жорсткімі.
Буракоў згадаў «клетку» у гомельскай калёніі, дзе ўтрымлівалі зьняволеных перад накіраваньнем у СІЗА. «Яна разьмешчана фактычна на вуліцы. Зьняволеныя знаходзяцца па некалькі гадзін у звычайных целагрэйках, у тым ліку зімой. Інакш, як катаваньнем, гэта назваць нельга», — заявіў прадстаўнік цэнтра.
Хоць калёнія жаночая, у ёй, як і ў мужчынскі, таксама прадугледжаны штрафны ізалятар, дзе, паводле зьвестак праваабаронцаў, дзейнічаюць жорсткія правілы: «Пастаянны кантроль з боку канваіра, пасьцельныя прыналежнасьці не выдаюць, у мэддапамозе да вызваленьня з ШІЗА адмаўляюць».
У справаздачы ўказана, што асуджаныя па палітычных матывах фактычна ізаляваны ад знешняга сьвету — «карэспандэнцыя да іх практычна не даходзіць, самім ім лісты ўдаецца адправіць не заўсёды».
«Асуджаныя ў ПК-4 занятыя ў швейнай вытворчасьці, — зазначыў Буракоў. — Іх праца ў месяц ацэньваецца ў 6-7 рублёў. Фактычна гэта бясплатная праца, якую дзяржава выкарыстоўвае для ўласных патрэб, напрыклад пашыву формы для сілавікоў».
Асаблівы акцэнт праваабаронца зрабіў на ўмовах утрыманьня асуджаных жанчын з дзецьмі. Па дадзеных «Вясны», у жніўні 2021 года ў ПК-4 утрымлівалася 17 дзяцей жанчын-вязьняў. Толькі чатыры зь іх жылі зь дзіцем.
«Часта маці дазваляюць знаходзіцца зь дзіцем [толькі] некалькі гадзін у дзень. Гэтая сытуацыя выкарыстоўваецца адміністрацыяй калёніі для ціску, паколькі жанчыну ў прынцыпе могуць пазбавіць кантакту зь дзіцем», — адзначыў Буракоў.
Аўтары справаздачы лічаць, што сацыяльныя і працоўныя правы жанчын у месцах пазбаўленьня волі «неабгрунтавана дыскрымінаваныя», а пазбаўленьне волі жанчын, асабліва цяжарных і ў якіх ёсьць малалетнія дзеці, «павінна мець месца ў вельмі абмежаваных выпадках, калі ёсьць упэўненасьць, што іншыя пакараньні не дасягнуць сваёй мэты».