Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрыятычнае выхаваньне маладых кадраў і іх замацаваньне на месцах». Лукашэнка зацвердзіў Канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Аляксандар Лукашэнка падпісаў першы ў 2024 годзе ўказ, якім зацьвердзіў абноўленую Канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі, паведаміла 4 студзеня ягоная прэс-служба.

Сярод прыярытэтных кірункаў кадравай палітыкі ў Канцэнцыі названыя «процідзеяньне пагрозам кадравай бясьпекі, удасканаленьне мэханізмаў прагназаваньня кадравай патрэбнасьці, стымуляваньне кадраў да падвышэньня прадукцыйнасьці працы і ўзроўню кваліфікацыі, а таксама ўпарадкаваньне працэсаў працоўнай міграцыі».

«Замежныя кампаніі і транснацыянальныя карпарацыі рознымі, часам агрэсіўнымі спосабамі вядуць барацьбу за пэрспэктыўных спэцыялістаў і таленавітую моладзь. Гэта робіць нашу краіну ўразьлівай у пытаньні забесьпячэньня кадравай бясьпекі», — гаворыцца ў дакумэнце.

Сярод мэханізмаў рэгуляваньня працоўнай міграцыі ўказаныя меры «па прадухіленьні адтоку кадраў зь Беларусі», а таксама «стварэньне ўмоваў для вяртаньня кадраў, якія зьехалі за мяжу».

У дакумэнце адзначаецца тэндэнцыя да росту «дэфіцыту кваліфікаваных кадраў па найбольш значных відах эканамічнай дзейнасьці» ў Беларусі.

Канцэпцыя загадвае кіраўнікам усіх узроўняў праводзіць сыстэмную працу з кадрамі і прадугледжвае «значнае падвышэньне іх пэрсанальнай адказнасьці за належнае кадравае забесьпячэньне і ўдасканаленьне моладзевай кадравай палітыкі». Пад апошняй разумеецца «падрыхтоўка да сьвядомага выбару будучай прафэсіі, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаваньне, стварэньне дадатковых умоваў і стымулаў для замацаваньня на працоўных месцах маладых кадраў».

Прыярытэтамі ў кадравай палітыцы на рэгіянальным узроўні названыя «фармаваньне спрыяльнага асяродзьдзя і ўмоваў для замацаваньня кадраў на месцах».

Эфэктыўнасьць рэалізацыі кадравай палітыкі будзе ацэньвацца «з улікам дасягненьня паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны». Пры гэтым будуць улічвацца «сытуацыя на рынку працы, ступень дысбалянсу ў попыце і прапанове кадраў, сыстэмнасьць працы кіраўнікоў з кадрамі, грамадзянская пазыцыя работнікаў і інш».

  • На 4 студзеня ў агульнарэспубліканскай базе вакансій амаль 137 тысяч абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 11,8 тысячы. Штодня на сайце зьяўляецца ў сярэднім больш за тысячу вакансіяў.
  • Паводле Белстату, за 11 месяцаў 2023 году колькасьць занятых у эканоміцы Беларусі скарацілася на 49,1 тысячы чалавек.
  • Колькасьць занятых у беларускай эканоміцы стабільна зьніжаецца цягам апошніх трох гадоў. Штомесячны балянс працаўладкаваньняў і звальненьняў у буйных арганізацыях, якія ўключаюцца ў апэратыўную справаздачу Белстату, складаецца, як правіла, на карысьць звальненьняў.
  • У апытаньнях кіраўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу ў апошнія месяцы на першае месца сярод бар’ераў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю, выйшаў недахоп працоўнай сілы.
  • У канцы 2022 году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі на фоне недахопу кадраў пашырыла сьпіс прафэсіяў, па якіх іншаземцы змогуць працаваць у Беларусі ў 2024 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG