Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Злучаных Штатах арыштавалі лідэра мэксыканскага наркакартэлю


Ісмаэль «Эль Маё» Замбада
Ісмаэль «Эль Маё» Замбада

Адзін з самых магутных у сьвеце наркабаронаў Ісмаэль «Эль Маё» Замбада, лідэр мэксыканскага картэлю Сіналоа, быў арыштаваны фэдэральнымі агентамі ЗША ў Эль-Паса, штат Тэхас.

76-гадовы Замбада заснаваў злачынную арганізацыю разам з Хаакінам «Эль Чапа» Гусманам, які зараз знаходзіцца ў турме ў ЗША. Разам з Замбадам быў арыштаваны сын Гусмана Хаакін Гусман Лопэс, паведаміла ВВС са спасылкай на Міністэрства юстыцыі ЗША.

У лютым амэрыканская пракуратура абвінаваціла Ісмаэля Замбаду ў змове з мэтай вырабу і распаўсюду фэнтанілу, наркотыку, больш моцнага за гераін.

Газэта Wall Street Journal са спасылкай на мэксыканскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў паведамляе, што Замбаду падманам завабіў у самалёт высокапастаўлены член Сіналоа пасьля шматмесячнай апэрацыі Бюро расьсьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі і ФБР.

Міністарка бясьпекі Мэксыкі Роза Радрыгес заявіла, што ўраду было вядома аб затрыманьні Замбады і Лопэса ў ЗША, але мэксыканскія ўлады ня ўдзельнічалі ў апэрацыі па іх затрыманьні.

Прэзыдэнт Мэксыкі заклікаў да поўнай празрыстасьці з боку Злучаных Штатаў адносна захопу.

«Урад Злучаных Штатаў павінен прадаставіць поўную справаздачу, а ня толькі агульныя заявы… павінна быць празрыстасьць», — заявіў Андрэс Мануэль Лопэс Абрадор на сваёй звычайнай ранішняй прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу.

У пісьмовай заяве ўвечары 25 ліпеня генэральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд заявіў, што двое мужчын кіруюць «адной з самых жорсткіх і магутных арганізацый па гандлі наркотыкамі ў сьвеце».

«Фэнтаніл — гэта самая сьмяротная пагроза наркотыкаў, зь якой калі-небудзь сутыкалася наша краіна, і Міністэрства юстыцыі не супакоіцца, пакуль кожны лідэр, удзельнік і паплечнік картэлю, вінаваты ў атручваньні нашых суполак, ня будзе прыцягнуты да адказнасьці», — дадаў ён.

Амэрыканская пракуратура заяўляе, што картэль Сіналоа зьяўляецца найбуйнейшым пастаўніком наркотыкаў у ЗША. Улады ЗША раней адзначалі, што фэнтаніл зьяўляецца асноўнай прычынай сьмерці амэрыканцаў ва ўзросьце ад 18 да 45 гадоў.

Замбада стаў адным з заснавальнікаў картэлю Сіналоа пасьля распаду картэлю Гвадалахара ў канцы 1980-х гадоў. Ён стварыў і падтрымліваў некаторыя з самых раньніх сувязяў з калюмбійскімі картэлямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG