Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет міністраў вызначыў, калі беларусам могуць сьпісваць некаторыя даўгі перад дзяржавай


Прызнаньне некаторых запазычанасьцяў фізычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і кампаній безнадзейнымі і магчымасьць іх сьпісаньня прадугледжвае адпаведная пастанова Савету міністраў Беларусі № 720 ад 23 кастрычніка.

Фізычным асобам змогуць дараваць запазычанасьць у выпадку, калі судовыя выканаўцы да 15 ліпеня 2021 году спынілі вытворчасьць, таму што з чалавека няма чаго ўзяць. Гаворка пра сытуацыі, калі ў чалавека няма грошай ці маёмасьці, якія могуць спагнаць у даход дзяржавы (калі сума — да 10 базавых, або 370 рублёў) або пасьля спыненьня выканаўчага вядзеньня прайшло больш за год, калі размова пра больш буйныя сумы (больш за 10 базавых).

У выпадках запазычанасьці ІП і кампаній — яе могуць прызнаць безнадзейнай і сьпісаць, напрыклад, пры ліквідацыі некамэрцыйнай арганізацыі, калі ў яе недастаткова сродкаў. Выключэньне — спажывецкія каапэратывы, дабрачынныя і іншыя фонды.

Таксама ІП і арганізацыям могуць прабачаць даўгі пры выкананьні наступных патрабаваньняў:

  • скончыўся трохгадовы тэрмін з выяўленьня запазычанасьці па абавязковых плацяжах, а па запазычанасьці па абавязковых страхавых унёсках і іншых плацяжах у бюджэт ФСАН і па дзяржаўнай пошліне — з дня ўтварэньня такой запазычанасьці;
  • неажыцьцяўленьне дзейнасьці на працягу апошніх 6 месяцаў запар;
  • адсутнасьць грошай або маёмасьці, на якія можа быць зьвернута спагнаньне;
  • адсутнасьць падставаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, для прыцягненьня да субсыдыярнай адказнасьці або немагчымасьць выкананьня рашэньня эканамічнага суду вобласьці (або Менску) аб прыцягненьні да субсыдыярнай адказнасьці;
  • адсутнасьць грамадзка небясьпечнай дзеі беларускага індывідуальнага прадпрымальніка ці працаўнікоў, уласьнікаў маёмасьці, заснавальнікаў беларускай арганізацыі (тут ёсьць некалькі іншых падстаў, напрыклад — спыненьне крымінальнай справы з прычыны сьмерці чалавека).

Дакумэнт набывае сілу з 26 кастрычніка. Дзейнічаць ён пачне задняй датай — з 14 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG