Што прапануюць зьмяніць
18 лістапада Савет Рэспублікі ўхваліў праект закону «Аб зьмене кодэксаў у пытаньнях адукацыі». Раней гэтыя зьмены прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Вось, якія асноўныя зьмены прапануе законапраект:
- Маладому спэцыялісту, якога звольнілі ў сувязі з прызывам у войска, але не накіравалі на службу, гарантуюць ягоную ранейшую пасаду на працы.
- Мясцовыя органы ўлады будуць мець права арганізоўваць бясплатную перавозку навучэнцаў у межах буйных населеных пунктаў, калі ўстановы адукацыі знаходзяцца далёка ад іх. Таксама мясцовыя органы могуць арганізоўваць давоз навучэнцаў на спартовыя, адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы. Сёньня такі падвоз існуе толькі ў вёсках.
- У старшаклясьнікаў будзе магчымасьць засвоіць праграму падрыхтоўкі кіроўцаў мэханічных транспартных сродкаў (гэта аўтамабілі) і самаходных машын (гэта, напрыклад, трактары).
- Калі нейкая арганізацыя накіравала чалавека вучыцца па мэтавым запыце, а пасьля скасавала дамову з маладым спэцыялістам ці ня выканала яе ўмовы, то яе абавяжуць вярнуць дзяржаве сродкі, затрачаныя на навучаньне.
- Урад будзе мець паўнамоцтвы вызначаць выпадкі пераразьмеркаваньня і перанакіраваньня на працу маладых спэцыялістаў, якія працуюць па разьмеркаваньні. Напрыклад, іх перанакіраваньне ў МУС, Сьледчы камітэт ці Мытны камітэт. Гэта значыць, калі чалавек захоча са сваёй працы па разьмеркаваньні перайсьці ў МУС, то ўрад будзе вызначаць, пры якой умове гэта магчыма.
- Індывідуальныя прадпрымальнікі больш ня змогуць рэалізоўваць праграмы дашкольнай і спэцыяльнай адукацыі. Гэта значыць, ІП ня будуць адкрываць прыватныя ўстановы для дзяцей дашкольнага ўзросту і займацца адукацыяй дзяцей з псыхафізычнымі асаблівасьцямі. Гэта мера закране малакамплектныя дзіцячыя садкі. Улетку гэтага году беларускія ўлады не працягнулі ліцэнзіі большасьці прыватных дзіцячых садкоў.
- Атрымліваць прэзыдэнцкую стыпэндыю можна будзе і тады, калі вучысься на платным аддзяленьні.
Таксама дакумэнт прадугледжвае абавязковы афіцыйны стыль адзеньня для навучэнцаў, шэраг ільготаў для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасьцю і магчымасьць грантаў для абітурыентаў з-за мяжы, каб падрыхтавацца да паступленьня. Новаўвядзеньне закране моладзь з краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Таксама новы дакумэнт уводзіць новы від сацыяльна-пэдагагічнай установы — дзіцячы дом пры манастыры.
Гэты панятак зьявіўся ў законах яшчэ летась, але тыя зьмены тычыліся рэлігійных аб’яднаньняў. Цяпер жа новаўвядзеньне прапісалі і ў законах, якія рэгулююць адукацыю. Гэтая норма прадугледжвае стварэньне дамоў-інтэрнатаў пры манастырах колькасьцю да 20 дзяцей.
Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Савету Рэспублікі Сяргей Сівец адзначыў, што законапраект накіраваны на «пашырэньне правоў і магчымасьцяў навучэнцаў». Таксама новыя праўкі, паводле яго, маюць на мэце «падтрымку» навучэнцаў
«Працягваецца выдаленьне прыватнага сэктару з адукацыі»
Экспэрт у адукацыі, навуцы і інавацыях, сацыёляг Андрэй Лаўрухін зазначае, што дзяржава працягвае выціскаць прыватны сэктар з адукацыі. Сьпярша, на ягоную думку, гэта адбылося з ВНУ, пасьля са школамі. Цяпер і зь дзіцячымі садкамі.
«Гэта крок у тым жа ланцужку: што прыватнікі, якія займаюцца адукацыяй, ня могуць гэта рабіць нават у дашкольнай і ў спэцыялізаванай адукацыі. ІП — гэта таксама форма прыватных адукацыйных паслуг. Дзяржава баіцца пашырэньня нейкай думкі нават на ўзроўні дзіцячых садкоў», — кажа экспэрт.
Ён лічыць, што такімі захадамі дзейная ўлада стратэгічна намацвае сабе будучыню, плянуе яе на дзесяцігодзьдзі. Толькі сёлета ў Беларусі закрыліся тры прыватныя ВНУ: БІП: Унівэрсытэт права і сацыяльных тэхналёгій, Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці, Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.
Андрэй Лаўрухін адзначае і пазытыўныя зьмены ў гэтым законе, скіраваныя на дапамогу. У гэтым экспэрт праглядае крокі дзяржавы насустрач грамадзтву.
«Гэтыя прапановы, хоць і ў хаатычным стылі, але ў іх праглядаецца пазытыўная матывацыя. То бок людзей не пужаюць нейкімі крымінальнымі справамі, а даюць нейкія паслабленьні. Тая ж магчымасьць навучыцца кіраваць машынай ці трактарам... Гэта крокі ў кірунку паляпшэньня сытуацыі, як іх бачаць чыноўнікі», — мяркуе суразмоўца.
Адной з асноўных праблем сфэры адукацыі сёньня ён называе адток кадраў і моладзі зь Беларусі. Бо, паводле экспэрта, бацькі яшчэ са школы думаюць, як адправіць дзіця за мяжу.
«Некаторыя людзі ва ўладзе бачаць гэтую тэндэнцыю — адток моладзі. І бачаць, што нічога ня могуць з гэтым зрабіць. Бацькі ж думаюць пра ад’езд, калі іхным дзецям 14-15 гадоў», — кажа Андрэй Лаўрухін.
Цяпер жа дзяржава спрабуе намацаць «свае інструмэнты ўплыву». Хоць і выглядаюць гэтыя мэтады часам «па-сіроцку», мяркуе суразмоўца.
На жаданьне моладзі застацца дома, на думку экспэрта, уплывае ня толькі магчымасьць хадзіць на працу ці атрымаць бясплатную адукацыю.
«Моладзі важна мець асяродзьдзе, пэрспэктывы. Ці проста прыемна сябе адчуваць. Для гэтага трэба мэтанакіраваную моладзевую палітыку, гэта супрацоўніцтва розных міністэрстваў. Там мусяць быць людзі, якія разумеюць моладзь, яе матывацыю і запатрабаваньні. Мусяць быць сацыялагічныя дасьледаваньні, каб зразумець, чаго сёньня хоча моладзь», — разважае суразмоўца.
Паводле заканадаўства, новыя зьмены ў выглядзе дакумэнта мусяць накіраваць на подпіс Лукашэнку. Калі ён іх зацьвердзіць, зьмены набудуць моц.
Форум