Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парафія Чырвонага касьцёла зьвярнулася да намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі


Чырвоны касьцёл у Менску, Беларусь. Архіўнае фота
Чырвоны касьцёл у Менску, Беларусь. Архіўнае фота

Камітэт парафіі закрытага ўладамі касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены ў Менску апублікаваў 11 ліпеня адкрыты ліст да першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Пяткевіч з просьбай паспрыяць вяртаньню сьвятыні вернікам.

Ліст зьмешчаны на сайце парафіі. Паводле каталікоў, якія накіравалі зварот да Натальлі Пяткевіч, Чырвоны касьцёл — «шэдэўр архітэктурнага дойлідзтва, візытоўка сталіцы Беларусі» — прыходзіць у запусьценьне: ён не праветрываецца, на цокальным паверсе два разы адбыўся прарыў труб ацяпленьня і водазабесьпячэньня, адтуль ідзе пах гнілі, асыпаўся тынк па столі і сьценах, псуецца мэбля, кнігі, іконы і карціны. Таксама ў невядомым стане знаходзіцца дарагі арган.

Падпісанты звароту просяць чыноўніцу паспрыяць вяртаньню сьвятыні вернікам.

Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
  • Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Свв. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць па зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG