Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непрыемны сам факт абмежаваньняў». Як беларусы рэагуюць на сыход Tinder


Tinder сярод іншых прыкладаньняў смартфона
Tinder сярод іншых прыкладаньняў смартфона

З 15 лютага папулярная аплікацыя для знаёмстваў Tinder сыходзіць зь Беларусі, выкарыстоўваць яе будзе нельга. Спыталі беларусаў, што яны пра гэта думаюць.

Match Group, кампанія, якая валодае сэрвісам знаёмстваў Tinder, заявіла пра сыход зь беларускага рынку. З уліковых запісаў зь Беларусі немагчыма будзе зайсьці ў аплікацыю і карыстацца ёю.

Усе пляны падпіскі і бонусы будуць дзейнічаць да 15 лютага, а потым абнаўляцца аўтаматычна ня будуць. Таксама, калі карыстальнікі набылі падпіску на большы тэрмін, яна ня будзе працаваць. У сэрвісу можна запрасіць вяртаньне сродкаў, патрачаных на такую падпіску.

Tinder — папулярная ва ўсім сьвеце аплікацыя для знаёмстваў. Гэта дэйтынг-сэрвіс, які ставіцца на тэлефон і дазваляе знаёміцца зь іншымі карыстальнікамі, бачыць іх анкеты і фатаздымкі, перапісвацца і камунікаваць. Сэрвісам карыстаецца больш за 75 мільёнаў чалавек зь дзьвюх сотняў краінаў.

Людзі выкарыстоўваюць сэрвіс, каб шукаць рамантычныя адносіны і проста сяброў і знаёмых. Спыталіся ў беларусаў, для чаго яны выкарыстоўвалі Tinder і што думаюць пра ягоны сыход.

«Ад адсутнасьці Tinder вайна ня спыніцца»

Ульляне (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) крыху больш за 30 гадоў, жыве ў Беларусі і выкарыстоўвае Tinder для знаёмстваў шмат гадоў. Заходзіць туды раз на тыдзень.

«Як і падчас любых новых знаёмстваў, канкрэтнай мэты я сабе ня ставіла, найперш гэта камунікацыя, а там як атрымаецца. Ня тое каб я знайшла там каханьне ўсяго свайго жыцьця, але прыемных людзей там хапала. Ня ведаю, ці ёсьць нейкія альтэрнатывы. Ня хочацца вывучаць нейкія староньнія сэрвісы. Ёсьць нейкія знаёмствы „ЎКантакце“, але імі я дакладна ня буду карыстацца. Можа, людзі зноў пачнуць знаёміцца ў барах, на вуліцы», — кажа суразмоўца.

Ульляна шкадуе, што гэтая аплікацыя больш ня будзе працаваць у Беларусі, і мяркуе, што «краіна ад гэтага ня зьменіцца».

«У мяне не было з гэтай аплікацыяй нейкіх праблем. Я знайшла там шмат добрых людзей, сяброў па зацікаўленьнях, нават людзей, з кім можна пагуляць у настолкі. Са мной там часта знаёміліся людзі, малодшыя за мяне. А людзі малодшыя на 10 гадоў наогул ня ведаюць, як знаёміцца ў бары ці на вуліцы. Беларусь жа не ператворыцца ў нейкую іншую краіну праз сыход Tinder, вайна ад гэтага ня спыніцца, гэта бессэнсоўна», — кажа суразмоўца.

«Непрыемны сам факт, што мы чагосьці пазбавімся»

Ганьне крыху больш за 20, час ад часу выкарыстоўвае Tinder, але «адразу мэты заводзіць стасункі» ў яе не было.

«Мэты пабудаваць сур’ёзныя адносіны зь некім з Tinder у мяне ніколі не было, таму ставілася лёгка. Цікава мець зносіны — супэр, адразу адчуваеш нешта ня тое — няма сэнсу працягваць. У Беларусі я ні разу не пайшла ў выніку на тындэр-спатканьні, ня склалася. Яшчэ па камунікацыі разумела, што ня мой чалавек, таму вырашыла не марнаваць час», — расказвае дзяўчына.

Цікавае знаёмства праз аплікацыю ў дзяўчыны адбылося за мяжой.

«Дапамагло аднойчы, калі я была за мяжой, там Tinder абнавіўся, і я пазнаёмілася зь цікавым мужчынам, вось ужо месяц як камунікуем. Ня факт, што гэта пяройдзе ў адносіны, але мы даўно сышлі з тындэра ў мэсэнджар і там перапісваемся і стэлефаноўваемся. Ня тое што я асабіста нешта страчу пасьля сыходу аплікацыі зь Беларусі, але мне непрыемны сам факт, што мы пазбавімся чагосьці, будуць абмежаваньні. Пра альтэрнатывы ня ведаю і наўрад ці буду шукаць», — кажа суразмоўца.

Яшчэ адзін суразмоўца сказаў, што праз Tinder хадзіў на спатканьні тройчы, але бязь нейкага працягу. Пра сыход папулярнай аплікацыі шкадуе, бо «раптам бы наступным разам спатканьне аказалася ўдалым».

Якія альтэрнатывы

Яшчэ адзін папулярны сэрвіс знаёмстваў Badoo сышоў зь Беларусі ў 2022 годзе, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Аднак, альтэрнатывы ёсьць як у онлайнавым, так і ў офлайнавым фармаце.

У сьвеце існуюць аналягі Tinder, аплікацыі, якія яшчэ працуюць у Беларусі. Ёсьць тэматычныя сэрвісы: знаёмствы па сумяшчальнасьці зацікаўленьняў, знаёмствы для хуткіх спатканьняў і нават сэрвісы для знаёмстваў па канфэсіі.

У Telegram існуюць чат-боты для знаёмстваў, людзі там рэгіструюцца, і пасьля бот паказвае анкеты паводле геалякацыі іншым карыстальнікам. Ёсьць таксама тэматычныя групы для знаёмстваў у сацыяльных сетках, дый самі сацыяльныя сеткі часта выкарыстоўваюцца для гэтага.

Ёсьць варыянты для арганізаваных знаёмстваў і не ў інтэрнэце, хуткія сустрэчы — гэта калі арганізоўваецца сустрэча людзей, якія загадзя на яе рэгіструюцца. Пасьля пары камунікуюць некалькі хвілін па зададзеных арганізатарамі пытаньнях і пасьля мяняюцца. Такім чынам за вечар чалавек можа пазнаёміцца зь вялікай колькасьцю людзей.

Ну і, вядома, можна знаёміцца ў публічных месцах, на канцэртах, у кіно, тэатрах, на вучобе ці працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG