Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі адзначыў, што асацыяцыі вядомыя такія выпадкі, але яны «ня носяць масавага характару».
«Самы рэзанансны выпадак за апошні час — гэта выхад фільму „Чужое неба“, дзе інфармацыя зьбіралася падманным шляхам. Яшчэ адзін дастаткова гучны эпізод адбыўся некалькі месяцаў таму, калі нібыта журналіст аднаго зь беларускіх выданьняў абтэлефаноўваў з пытаньнямі актывістаў. Хаця гэтае выданьне ўжо даўно не існуе».
Гарэцкі канстатаваў, што сёньня падман і ілжывая інфармацыя сталі ўжо нормай і рэкамэндаваў «не даваць інфармацыі асобе, у сапраўднасьці якой вы ня ўпэўненыя», піша Позірк.
«Кожны раз, калі да вас звяртаецца журналіст, тэлефануе прадстаўнік праваабарончых арганізацый, Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, міграцыйнай службы краіны, дзе вы знаходзіцеся, — зьвярніцеся ў гэтую структуру па пацьверджаньне. Даведайцеся, ці ёсьць там такі чалавек і ці атрымліваў ён заданьне на правядзеньне апытаньня з вамі. І пасьля адказу ўсе рызыкі будуць зьнятыя», — параіў намесьнік старшыні БАЖ.
Пра імаверныя спробы прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі выдаць сябе за іншых людзей, каб выявіць апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі за мяжой, 14 красавіка паведаміла на сваёй старонцы ў інстаграме экс-палітзьняволеная Антаніна Канавалава, якая нядаўна пакінула радзіму.
Канавалава сьцьвярджае, што да яе зьвярнуліся нібыта з расейскага праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» і прапанавалі грошы за інфармацыю. «Стаўка за такое інтэрвію ад 250 да 1500 эўра. Сума грошай будзе залежаць ад таго, якую інфармацыю вы дасьце. Аплата адбываецца наступным чынам: аплачваюць 15% да і 85% пасьля інтэрвію», — напісала яна, адзначыўшы, што нумар асобы, што тэлефанавала, зарэгістраваны ў Чылі.
19 сакавіка кіраўнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак напісаў у сваім тэлеграм-канале пра сьмерць у Літве беларускага палітычнага эмігранта Станіслава Брыкіна. Паводле яго слоў, гэта адбылося 4 сакавіка ў цэнтры для ўцекачоў у Падбродзьдзе. Паводле вэрсіі сьледзтва, мужчына скончыў жыцьцё самагубствам. Трагедыя адбылася на фоне выпушчанага на дзяржаўнай тэлевізіі прапагандысцкага фільму «Чужое неба», адной з гераіняў якога стала жонка загінулага Юлія, якая вярнулася ў Беларусь.
Пра выхад згаданага прапагандысцкага фільму стала вядома 19 сакавіка. Акрамя Юліі Брыкінай, яго героямі стала некалькі палітычных эмігрантаў, якія цяпер жывуць па-за Беларусьсю.
Паводле даных «Нашай Нівы», іх выказваньні пра цяжкасьці эміграцыі былі запісаныя прапагандыстамі падманным шляхам.
Паводле слоў адной з гераінь, знаёмая папрасіла яе паўдзельнічаць у здымках роліку для Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
«Гэта павінна было быць інтэрвію для ўнутранага карыстаньня, каб паказаць патэнцыйным дабрачынцам патрэбы людзей, якія зараз знаходзяцца ў складанай фінансавай сытуацыі. Здымкі праходзілі ў кастрычніку 2024 году», — сказала яна.
«Інтэрвію было неабходнае, каб мне надалі фінансавую падтрымку», — удакладніла жанчына.
Форум