Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў-эмігрантаў на завочных судовых працэсах плянуюць канфіскоўваць маёмасьць


Пратэсты ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Пратэсты ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Як будзе дзейнічаць закон аб завочных судах, расказаў на СТВ намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі, старшыня судовай калегіі крымінальных справаў Сяргей Кандрацьеў.

Новы закон датычыць паўналетніх грамадзян Беларусі, якія зьехалі з краіны і супраць якіх завялі крымінальныя справы за ўчынкі «у асноўным падчас пратэставых падзеяў 2020 году».

Органы, якія вядуць крымінальны перасьлед, будуць інфармаваць такіх людзей пра пачаты працэс і запросяць іх вярнуцца дадому. На завочным працэсе ў такога падсуднага абавязкова будзе адвакат. Якім будзе прысуд, асуджанаму таксама абяцаюць паведаміць. Ён будзе мець права абскардзіць рашэньне суду.

Адна з мэтаў завочных працэсаў — «кампэнсаваць шкоду», якую чалавек нібыта нанёс дзяржаве. Таму падчас завочных судоў плянуюць рабіць маёмасныя спагнаньні, у тым ліку канфіскоўваць маёмасьць.

Калі чалавек прыме запрашэньне і вернецца ў Беларусь, то працэс пойдзе ў звычайным вочным фармаце.

21 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», паводле якога ўводзіцца інстытут «спэцыяльнага вядзеньня» — так званыя завочныя суды. Крымінальныя справы змогуць разглядаць, нават калі абвінавачаны за мяжой.

Судзіць завочна змогуць па 48 артыкулах (злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва, супраць дзяржавы, шэрагу іншых злачынстваў, зьдзяйсьненьне якіх нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG