Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўе, міліцыя, «вайсковы патрыятызм». Чым і як тлумяць галовы беларускім дзецям


Дзеці ў школьным садочку ў Рагачове. Фота з тэлеграм-каналу адзьдзелу адукацыі Рагачоўскага райвыканкама https://t.me/oorogachev
Дзеці ў школьным садочку ў Рагачове. Фота з тэлеграм-каналу адзьдзелу адукацыі Рагачоўскага райвыканкама https://t.me/oorogachev

Натальля Качанава заявіла, што патрыятычнае выхаваньне трэба пачынаць з 3-4 гадоў. Улады заявілі, што ў Беларусі сярод дзяцей 7-14 гадоў 80% — акцябраты і піянэры. А што думаюць пра патрыятычнае выхаваньне бацькі і што гаворыць псыхоляг?

«Ня рана займацца патрыятычным выхаваньнем у 3-4 гады»

26 красавіка старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава наведала дзіцячы садок № 6 Фаніпаля. «Шмат часу хлопчыкі і дзяўчаткі бавяць у цэнтры патрыятычнага выхаваньня», — паведаміла газэта «Мінская праўда».

Пра патрыятызм у дзіцячым садку гаварыла і Натальля Качанава:

«Патрыятычнае выхаваньне трэба пачынаць з раньняга, дашкольнага ўзросту. І хоць нехта гаворыць, што ў 3-4 гады яшчэ рана, я лічу, што ня рана. Гэта важна: менавіта ў дзіцячым садку прывіваць любоў да сваёй краіны».

15 красавіка старшыня Цэнтральнага савету піянэрскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова заявіла, што ў Беларусі сярод дзяцей 7-14 гадоў 80% — піянэры.

Свабода вывучыла зьмест сацыяльных сетак некаторых дзіцячых садкоў Беларусі: выглядае, дашкольныя навучальныя ўстановы актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей.

«Наведваньне храма — адзін з мэтадаў уцаркоўленьня дашкольнікаў»

Адзін з самых распаўсюджаных сюжэтаў у Іnstagram ці Telegram дзіцячых садкоў Беларусі — сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі. Яны сьведчаць, што на праваслаўны Вялікдзень, у красавіку, сярод дашкольнікаў праводзіліся конкурсы, выставы, конкурсы, гутаркі са сьвятарамі. Дзеці малявалі «сымбалі Вялікадня» — булкі і яйкі, размалёўвалі яечкі з кардону. Напрыклад, сацсеткі дзіцячага садка № 7 Рагачова сьведчаць, што яго выхаванцы наведалі храм, дзе адпраўлялася дзіцячая Велікодная літургія.

«Дзеці ня толькі наведалі храм, але і прычасьціліся, атрымалі бясцэнныя і незабыўныя ўражаньні ад наведваньня храма», — напісалі супрацоўнікі садка.

Бацюшка ў дзіцячым садку Рагачова. Фота з тэлеграм-каналу адзьдзелу адукацыі Рагачоўскага райвыканкама https://t.me/oorogachev
Бацюшка ў дзіцячым садку Рагачова. Фота з тэлеграм-каналу адзьдзелу адукацыі Рагачоўскага райвыканкама https://t.me/oorogachev

Апроч наведваньня царквы, выхавальнікі гэтага дзіцячага садку ў красавіку правялі ранішнік пад назвай «Вялікдзень у госьці да нас прыйшоў!».

«Звонкімі песьнямі і вершамі, гульнямі, тэатральнымі мініятурамі праслаўлялі дзеці доўгачаканае сьветлае вясновае сьвята», — выказаліся пэдагогі.

Не адсталі ад іх і калегі з садка № 12 Рагачова. Яны ў красавіку звадзілі дзяцей у іншую царкву.

«Наведваньне храма зьяўляецца адным з мэтадаў уцаркоўленьня дзяцей дашкольнага ўзросту. Іх знаёмяць з праваслаўнымі традыцыямі, выхоўваюць павагу да Радзімы, памятнікам культуры, даюць уяўленьне аб праваслаўнай царкве . Асаблівае захапленьне ў дзяцей выклікаў гук званоў. Экскурсія пакінула незабыўны сьлед у сэрцах дзяцей», — далі справаздачу выхавальнікі садка.

Прывучаюць да праваслаўя ня толькі дашкольнікаў, але і школьнікаў.

«Перад сьветлым Хрыстовым Уваскрэсеньнем школьнікі прынялі ўдзел у прыбіраньні тэрыторыі храма ў гонар Казанскай Божай Маці», —піша адміністрацыя Лучынскай базавай школы Рагачоўскага раёну.

Актывісты БРСМ у Хойніках. Фота Гомельскага абласнога ўпраўленьня адукацыі
Актывісты БРСМ у Хойніках. Фота Гомельскага абласнога ўпраўленьня адукацыі

Не застаецца ўбаку і БРСМ.

«У межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі „Аднаўленьне сьвятынь Беларусі“ валянтэры Хойніцкага каледжу прывялі да ладу тэрыторыю Сьвята-Пакроўскага жаночага манастыра», — паведамляе Гомельскае абласное ўпраўленьне адукацыі.

Падобныя акцыі і справаздачы пра іх разьмешчаныя і на сацыяльных сетках многіх беларускіх садкоў і школ. Напрыклад, 27 красавіка ў дзіцячым садзе № 110 Віцебску «у межах сьвяткаваньня Вялікай Пасхі» прымалі дэлегацыю адміністрацыі Першамайскага раёну Менску. У яе склад увайшлі прадстаўнікі аддзелу адукацыі, кіраўнікі школ і праваслаўны сьвятар.

Міжнародныя дасьледаваньні паказваюць, што Беларусь уваходзіць у склад найменш рэлігійных краін сьвету. Пра гэта сьведчаць апытаньні WIN/Gallup International, якія праходзілі ў 2008, 2009 і 2015 гадах.

У топ-20 найменш рэлігійных краін сьвету Беларусь заняла 14-е месца з паказьнікам рэлігійнасьці 34%. Такая ж доля рэлігійных людзей зарэгістравана ў Аўстраліі, Нямеччыне, Азэрбайджане, Кубе і Віетнаме. У пяцёрку найменш рэлігійных трапілі Нідэрлянды (26%), Чэхія (23%), Швэцыя (19%) Японія (13%) і Кітай (7%).

Памяць пра Вялікую Айчынную, мілітарызацыя, міліцыя

Апроч патрыятычнага «праваслаўнага» выхаваньня, дашкольнікам прывіваюць любоў да традыцый савецкага часу. У тым самым садку № 7 Рагачова дашкольнікі наведалі помнік Вялікай Айчыннай вайны і «прыбралі яго». На здымках відаць, што дзеці грабуць сьмецьце цацачнымі грабелькамі.

У гомельскім спэцыялізаваным дзіцячым садку № 3 выхоўваюцца дзеці з парушэньнямі зроку. Яны таксама былі задзейнічаныя ў «патрыятычных мерапрыемствах» падчас рэспубліканскага суботніка. Дашкольнікі «наводзілі парадак і высаджвалі кветкі». На здымках можна пабачыць дзяцей у акулярах, якія капаюцца ў кветніках і беляць дрэвы.

У Гарадзецкай спэцыяльнай школе-інтэрнаце (Рагачоўскі раён) дзяцей вучылі садзіць і вырошчваць памідоры. Не абышлося без ідэалёгіі. Пікіраваньне расады праходзіла пад чырвона-зялёнымі колерамі — такія аркушы паклалі каля памідорных каліў.

У дзіцячым садку № 121 Гомля прайшлі заняткі, прысьвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

«Памяць пра вайну мусіць пільна перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне як імунітэт супраць любой вонкавай агрэсіі і нацыяналістычнай варожасьці», — напісала адміністрацыя садка.

У садок № 11 Гомля прывіваць патрыятызм дзецям запрасілі пракурора. Тут прайшло музычная падзея «Ліст пра Беларусь».

«Пракурор расказала дзецям пра подзьвіг беларускага народу ў гады вайны, пра ваенныя падзеі, якія тычыліся кожнай сям’і беларусаў. Мэта мерапрыемства — пашырыць веды дзяцей пра гістарычную мінуўшчыну нашай краіны, разьвіваць павагу да дзяржаўных сымбаляў, выхаваць пачуцьцё любові і гонару за сваю Радзіму», — патлумачыла адміністрацыя садку.

Школьнікі ў Рагачоўскім раёне. Фота адзьдзелу адукацыі Рагачоўскага раёну
Школьнікі ў Рагачоўскім раёне. Фота адзьдзелу адукацыі Рагачоўскага раёну

Мерапрыемствы ў садках і школах з удзелам міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў праходзяць рэгулярна. Напрыклад, у магілёўскай школе № 37 ваенрукі, апроч ужо «традыцыйных» Дня народнага адзінства, Дня яднаньня з Расеяй і Дня Перамогі мусяць праводзіць «інфармацыйныя гадзіны, накіраваныя на папярэджаньне дэструктыўнага інфармацыйнага ўзьдзеяньня на ўдзельнікаў навучальнага працэсу».

У той жа школе № 39 вайсковы кіраўнік адказвае за падрыхтоўку акцый «Назад у СССР», «Служым Беларусі!», «Да абароны Айчыны гатовы!» і супрацоўніцтва школы з вайсковымі часткамі.

На тэрыторыі вайсковых частак МУС дзейнічаюць 18 вайскова-патрыятычных клюбаў, у якіх удзельнічаюць 1,5 тысячы чалавек. Створана таксама 11 клюбаў пры вайсковых частках Міністэрства абароны, якія наведваюць 500 дзяцей.

Што пра гэта думаюць бацькі

У шматдзетнай маці Ларысы (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) трое дзяцей ходзяць у школу, узрост іх розны, пачынаючы з малодшых клясаў. Ларыса кажа, што дзеці прыносілі заявы са школы, каб бацькі далі згоду на ўступленьне ў піянэры. Аднак як мінімум некалькі сем’яў адмовілася.

«Ведаю, што ў нашых клясах мы не адзіныя бацькі, хто напісаў адмову. І нам пакуль за гэта нічога не было. Як і не было прымусу ўступаць у піянэры. Можа быць, гэта таму, што ў нас вясковая школа і тут моцна не напружваюць», — лічыць Ларыса.

Яна заўважыла, што ўступленьне ў піянэры цягне за сабой дадатковыя фінансавыя выдаткі, бо за гальштук і значок у школе патрабавалі каля трох рублёў. Маці школьнікаў дадала, што дзяцей далучацца да вайскова-патрыятычнага ці ідэалягічнага выхаваньня не прымушаюць, але «мякка прапаноўваюць». Сярод іншага прыгадвае і паездку на «Лінію Сталіна».

«Гэта каштавала 80 рублёў. Мы не пагадзіліся, але былі бацькі, якія пагадзіліся. Яшчэ ў школе стала больш мілітарызацыі, бо прыяжджалі нейкія „выязныя музэі“, якія паказвалі дзецям зброю і вучылі абыходзіцца зь ёй. І прывозілі выставу са здымкамі з канцлягераў. Мне, дарослай, было б блага ад такога, а тут малыя дзеці», — кажа Ларыса.

Марыя (імя зьмененае з пытаньняў бясьпекі. — РС) сутыкнулася з тым, што ейнай дачцэ (вучыцца ў малодшых клясах, — РС) заявілі, што 100% вучняў мусяць уступіць у піянэры. Па словах жанчыны, бацькам паведамілі, што ў адваротным выпадку трэба будзе забраць дакумэнты са сталічнай гімназіі.

«Дачка была вельмі засмучаная. Бо мы не далі дазволу на піянэры і ёй было страшна, што выганяць са школы», — кажа маці школьніцы. Марыя лічыць, што тое, што робяць цяпер ідэолягі зь дзецьмі, «гэта проста страшна».

У Алены сын ходзіць у 10 клясу. Яна кажа, што не заўважае асаблівага ціску з боку настаўнікаў і адміністрацыі школы наконт БРСМ.

«Нават ня ведаю, ці ўступаў хто-небудзь у ягонай клясе ў БРСМ. У нас нармальная школа, ня ціснуць асабліва. Нядаўна толькі праходзілі хлопчыкі дапрызыўную падрыхтоўку, але гэта абавязкова», — кажа Алена.

У Мікалая (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) дзеці да нядаўняга часу хадзілі ў школу ў райцэнтры. Цяпер сям’я выехала зь Беларусі.

«У нас праблема была ў тым, што дырэктар школы — зацятая „ябацька“. Даходзіла да таго, што яна рабіла праблемы дзецям, чые бацькі ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020-2021 годзе. Тым дзецям паніжалі адзнакі як мінімум, ставіліся перадузята. Дайшло да таго, што мае знаёмыя мусілі пераводзіць дзіця ў іншую школу. Там ужо да дзіцяці не чапляліся», — кажа Мікалай.

«Біцьцё амапаўцамі цаглін на галаве можа выклікаць у дзяцей нэўроз». Думка псыхоляга

Свабода пагутарыла зь дзіцячым псыхолягам Вольгай (поўнае імя не падаем зь меркаваньняў бясьпекі - РС) пра ўплыў ідэалёгіі на дзіцячую псыхіку. Па словах спэцыялісткі, актыўная ідэалягічная апрацоўка ў садках і школах можа выклікаць праблемы ў дзяцей.

— Мы назіраем, як дашкольнікаў водзяць да помнікаў ахвярам вайны, апранаюць дзяцей у вайсковую форму, на іхных вачах выступае АМАП, які б’е цагліны на галаве. Да чаго гэта можа прывесьці?

— Мілітарызацыя ў дзіцячых садках і школе можа выклікаць у дзяцей нэўроз, які праявіцца як мінімум тым, што дзіця будзе грызьці пазногці, можа зьявіцца энурэз. Гэтае біцьцё цаглін на галаве амапаўцаў — кепска для дзіцячай псыхікі. Бо яно разбурае пачуцьцё бясьпекі. У дзяцей мусіць быць разуменьне, што дарослыя людзі абараняюць ад такіх карцін. Тут жа дэманструецца, што сьвет небясьпечны. У дзяцей да сямі гадоў мусіць быць адзіны занятак — гуляць і гарэзаваць. Праз гульню яны вывучаюць сьвет і сацыяльныя ролі ў ім. Калі дарослыя паказваюць, што «Мы ўсіх паб’ём!», значыць, ёсьць у гэтым сьвеце тыя, каго трэба біць. Значыць, гэты сьвет не зьяўляецца бясьпечным.

Важна тое, якія стасункі зь дзіцем склаліся ў мамы і таты, у сям’і. Калі там добры, даверлівы кантакт, калі зь дзіцем размаўляюць, то ідэалёгія пройдзе міма яго. Гэтыя паходы ў міліцыю, паказальныя выступы АМАПу не паўплываюць на дзіця. Прасьцей кажучы, ня зробяць зь яго «маленькага паслухмянага ябацьку».

Нагадаю, што мы, хто жыў у СССР, памятаем пра такія традыцыі, як фарбаваць яйкі на Вялікдзень і хадзіць на Радаўніцу на магілы. Гэта захавалася ў нас не таму, што ў школе так вучылі. А таму, што такія традыцыі захаваліся ў сям’і.

— У краіне пры МУС і Міністэрстве абароны створана 18 і 11 вайскова-патрыятычных лягераў. Ці здольныя яны «прамыць мозг» падлеткам?

— Калі ў падлетка зь дзяцінства добры кантакт з бацькамі, то схіліць яго ў іншы бок цяжкавата. Прычым у сучасных падлеткаў ёсьць інтэрнэт, дзе яны без аповедаў ідэолягаў маюць доступ да вялікай колькасьці інфармацыі. Калі ў падлетка разьвілася крытычнае мысьленьне, то яму ўсялякае абы-што ня скорміш. Але калі падлетак жыве ў нядобрай сям’і, дзе, скажам, злоўжываюць алькаголем, калі падлетак любіць цкаваць аднагодкаў, то яму «зойдзе» такі лягер. Яму пакажуць, што сілай можна шмат вырашыць. І з задавальненьнем падлетак прыме такі інструмэнт. Бо можна ня думаць, а стукнуць адзін раз. Калі ў падлетка нармальная сям’я, з добрым кантактам, то такі лягер нічога, апроч агіды, ня выкліча.

— У Гомлі школьнікаў водзяць на месцы раскопак, дзе да гэтага часу ляжаць шматлікія парэшткі людзей, у школах паказваюць здымкі з канцлягераў. Ці добра гэта для псыхікі дзяцей?

— Гэта проста жахліва, я лічу. Я вучылася ў часы СССР, і нам толькі ці ў 6-й ці ў 7-й клясе паказалі ў музэі карціны Міхаіла Савіцкага. І гэта карціны, а не рэальныя здымкі. Нам тыя карціны паказвалі з пасылам: «Вось так нельга!». А паказваць магілы, канцлягеры — гэта псыхалягічны гвалт над дзецьмі. Дзіцячая псыхіка не гатовая да ўспрыманьня такой інфармацыі. У дзяцей, калі хамяк памірае, гэта вялікая трагедыя. А тут — чэрапы, косьці, зьверствы нацыстаў. Зноў жа — у дзіцяці няма магчымасьці ўбачыць усю карціну ў цэлым, разумець, што адбываецца. Таму тут дзіця чакае толькі нараджэньне страхаў, пазбаўленьне пачуцьця бясьпекі.

— Да чаго чыноўнікі імкнуцца такімі дзеяньнямі?

— Людзі, якія сядзяць у Міністэрстве адукацыі, яны слаба ўяўляюць, што такое псыхалёгія. У нашай краіне такая тэндэнцыя, што пасады займаюць людзі, якія слаба зь імі, пасадамі, зьвязаныя. Якія некалі атрымалі дыплём сельскагаспадарчага ВНУ і цяпер сядзяць у «адукацыі». Такія дзеяньні, «апрацоўка» дзяцей — гэта крывая калька з СССР, але гэта і вычварэнства. Бо ў СССР віселі партрэты Леніна ў садках, дзеці маршыравалі і сьпявалі «Солнечный круг, небо вокруг». У той, савецкай прапаганды не было такой мэты — выклікаць панічныя атакі ў дзяцей, як цяпер, паказваючы АМАП, які б’е цагліны на галаве. Проста цяперашнія чыноўнікі ад адукацыі нешта памятаюць з СССР і спрабуюць гэта зрабіць. Тое, што атрымліваецца, — гэта вельмі сумна.

— Што агульнага паміж праваслаўем, патрыятызмам і ідэалёгіяй?

— Праваслаўе, патрыятызм, ідэалёгія — гэты тры незалежныя ідэі, якія пераўтвараюць у адну, гэта аксюмаран. Гэта ўжо не рэлігія, а палітыка і маніпуляцыя. Падлеткі таксама ня будуць «есьці» гэтую ўсю «кашу», таму што яны будуць абапірацца на тое, што ў сям’і. І ў падлеткаў ёсьць пэўны імунітэт да павучаньняў дарослых, нават да бацькоўскіх. Бо бацькі для іх — гэта «Юрскі пэрыяд», а вось што сябра ў двары сказаў, што ў TikTok убачыў — вось гэта праўда. Але так ці гэтак погляды бацькоў, калі нармальныя стасункі, важнейшыя, чым, скажам, настаўнікаў.

Калі ўсіх дзяцей гуртам вядуць у праваслаўную царкву, а бацькі — атэісты (ці католікі, ці будысты і г. д.), то бацькі маюць права адмовіцца ад такіх паходаў, папярэдзіць пра гэта настаўнікаў.

Калі б законы выконваліся, то ў настаўніка насамрэч няма права рабіць зь дзецьмі тое, супраць чаго ягоныя бацькі. Дзіця прыходзіць у школу атрымліваць веды, вучыцца. Але настаўнікі самі запалоханыя, зацюканыя, ім скідаюць указы «зьверху», і яны іх выконваюць, не разумеючы, дзе іх адказнасьць. Бо ў краіне вар’яцкі дом. Паўтаруся, што толькі добрыя, даверлівыя стасункі, кантакт зь дзецьмі дапаможа выхаваць нармальнага чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG