Дэпутат будзе ў сьледчым ізалятары мінімум да 11 студзеня 2025 году, адзначана ў судовых рашэньнях, якія маюцца з распараджэньні Свабоды. Абмежаваньні могуць прадоўжыць, калі да таго часу не завершыцца дасудовае расьсьледаваньне.
Яго вядуць сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў — менавіта яно мае паўнамоцтвы на вядзеньне спраў, у якіх фігуруюць дзяржаўныя чыноўнікі.
Справу супраць Яўгена Шаўчэнкі завялі 11 лістапада. Яму пагражае ад 12 да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці за дзяржаўную здраду.
Якія эпізоды згадваюцца ў справе
Як адзначаецца ў рашэньні суду аб узяцьці Шаўчэнкі пад варту, дэпутат імкнуўся да «ўзмацненьня ўласнага палітычнага становішча ва Ўкраіне» і «свайго матэрыяльнага абагачэньня», і дзеля гэтага ён не пазьней за 1 верасьня 2020 году пачаў дапамагаць «іншаземнай дзяржаве і яе прадстаўнікам» праводзіць падрыўную дзейнасьць супраць Украіны.
Такую дапамогу, паводле сьледзтва, ён ажыцьцяўляў у сваёй інфармацыйнай дзейнасьці, якая была накіраваная на «прапаганду і распальваньне ва ўкраінскім грамадзтве антыўладных і прарасейскіх настрояў». Свае матэрыялы, у якіх навязвалася нэгатыўнае стаўленьне да дзейнай украінскай улады і нэўтральнае — да Расеі, ён разьмяшчаў у СМІ, у тым ліку беларускіх, у сацыяльных сетках і на сваім канале ў YouTube.
«У жніўні 2021 году, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, сустракаўся з прадстаўнікамі дзелавых, палітычных структур і палітычным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, і з спасылкай на яго распаўсюджваў ідэю адсутнасьці пагрозы нападу расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, а таксама пераконваў беларускага прэзыдэнта ў тым, што ён зробіць усё, каб забясьпечыць мір ва Ўкраіне», — адзначаецца ў дакумэнце, які Свабода мае ў сваім распараджэньні.
Пры гэтым сьледчыя падкрэсьлілі, што Яўген Шаўчэнка дакладна ведаў аб правядзеньні супольных беларуска-расейскіх вайковых вучэньняў на тэрыторыі Беларусі з 2021 году да 23 лютага 2022-га, «пад прыкрыцьцём якіх былі сфармаваныя расейскія батальённыя і ротныя тактычныя групы і атрады спэцыяльнага прызначэньня», што 24 лютага 2022 году ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі зь беларускай тэрыторыі.
«Разумеючы цесныя сувязі і ўзаемадзеяньне РФ і РБ [...], усьведамляючы, што РФ выкарыстоўвае РБ і яе прадстаўнікоў у правядзеньні інфармацыйнай барацьбы супраць Украіны, Шаўчэнка Яўген учыняў дзеяньні, накіраваныя на аслабленьне абараназдольнасьці пры дапамозе свайго статусу народнага дэпутата Ўкраіны шляхам распаўсюду ў інфармацыйнай прасторы інфармацыі для ўкараненьня ў грамадзкай думцы грамадзян Украіны прарасейскіх настрояў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Сярод доказаў — фільм, які паказалі ў Беларусі на тэлеканале ОНТ
У матэрыялах справы як доказ фігуруе фільм «Беларусь вачамі Яўгена Шаўчэнкі», які 15 студзеня 2022 году паказалі па беларускім тэлеканале ОНТ. У ім, паводле сьледчых, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны распаўсюдзіў інфармацыю, «накіраваную на дыскрэдытацыю ўсталяванага ва Ўкраіне палітычнага і эканамічнага ладу» і сьцьвярджэньне ў масавай сьвядомасьці думкі аб адсутнасьці ваеннай пагрозы для Ўкраіны з боку Беларусі.
Пры гэтым, паводле сьледзтва, Яўген Шаўчэнка спрабаваў пераканаць украінцаў, што рашэньні ўкраінскай улады «папярэдзіць такія пагрозы» накіраваныя на тое, каб узмацніць недавер паміж украінцамі і беларусамі і выклікаць абурэньне. Дэпутат таксама называў адпаведныя дзеяньні ўлады Ўкраіны «няслушнымі, неабгрунтаванымі і эканамічна стратнымі» і выступаў за неабходнасьць «аднаўленьня дружбы ўкраінскага і беларускага братэрскіх народаў». Імаверна, маюцца на ўвазе ўведзеныя Ўкраінай палітычныя і эканамічныя абмежаваньні на палітычныя кантакты зь Беларусьсю пасьля выбараў 2020 году і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair.
У канцы кастрычніка і пачатку лістапада 2024 году на сваім YouTube-канале (цяпер ужо заблякаваным. — РС) украінскі дэпутат разьмясьціў яшчэ некалькі відэазапісаў. У іх ён працягваў дыскрэдытаваць украінскую ўладу, Захад, эўрапейскія каштоўнасьці, заяўляў, што Захад умешваецца ва ўнутраныя справы Ўкраіны, спрычыніў вайну і спрабуе шляхам уплыву падарваць стабільнасьць у Грузіі і Малдове. Паводле Яўгена Шаўчэнкі, украінская ўлада «падпарадкоўваецца Захаду, які ажыцьцяўляе каляніяльную палітыку датычна Ўкраіны і іншых краін», парушае права на свабоду слова і перасьледуе палітычных апанэнтаў. Ён выступаў за вяртаньне Ўкраіны ў зону «палітычнага і эканамічнага ўплыву Расеі», каб вярнуць свае тэрыторыі.
Як на гэтыя абвінавачаньні адрэагаваў Шаўчэнка і ягоны адвакат
Адвакат заявіў, што расцэньвае агучаныя ў судзе доказы дзяржаўнай здрады Яўгена Шаўчэнкі як спрэчныя. Паводле яго, у матэрыялах справы адсутнічаюць кантакты «прадстаўнікоў варожых краін», а таксама доказы атрыманьня эканамічнай выгады, на якую нібыта разьлічваў дэпутат.
Сам Яўген Шаўчэнка заявіў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
Форум