Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вайсковыя вучэньні NATO ўздоўж межаў з Расеяй і Беларусьсю


Нямецкі вайсковы падразьдзел у Літве. Ілюстрацыйнае фота
Нямецкі вайсковы падразьдзел у Літве. Ілюстрацыйнае фота

Вучэньні пачаліся 31 студзеня і працягнуцца да 31 траўня.

У вайсковых вучэньнях Steadfast Defender 2024, у часе якіх плянуюць удасканаліць абарончыя пляны NATO ва ўмацаваньні эўрапейскай бясьпекі ад патэнцыйнага праціўніка, бяруць удзел каля 90 000 вайскоўцаў з усіх краін Паўночна-атлянтычнага альянсу.

Вучэньні будуць праходзіць да 31 траўня ў два этапы: на першым этапе ў цэнтры ўвагі будзе марское ўмацаваньне праз Атлянтыку і ў Арктыцы, а на другім, які будзе адбывацца зь сярэдзіны лютага да канца траўня, — умацаваньне абароны ва ўсіх сфэрах ад Арктыкі да ўсходняга флянгу.

Вучэньні праходзяць у некалькіх ключавых эўрапейскіх краінах — уздоўж межаў з Расеяй, Беларусьсю і Ўкраінай. У прыватнасьці, адпрацоўваньне абаронных плянаў будзе адбывацца ў Фінляндыі, Эстоніі, Нямеччыне, Грэцыі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Нарвэгіі, Польшчы, Румыніі, Славаччыне, Швэцыі і Вялікай Брытаніі.

У Міністэрстве абароны ЗША паведамілі, што ў вучэньнях будуць задзейнічаныя самалёты F-35, FA-18, Harriers, F-15, верталёты і мноства бесьпілётных апаратаў, больш за 1100 баявых машын, у тым ліку звыш 150 танкаў, 500 БМП і 400 БТР.

Сцэнар вучэньняў распрацаваны на падставе падзеяў, якія могуць адбыцца паводле артыкулу 5 статуту NATO, «выкліканых фіктыўнай атакай на альянс, распачатай блізкім праціўнікам».

У той жа час у арганізацыі заявілі, што гэтыя вучэньні не накіраваныя супраць якой-небудзь канкрэтнай краіны.

«У непрадказальнай абстаноўцы бясьпекі мы павінны заставацца гатовымі стрымліваць усе пагрозы і абараняць усіх хаўрусьнікаў. [...] Steadfast Defender плянаваўся гадамі, але вучэньні ўключаюць пляны абароны, заснаваныя на дзеяньнях Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.

У Міністэрстве абароны ЗША адзначылі, што Расея разьвязала найбуйнейшую вайну ў Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны, калі ўварвалася ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

«Захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны будзе фармаваць наша разуменьне канфлікту на доўгія гады», — адзначаецца ў паведамленьні.

У Эўрапейскім камандаваньні NATO заявілі, што правядзеньне вучэньняў Steadfast Defender зьяўляюцца гістарычным момантам для арганізацыі, паколькі дэманструе трансатлянтычнае адзінства, моц і рашучасьць перад абліччам новых праблем бясьпекі.

«Паколькі напружанасьць ва Ўсходняй Эўропе захоўваецца, гэтыя вучэньні пасылаюць ясны сыгнал аб тым, што NATO гатовы абараняць сваіх чальцоў, свае каштоўнасьці і падтрымліваць калектыўную бясьпеку ў эўраатлянтычным рэгіёне», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Што папярэднічала вучэньням

30 студзеня Нямеччына, Нідэрлянды і Польшча, якія ўваходзяць у склад NATO, падпісалі дамову, накіраваную на перадухіленьне перашкод для хуткага перамяшчэньня войскаў і зброі празь мяжу па адным з галоўных калідораў ад Паўночнага мора да ўсходняга флянгу NATO.

Як паведаміла агенцтва Reuters, гэта зроблена ў межах падрыхтоўкі на выпадак пачатку ваеннага канфлікту з Расеяй пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. У такім выпадку прадугледжваецца, ЗША і іншыя хаўрусьнікі па NATO накіруюць вялікія вайсковыя падмацаваньні праз парты Паўночнага мора, Нямеччыну і Польшчу на ўсходні фронт.

30 студзеня стала вядома аб павелічэньні вайсковай прысутнасьці Канады ў Латвіі. З пачатку 2024 году Нямеччына павялічвае сваю вайсковую прысутнасьць у Літве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG