Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У закрытага Чырвонага касьцёла ў Менску новы пробашч


Чырвоны касьцёл
Чырвоны касьцёл

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк падаў просьбу аб звальненьні пасьля 30 гадоў кіраваньня парафіяй, паведамляе katolik.life. 8 ліпеня былому пробашчу касьцёла Сьвятых Сымона і Алены споўнілася 75 год.

Паводле сайту Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, мітрапаліт Юзаф Станеўскі 26 ліпеня прызначыў у парафію новага пробашча — ім стаў ксёндз Франц Рудзь. Нядаўна яго прызначылі біскупскім вікарыем па справах будаўніцтва і рамонту сакральных будынкаў, якія належаць Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і знаходзяцца ў яе карыстаньні. Да гэтага ён быў пробашчам парафіі Маці Божай Будслаўскай у Менску.

Раней пасаду адміністратара парафіі Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены займаў ксёндз Юры Санько. У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што ён звольнены з гэтай пасады.

Пасьля заканчэньня выкананьня абавязкаў пробашча парафіі Ўладзіславу Завальнюку належыцца тытул “эмэрыт”.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Свв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць па зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG