У пачатку верасьня ў сярэднім дарога зь Беларусі ў Польшчу на рэйсавым аўтобусе магла заняць 8–12 гадзін, у той час як на легкавым аўтамабілі людзі стаялі ў сярэднім звыш 20 гадзін, а часам і больш за 24. Улады Польшчы Літвы і Латвіі пэрыядычна гаварылі аб закрыцьці яшчэ большай колькасьці прапускных пунктаў на мяжы зь Беларусьсю. Пазьней рыторыка зьмякчылася з абодвух бакоў.
Свабода пагаварыла зь беларусамі, якія нядаўна перасякалі мяжу з Эўразьвязам, аб тым, колькі часу цяпер трэба на дарогу і як адбываецца дагляд.
«Зь ліпеня ўключылі „тэлевізар“ для валізак»
Беларуска Марыя* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) у верасьні ехала зь Беларусі ў Польшчу і назад. Зь ейных словаў, дарога на аўтамабілі ў Польшчу па-ранейшаму займае шмат часу, людзі «стаяць суткамі». Чэргі, паводле ейных назіраньняў, не паменшыліся. Пры гэтым на беларускім баку надгляд звычайна праходзіць хутка, як і раней.
Зь Беластоку ў Беларусь яна ехала празь Берасьце на машыне. Уся дарога заняла 9 гадзін.
«Зазірнулі ў валізку, у касмэтычкі. Запыталіся, ці алькаголь адпаведна норме, гэта паўсюль пытаюцца», — расказвае яна.
Раней яна езьдзіла з Польшчы ў Беларусь аўтобусам праз Прывалку. Там, мяркуе Марыя, час надгляду на беларускім баку скараціўся дзякуючы таму, што рэчы цяпер правяраюць не ўручную, а прасьвечваюць рэнгенам.
«Зь ліпеня ўключылі „тэлевізар“ для валізак. Раней ён таксама быў, але яго не ўключалі. Магчыма, зламаўся. Перад гэтым уручную яны ўсё-ўсё-ўсё глядзелі, кожную рэч. А цяпер усё відаць на тэлевізары. Нават не адкрываюць валізку, заплечнікі», — кажа суразмоўца.
Паводле яе, мытнікі бачаць, хто зь якой мэтай едзе. Калі па асабістых справах — то вязуць сваё адзеньне, пачастункі родным. Калі «перакіды», то бытавую тэхніку: тэлевізары, лядоўні, пральныя машыны. На аўтобусе езьдзяць пераважна па асабістых справах.
З Горадні ў Беласток за сем гадзін
Яшчэ адна беларуска Ірына ў кастрычніку ехала на аўтобусе з Горадні ў Беласток. Уся дарога ў будны дзень заняла каля сямі гадзін.
«Для мяне гэта было хутка. Ніякіх пытаньняў не задавалі. Вельмі хутка праверылі пашпарты на беларускай і літоўскай мяжы. Гэта быў адзіны аўтобус там тады. Мне падалося, што для кіроўцы гэта таксама быў нармальны час. Хтосьці казаў, што гэта дзякуючы таму, што мала аўтобусаў», — пераказвае яна.
Суразмоўца Свабоды Генадзь, які часта езьдзіць зь Беларусі ў ЭЗ і назад, мяркуе, што час чаканьня на беларуска-польскай мяжы не зьмяніўся. Ён кажа, што ў сярэднім дарога на аўтамабілі з Горадні ў Беласток складае 16-18 гадзінаў. Толькі на мяжы можна прастаяць 12-16 гадзін.
Паводле суразмоўцы, час на пераходным пункце Прывалка павялічваецца ад таго, што там няма зоны чаканьня, як у Берасьці. Таму праз гэты пераход выгадна ехаць «ільготнікам», якія праходзяць па асобнай чарзе: сем’і зь дзецьмі да трох гадоў, раварысты, тыя, хто набывае спэцпропускі.
«На ровары ўправіўся на мяжы менш як за 40 хвілін»
Раварыст Мікола расказаў, што езьдзіў у верасьні ў Літву і вяртаўся назад. З Горадні ён ехаў да пераходу ў Прывалцы на аўтамабілі з роварам у багажніку. Гэта прыкладна паўгадзіны. Перад мяжой сеў на ровар і так яе перасек. Калі ехаў у Літву ранкам працоўнага дня, то перад ім назьбіралася 5-6 ровараў.
«Давялося троху пастаяць, бо літоўцы запускаюць за шлягбаўм па трое раварыстаў. Раварыстам з замежнымі пашпартамі дазваляюць заехаць і чацьвёртым, і пятым, хутчэй. Наперад уся мяжа заняла 1,5-2 гадзіны», — падлічвае Мікола.
Потым яшчэ 10 кілямэтраў ён ехаў на ровары да аўтавакзала ў Друскеніках. Гэта заняло паўгадзіны. Ужо адтуль сеў на аўтобус далей. Аўтобус ад Друскенікаў да Беластоку ідзе 3,5 гадзіны.
Па дарозе назад у Беларусь не было чаргі з раварыстаў.
«Я вельмі хутка праскочыў, зайшоў яшчэ ў краму і ўправіўся менш чым за 40 хвілін», — падсумоўвае суразмоўца.
Звычайна чарга з раварыстаў зьбіраецца ў пятніцу ўвечары, калі дальнабойнікі вяртаюцца дадому. Неяк раней я так зь імі прастаяў да 4-й ці 5-й ранку, хаця прыехаў на мяжу каля дзясятай вечара. Тады сабраліся 20-25 раварыстаў.
Ровар ня скралі яшчэ ні разу. Прышпільваў то каля крамы ў цэнтры, то каля бібліятэкі, дзе было відэаназіраньне. Рабіў фатаздымак на ўсялякі выпадак. Каля аўтавакзала вырашыў не пакідаць, бо там цёмна і няма відэакамэр.
Паводле назіраньняў суразмоўцы, цяпер чэргі аўтамабіляў на мяжы скараціліся. Ён зьвязвае гэта з завяршэньнем сезону адпачынкаў.
«Фураў амаль не відаць. Легкавыя троху было, але няшмат. Падчас усяго лета было відаць, што людзі ехалі не на закупы, а з рэчамі, адзеньнем, ехалі на адпачынак. Курортны сэзон скончыўся, і машын значна менш. Цяпер спакайней, чым было ў пачатку лета», — кажа Мікола.
Ён дадае, што з размоваў з кіроўцамі аўтамабіляў ведае, што тыя стаяць на мяжы па 12-18 гадзін, а хтосьці і суткі.
«Раней гэта ўсё хутка афармлялася. Цяпер усё павольна, ніхто нікуды не сьпяшаецца. Італьянская забастоўка. Адну машыну адбілі, фортку зачынілі, пасядзелі, пахадзілі, пакурылі. Зноў выйшлі. Раварысты хутчэй. Бачаць раварыста, калі не адбіваеш „ваты“, то раз-раз — і паехаў. Ровараў мала прычэплена. Відаць, што многія едуць на працу з торбамі», — гаворыць мужчына.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.