Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўную ўзнагароду Канскага кінафэстывалю атрымаў фільм «Анора». Сьпіс пераможцаў


Рэжысэр Шон Бэйкэр на цырымоніі закрыцьця 77-га Канскага кінафэстывалю, 25 траўня 2024 году
Рэжысэр Шон Бэйкэр на цырымоніі закрыцьця 77-га Канскага кінафэстывалю, 25 траўня 2024 году

У Канах завяршыўся 77-ы штогадовы кінафэстываль.

Уладальнікам «Залатой пальмавай галіны», галоўнай узнагароды Канскага кінафэстывалю, стаў фільм «Анора» (Anora) амэрыканскага рэжысэра Шона Бэйкэра.

Фільм распавядае гісторыю рускамоўнай стрыптызэршы, з акторкай Майкі Мэдысан у галоўнай ролі. Дзьве галоўныя мужчынскія ролі ў фільме сыгралі расейскія акторы Марк Эйдэльштэйн і Юры Барысаў. Для 53-гадовага рэжысэра, які зьняў такія фільмы, як «Старлетка» (2012), «Мандарын» (2015) і «Праект Фларыда» (2017), гэта самая прэстыжная ўзнагарода ў кар’еры.

У 2014 годзе, яшчэ да сусьветнай славы, Шон Бэйкер наведваў Беларусь і быў старшынёй журы менскага кінафэстывалю «Лістапад».

Другую паводле значнасьці ўзнагароду — Гран-пры фэстывалю — атрымала драма з Індыі «Усё, што мы ўяўляем як сьвятло» (All We Imagine As Light) рэжысэра Паял Кападыя, якая распавядае пра двух індыйскіх мэдсёстраў.

Узнагароду за лепшую рэжысуру атрымаў партугальскі рэжысэр Мігель Гомэс за фільм «Вялікае падарожжа» (Grand Tour). У цэнтры сюжэту — брытанскі чыноўнік, які ў 1917 годзе ўцякае са свайго вясельля і падарожнічае па джунглях Бірмы.

Спэцпрызам журы адзначаны фільм «Семя сьвяшчэннага інжыра» (The Seed Of the Sacred Fig) пра іранскія пратэсты. Рэжысэра стужкі Махамада Расулафа за некалькі дзён да фэстывалю на радзіме асудзілі да васьмі гадоў турмы.

Лепшым акторам стаў Джэсі Племанс за ролю ў фільме «Віды дабрыні» (Kinds of Kindness) рэжысэра Ёргаса Ланцімаса.

Узнагароды за лепшую жаночую ролю дасталіся адразу чатыром акторкам: Карле Сафіі Гаскон, Селене Гомэс, Зоі Салдана і Адрыяне Пас — яны выканалі галоўныя ролі ў фільме «Эмілія Пэрэс».

Прыз за найлепшы сцэнар атрымаў Каралі Фаржа за фільм «Рэчыва» (The Substance), які больш за ўсіх шакаваў крытыкаў. Гэта хорар пра акторку, якая старэе і вырашае выпрабаваць на сабе радыкальны спосаб амаладжэньня. Галоўную ролю ў фільме адыграла Демі Мур.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG