Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» ў Беларусі асудзілі трох чалавек


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

На сёньня беларускія ўлады прызналі 5 арганізацый «тэрарыстычнымі».

Тыдзень таму на запыт КДБ Беларусі Віетнам выдаў Беларусі 34-гадовага былога добраахвотніка Васіля Верамейчыка. Вядома, што ён знаходзіўся ў вышуку ў крымінальнай справе аб дзейнасьці палка імя Каліноўскага, прызнанага ў Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Сёлета ў верасьні полк стаў пятай беларускай структурай, якой Вярхоўны суд надаў такі статус. За «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» ў Беларусі асудзілі ўжо трох чалавек. «Вясна» расказала, якія структуры ў Беларусі прызналі «тэрарыстычнымі арганізацыямі», каго асудзілі за ўдзел у іх.

Якія арганіазцыі прызнаныя «тэрарыстычнымі»

У Беларусі з 2021 году «тэрарыстычнымі арганізацыямі» рашэньнем Вярхоўнага суду былі прызнаныя пяць структур беларусаў:

  • «Атрады грамадзянскай самаабароны» («Отряды гражданской самообороны», ОГСБ),
  • «Супраціў»,
  • Nexta,
  • ByPol,
  • Полк імя Кастуся Каліноўскага.

Каго асудзілі за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі»

Паводле ч. 2 арт. 290-5 Крымінальнага кодэксу «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі» ў сукупнасьці зь іншымі абвінавачаньнямі ў Беларусі асудзілі траіх. Першага чалавека асудзілі ў 2023 годзе.

На 9 гадоў калёніі асудзілі былога вайскоўца

2 чэрвеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе паводле ч. 2 арт. 290-5 КК («Удзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі») і ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») на 9 гадоў калёніі асудзілі 21-гадовага Дзьмітрыя Гудзеева. Сутнасьць абвінавачаньня невядомая, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Мяркуючы па сацсетках, у мінулым траўні ён скончыў тэрміновую службу ў вайсковай частцы 3214 у Менску. У траўні Дзьмітрыя дадалі ў «тэрарыстычны сьпіс» КДБ.

8 гадоў калёніі — за ўдзел у «пляне Перамога» і «экстрэмісцкім фармаваньні»

10 чэрвеня 2023 году ў Гомлі паводле гэтых жа артыкулаў на 8 гадоў калёніі асудзілі 22-гадовага жыхара Сьветлагорску Максіма Драбніцу. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён уступіў у «экстрэмісцкае фармаваньне» плян «Перамога» і нібыта плянаваў падарваць чыгунку ў Сьветлагорскім раёне. Максіма абвінавацілі паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і ч. 2 арт. 290-5 («Удзел у тэрарыстычнай арганізацыі»). Імаверна, падставай для перасьледу паводле другога артыкулу стала сувязь з ByPol. У красавіку 2023 году Максіма дадалі ў «тэрарыстычны сьпіс» КДБ.

10 гадоў калёніі за ўдзел у ByPol і яшчэ дзевяць абвінавачаньняў

8 красавіка 2024 году ў Гомлі на 10 гадоў калёніі паводле дзесяці артыкалаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 2 арт. 290-5, асудзілі 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Іван Сухамераў разьмяшчаў нэгатыўныя публікацыі пра Лукашэнку на сваіх старонках у сацсетках, а таксама матэрыялы, якія заклікаюць міжнародныя арганізацыі да санкцый у дачыненьні да Беларусі, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў УСУ.

Прычынай яго перасьледу паводле ч. 2 арт. 290-5 КК, згодна з абвінавачваньнем, стаў яго ўдзел у ByPol, які быў прызнаны «тэрарыстычным» 30 жніўня 2022 году.

«Гэтыя артыкулы прымяняюцца выключна ў палітычных мэтах»

Як адзначаюць юрысты «Вясны», прызнаньне грамадзянскіх структур тэрарыстычнымі зьяўляецца стратэгічным крокам, накіраваным супраць людзей, каб іх было за што перасьледааваць на падставе закону:

«Для гэтага выкарыстоўваюцца артыкулы Крымінальнага кодэксу: 290-1 („Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці“), 290-2 („Садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці“), 290-3 („Навучаньне або іная падрыхтоўка да тэрарыстычных дзеяньняў“), 290-4 („Стварэньне і ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі“) і 290-5 КК („Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі або ўдзел у такой дзейнасьці“).

Мы можам назіраць, як гэтыя артыкулы прымяняюцца выключна ў палітычных мэтах перасьледаваць тых, хто выказваецца супраць дэ-факта ўлады і аб’ядноўваецца пад альтэрнатыўнымі ідэямі, якія небясьпечныя толькі для ўлады, бо выкрываюць яе хібы і злачынствы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG