Да 2025 году кожны беларускі школьнік павінен быць ахоплены факультатывам па сямейных каштоўнасьцях, заявіла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі, паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».
«Падзеньне ў дэмаграфіі — тэндэнцыя, зь якой сутыкнуліся многія, у тым ліку разьвітыя краіны. На што ўплывае і павелічэньне сярэдняга ўзросту ўступленьня ў шлюб. У Беларусі гэта 26–30 год. Штогод у краіне да 36 тысяч скасаваньняў шлюбу. Таму прышчапляць сямейныя каштоўнасьці неабходна зь дзяцінства», — патлумачыла Касьцевіч неабходнасьць факультатыву.
Апошнім часам улады ўсё часьцей заклікаюць беларусак нараджаць дзяцей, а таксама выказваюцца на тэму дэмаграфіі і нараджальнасьці. Так, старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Качанава заявіла, што галоўнае ў жыцьці — нараджаць беларусаў, Лукашэнка таксама пэрыядычна заяўляе, што жанчынам трэба нараджаць, а Васкрасенскі — што беларускі народзяць новых дзяцей «замест тых, што зьехалі».
У Беларусі ў апошнія гады штогод на 10% зьніжаецца нараджальнасьць, сьведчаць словы намесьніцы дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алены Гашкевіч. Вайна, эканамічныя цяжкасьці, палітычныя рэпрэсіі апошніх гадоў — усё гэта не спрыяе пазытыўнай ацэнцы сьвету, таму людзі не сьпяшаюцца заводзіць дзяцей, адзначаюць незалежныя экспэрты.
Як вынікае са статыстыкі Белстату, за апошні год насельніцтва Беларусі скарацілася на 54,9 тысячы чалавек, за два гады Беларусь страціла 148 тысяч чалавек, за пяць гадоў — 248 тысяч. Сярод прычынаў і масавая эміграцыя беларусаў з прычыны хвалі рэпрэсіяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году: з гэтага часу Беларусь, паводле розных падлікаў, пакінулі ад 200 да 500 тысяч чалавек.
Насельніцтва Беларусі няўхільна старэе, сярэдні ўзрост насельніцтва расьце і складае ўжо 41,2 года: 38,4 года для мужчын і 43,6 для жанчын. На 1000 чалавек працаздольнага ўзросту (ад 16 гадоў да пэнсіі) у Беларусі цяпер прыпадае 401 пэнсіянэр і 303 дзіцяці (яшчэ 5 гадоў таму было 439 пэнсіянэраў і 311 дзяцей).