У беларускіх школах увядуць новы факультатыў «Мая Айчына», вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 326, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 студзеня.
Згодна з праграмай факультатыву, яго ўвядуць для школьнікаў 5-7 клясаў. Навучальная праграма разьлічаная на 105 гадзінаў (па 35 гадзінаў у кожным клясе).
Мэтай факультатыўных заняткаў называюць «фармаваньне грамадзянска-патрыятычных якасьцяў асобы падлетка».
Сярод задач — фармаваньне ў вучняў каштоўнаснага стаўленьня да сваёй Радзімы, актыўнай грамадзянскай пазыцыі і інш.
Пасьля факультатыва вучні, сярод іншага павінныя мець уяўленьне пра паняцьці «Радзіма» і «Айчына», «знакі дзяржаўнасьці», ідэалёгію беларускай дзяржавы, яе сацыяльна-эканамічныя дасягненьні, ведаць найбольш важныя гістарычныя падзеі Беларусі і вядомых гістарычных і культурных дзеячаў краіны, культурную і гістарычную спадчыну, традыцыі і звычаі беларускага народа, пра «сям’ю як адзін з галоўных складнікаў грамадзтва» і інш.
Сярод тэмаў факультатыва — «Закон і парадак», «Грамадзянінам быць абавязаны», «Адказнасьць за правапарушэньні», «Нормы жыцьця ў грамадзтве» і інш.
Апошнім часам рэжым Лукашэнкі актыўна ўзяўся за «патрыятычнае выхаваньне» дзяцей: у школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрыятычныя клюбы і вайскова-патрыятычныя клясы.
Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, ладзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.
У апошнія гады ў беларускіх школах ужо увялі\анансавалі хуткае ўвядзеньне факультатываў
- па сямейных каштоўнасьцях,
- пра гісторыю і духоўныя каштоўнасьці «Сьвятыні роднага краю» і «Духоўная спадчына Беларусі»,
- факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры»,
- факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму»,
- факультатыў на ангельскай мове «Вайсковы пераклад», на якім, сярод іншага, вучняў навучаць дапытваць палонных,
- факультатыўныя заняткі «Гуляем у хакей» і інш.
Згодна з новай рэдакцыяй Кодэксу аб адукацыі, у школ зьявілася магчымасьць праводзіць факультатывы ў школах у суботу (раней такая магчымасьць была толькі для вучняў старэйшых клясаў).