Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў школьную праграму ўвялі факультатывы пра гісторыю і духоўныя каштоўнасьці


Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Воўчыне, ілюстрацыйнае фота
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Воўчыне, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі расказала, што будзе ўваходзіць у праграму факультатыўных заняткаў.

У школах зьявяцца два новыя факультатывы — «Сьвятыні роднага краю» і «Духоўная спадчына Беларусі», на якіх вучням будуць расказваць пра беларускую гісторыю і духоўныя каштоўнасьці. Адпаведную пастанову Міністэрства адукацыі апублікавала на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Факультатыў «Сьвятыні роднага краю» ўвялі для вучняў 9 і 10 клясаў. Праграма разьлічана на два гады, па 35 навучальных гадзін на кожны год навучаньня, і нацэлена на «набыцьцё і сыстэматызацыю вучнямі паглыбленых ведаў пра свой край, рэгіён, краіну».

Сярод тэмаў першага году — «Помнікі матэрыяльнай культуры», «Страчаная спадчына» і «Знакамітыя землякі». На другі год школьнікам будуць расказваць таксама аб узьнікненьні канфэсій на тэрыторыі краіны, беларускіх сьвятынях і сьвятых. Раскажуць пра спадчыну са сьпісу UNESCO.

Гадавы факультатыў «Духоўная спадчына Беларусі» прызначаны для вучняў 6-х клясаў, прадугледжана па адным занятку на тыдзень. Праграма навучаньня ахоплівае пэрыяд ад пачатку IX стагодзьдзя і да 1569 году, яе мэта — «фармаваньне патрыятычных і духоўна-маральных якасьцяў асобы навучэнца шляхам вывучэньня духоўнай спадчыны Беларусі пэрыяду першых дзяржаўных утварэньняў на яе тэрыторыі і часоў Вялікага Княства Літоўскага».

У праграме факультатыву ёсьць такія тэмы, як «Унёсак полацкіх князёў у фармаваньне духоўнай спадчыны беларускага народу», «Паходжаньне назвы „Белая Русь“», «Захаваньне гістарычнай памяці пра дзеячаў і падзеі беларускага мінулага», «Геральдыка беларускіх гарадоў», архітэктурныя стылі, «Культура этнічных меншасьцяў» і іншыя.

Скончыцца факультатыў падагульненьнем вывучанага, у прыватнасьці выставамі малюнкаў, макетаў пабудоў, фатаграфій і пісьмовых твораў вучняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG