Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лятарэя з высокімі стаўкамі». За амаль два гады затрымалі пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы ня менш як 260 чалавек


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне пратэстоўца ў Беларусі, 2020
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне пратэстоўца ў Беларусі, 2020

Некаторым беларусам вяртаньне на радзіму каштуе дорага — да 10 гадоў зьняволеньня. Але людзі працягваюць ехаць у Беларусь і трапляюць за краты. Чаму так адбываецца?

Праваабарончы цэнтар «Вясна» палічыў, што ад пачатку году пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы былі затрыманыя сама менш 55 чалавек. Па іх зьвестках, за 2023 год па вяртаньні на радзіму затрымалі сама менш 207 беларусаў. Большасьць «абышлася» адміністрацыйнымі артыкуламі. Але былі і тыя, хто атрымаў крымінальныя справы.

Прычына перасьледу — фота з пратэстаў-2020, данаты «экстрэмістам», камэнтары ў сацыяльных сетках, перасылка «экстрэмісцкіх матэрыялаў», фота зь бел-чырвона-белай сымболікай, здымкі з акцый салідарнасьці за мяжой.

Тацяна Курыліна, асуджаная на 5 гадоў пазбаўленьня волі пасьля таго, як вярнулася ў Беларусь і выступіла ў дзяржаўных СМІ
Тацяна Курыліна, асуджаная на 5 гадоў пазбаўленьня волі пасьля таго, як вярнулася ў Беларусь і выступіла ў дзяржаўных СМІ

Паверылі сілавікам, напісалі ў «камісію па вяртаньні»

На вяртаньне ў Беларусь людзей часам правакуюць сілавікі. Мэтады ў іх бываюць розныя. Праграмай «Дарога дадому», якую рэклямавалі прапагандысты, скарысталася адміністратарка чатаў «97%» Тацяна Курыліна. У 2022 годзе яна вярнулася ў Беларусь, дала інтэрвію БТ, затым атрымала 5-гадовы тэрмін зьняволеньня.

Жыхар Берасьця Ігар Неміровіч напісаў у «камісію па вяртаньні» і прыехаў у Беларусь. Ён атрымаў год калёніі за «абразу Лукашэнкі».

Прапагандысты паказвалі інтэрвію з Тацянай Собаль. Яна вярнулася з-за мяжы. У перадачы жанчына расказвала, як цяжка жыць за мяжой. Пазьней стала вядома, што яна пад крымінальным перасьледам паводле артыкулу «Ўдзел у масавых беспарадках».

Аляксандру Каско пасьля вяртаньня з Польшчы ў Беларусь асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Аляксандра Каско
Аляксандра Каско

Вяртаньне на Радзіму коштам 10 гадоў зьняволеньня

Часам людзей, якія вярталіся з-за мяжы, чакалі тэрміны ў калёніі. Напрыклад, берасцеец Кірыла Гнязьдзілаў, былы міліцыянт, вярнуўся з Польшчы, каб адведаць жонку і дзяцей. Ён атрымаў 8 гадоў калёніі. Наколькі вядома, справа Гнязьдзілава была зьвязаная з «Чорнай кнігай Беларусі».

10 гадоў калёніі суд прызначыў Аляксандры Каско з Горадні. Яе затрымалі па вяртаньні з Польшчы ў 2023 годзе. Аляксандру судзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

З Польшчы ў Беларусь вярнулася жыхарка Берасьця Натальля Левая. Яна атрымала 6 гадоў калёніі за данаты.

Са Швэцыі ў Беларусь прыехала 67-гадовая Галіна Красьнянская. Яе асудзілі на 5 гадоў калёніі за ахвяраваньні беларускім добраахвотнікам.

У 2024 годзе пад перасьлед сілавікоў трапілі адміністратары чатаў беларусаў за мяжой. Па прыезьдзе ў Беларусь затрымалі адміністратараў чатаў «Беларусы ў Партугаліі», «Беларусы ў Шры-Лянцы», лякальных чатаў польскіх гарадоў.

Сілавікі затрымлівалі тых, хто вяртаецца, цэлымі сем’ямі. Так, у 2023 годзе затрымалі за ўдзел у пратэстах Варвару Мядзьведзеву і яе мужа Паўла Мядзьведзева. За ўдзел у пратэстах затрымалі па вяртаньні з Польшчы сям’ю Міхалевічаў.

Па артыкулах «экстрэмісцкай накіраванасьці» няма тэрміну даўнасьці.

Заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак кажа, што фонд цяпер фіксуе рост заявак на дапамогу на 50–80%. Гэта сьведчыць пра ўзмацненьне рэпрэсій. Прычым, кажа Стрыжак, «кейсы, якія да нас прыходзяць, брутальныя, людзей б'юць пры затрыманьні». Заснавальнік BySol падкрэсьлівае, што ня варта думаць, што праз чатыры гады сілавікі «перагарнулі старонку», бо справы «экстрэмісцкай накіраванасьці» ня маюць тэрміну даўнасьці.

«Сілавікі ўсё роўна будуць працаваць па гэтых пытаньнях, таму што яны маюць матэрыяльную зацікаўленасьць і па службе, каб зарабляць сабе, скажам, на выслугу гадоў. Таму ім па барабане, колькі гадоў пройдзе. Таму і праз восем ці дзесяць гадоў усё роўна для іх будуць мець цікавасьць такія людзі. Вядома, калі лукашызм столькі пражыве», — лічыць Стрыжак.

Ён зазначае, што ілюзія тых, хто недзе засьвяціўся — ці на пратэстах, ці на данатах, — можа каштаваць дорага: 3 ці 5 гадоў жыцьця.

Андрэй Стрыжак дадае, што большасьць тых, хто вяртаецца з-за мяжы ці езьдзіць сюды-туды, праходзяць на мяжы паглыблены кантроль. Але, зазначае ён, ніхто ня ведае, наколькі на чалавека хопіць фактуры, каб можна было пасадзіць. Шмат такіх момантаў, што людзі думаюць, што яны з «чыстымі» тэлефонамі ці новымі едуць у Беларусь. Але потым аказваецца, што яны засьвяціліся на нечых кадрах, або на камэрах, або па білінгу тэлефона. «Гэта лятарэя, гэта рулетка з дастаткова высокімі стаўкамі», — кажа Стрыжак.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

У BySol людзі зьвяртаюцца як па кансультацыі, так і па эвакуацыю, і па матэрыяльную дапамогу. Таксама, кажа Стрыжак, працягваюцца спробы вэрбаваць «усіх, каго толькі можна».

Ён мяркуе, што падвышаная актыўнасьць сілавікоў можа быць зьвязаная з тым, што ім трэба пляны пазакрываць ці даць справаздачы пра барацьбу з «экстрэмістамі». «Такая вусьцішная статыстыка і вусьцішны падыход да простых людзей. Абсалютна як гэта было ў 30-х мінулага веку — ёсьць плян, і яго трэба выканаць. І таму гналі пад 7 лістапада „паказьнікі працы“, цяпер гоняць хіба квартальныя там у іх справаздачы», — кажа Стрыжак.

Ён лічыць, што рэпрэсіі працягнуцца, тым больш перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG