Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць настаўнікі пра магчымасьць замены астраноміі на «Асновы праваслаўнай культуры»?


Урок у беларускай школе. Ілюстрацыйнае фота
Урок у беларускай школе. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі плянуе скарэктаваць тыпавыя вучэбныя пляны ў школах. Гэта вынікае з ініцыяванага міністэрствам абмеркаваньня ў тэлеграм-канале.

Прапануюцца розныя варыянты вывучэньня астраноміі, чарчэньня, факультатываў «Асновы праваслаўнай культуры» і «Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця».

Паводле чыноўнікаў, астраномію можна пакінуць абавязковым прадметам (як і раней, вывучаецца ўсімі вучнямі ў ХІ клясе з выстаўленьнем адзнак у балах) альбо зрабіць факультатывам, на выбар вучняў.

Затое факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры» прапануецца зрабіць абавязковым. Тут разглядаюцца варыянты: ці пачаць яго абавязковае вывучэньне з трэцяй або пятай клясы, ці пакінуць права выбару школьнікам і бацькам. Меркаваньні разгледзіць адмысловая рабочая група.

«Прыбраць астраномію будзе неразумнай ідэяй»

Вядомы настаўнік астраноміі ў ліцэі БДУ Віктар Малышчыц сказаў Свабодзе, што «пры самым горшым раскладзе можа здарыцца так, што астраномію прыбяруць, а „Асновы праваслаўнай культуры“ ўвядуць».

Віктар Малышчыц
Віктар Малышчыц

«Астраномія ў нас заўсёды была. Напрыклад, Расея прыбрала гэты прадмет — і амаль праз 30 гадоў зноў яго вярнула. Бо гэта адзін з асноўных прадметаў, які фармуе сьветапогляд чалавека, дае карціну сьвету, у якім ён жыве, — кажа Віктар Малышчыц. — Плюс ён нядрэнна зьвязвае многія іншыя прадметы між сабою, бо выкарыстоўваецца там база фізыкі, матэматыкі, хіміі і геаграфіі. У вядучых краінах, як ЗША і Нямеччына, астраномія таксама прысутнічае ў школьнай праграме. У некаторых нямецкіх школах няма інфарматыкі, але ёсьць астраномія. Таму прыбраць яе будзе неразумнай ідэяй».

Паводле Віктара Малышчыца, як можна заяўляць, што краіна рвецца ў космас, калі гэты космас выкіне са школы?

«Астраномія — гэта адна з навук, якая дынамічна разьвіваецца. Нягледзячы на поўную „непрактычнасьць“, бо трактароў астраномы не будуюць і збожжа не ўбіраюць, ва ўсім сьвеце яна атрымлівае вялікае фінансаваньне і зьяўляецца адной з самых перадавых. Таму гэты прадмет у школах нічым ня горшы за хімію, біялёгію і геаграфію».

«Што рабіць дзецям каталікоў, татараў, атэістаў, агностыкаў, пратэстантаў?»

Чаму цяпер паўстала пытаньне пра абавязковае вывучэньне «Асноваў праваслаўнай культуры» замест той жа астраноміі? Як ставіцца да такой пэрспэктывы вядомая настаўніца Ганна Севярынец?

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

«Я магу прапанаваць Міністэрству адукацыі наогул пакінуць 4 гады навучаньня, табліцу множаньня, альфабэт, Закон Божы і „труды“. Эканомія — мільёны. Школы зачыніць: хопіць такой хаты, у якую ўсе клясы пасадзіць побач і адзін настаўнічак — аднаму табліцу множаньня, другому альфабэт, трэцяму Закон Божы, і ўсё. Я думаю, што на гэтым наша Міністэрства адукацыі нарэшце супакоіцца».

Настаўніца кажа, што яшчэ ніводнага разу астраномію не зьбіраліся мяняць на Закон Божы. Гэта навіна менавіта гэтага году.

«Гэта нейкі ківок, нейкая падзяка Беларускай праваслаўнай царкве за тое, што яна падтрымала існы рэжым у ягоным гвалце, жорсткасьці і непавазе да людзей, — кажа Ганна Севярынец. — Бо астраномія не пра гэта, а „Асновы праваслаўнай культуры“, відаць, пра гэта. Гэта ў праваслаўнай культуры трэба „чціць“ цара-бацьку і сядзець ціхенька пад лаўкай».

Паводле Ганны Севярынец, пры ўвядзеньні абавязковага вывучэньня «Асноваў праваслаўнай культуры» паўстае пытаньне: што рабіць дзецям каталікоў, татараў, атэістаў, агностыкаў, пратэстантаў?

«Гэта ніколі нікога не хвалявала. Між іншым, нават у царскай Расеі асабліва ў беларускіх дзяцей была магчымасьць мець той закон, які ты вызнаеш, калі ты каталік, альбо юдэй, альбо калі ты праваслаўны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG