Афіцыйны пропуск
Гэта легальны спосаб, які прапануе Памежны камітэт Беларусі. Пропуск дае права пазачарговага ўезду на тэрыторыю памежнага пункту пропуску. Аднак не паўсюль ім можна скарыстацца. Пропуск ня дзейнічае там, дзе ёсьць сыстэма электроннай чаргі: «Берасьце», «Беняконі», «Каменны Лог» і іншыя. Але дзейнічае на папулярным пункце пропуску «Прывалка».
Яшчэ адзін мінус — высокія кошты. Пропуск на аднаразовы ўезд каштуе 185 рублёў (57 даляраў); на месяц — 555 рублёў (170 даляраў); на год — 3700 рублёў (1140 даляраў). Можна аформіць пазачарговы праезд і на 3 або 6 месяцаў.
Набываць пропускі выгадна, калі чалавек езьдзіць празь мяжу часта, камэнтуе Свабодзе Кацярына* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС), якая часта перасякае мяжу Беларусі з краінамі Эўразьвязу.
«Мая знаёмая езьдзіць ці ня кожны дзень. Яна за некалькі паездак можа адбіць гэтыя грошы. Там тавар прывезла, там кагосьці на падсадку ўзяла. Для адной паездкі гэта, канечне, дорага», — тлумачыць Кацярына.
«Гандаль» дзецьмі
Аўтамабіль, у якім едуць дзеці да трох гадоў або дзеці з інваліднасьцю да 18 гадоў, на мяжы таксама прапускаюць па-за чаргой. Аднак гэтае правіла, зноў жа, ня дзейнічае ў пунктах пропуску, дзе працуе сыстэма электроннай чаргі.
«Машыны з малымі дзецьмі ва ўсіх зонах ідуць без чаргі. Усю мяжу ад шлягбаўма да шлягбаўма яны могуць прайсьці ўсяго за дзьве гадзіны. Яны ведаюць прыкладны час прыезду на месца», — кажа Кацярына.
Некаторыя ня толькі праяжджаюць хутчэй самі, але і зарабляюць на гэтым. Прапануюць у памежных чатах «праезд без чаргі». Таксама сустракаюцца запыты: «Шукаю праезд без чаргі». Ёсьць і прапановы ад кіроўцаў узяць на падсадку сям’ю з малымі дзецьмі бясплатна.
«Калі пішуць „Едзем без чаргі“, гэта можа значыць, што або едуць з малымі дзецьмі, або з пропускам», — працягвае Кацярына.
Паводле суразмоўцы, такая паслуга каштуе даражэй, чым проста падсадка ў машыну. Плата за праезд у машыне з малымі дзецьмі пачынаецца ад 50 даляраў. За звычайную ж перавозку бяруць 25–40 даляраў.
«Ня вытрываць, што робіцца. Ужо дзецьмі гандлююць. І гэта спрэс такія прапановы», — абураецца жанчына.
Месца ў чарзе
У тэматычных чатах пэрыядычна сустракаюцца прапановы «адстаяць у чарзе на мяжы з Эўразьвязам». Чалавек за грошы займае на машыне, сваёй ці кліентавай, чаргу на мяжу. Перад самым пунктам пропуску ён выяжджае, а кліент становіцца на гэтае месца. У некаторых выпадках дзейнічае тарыф — $5 за гадзіну. У сярэднім чакаць трэба 10–12 гадзін, то бок за паслугу аддаюць $50–60.
«Гэта вельмі танна. Такія сумы, можа, студэнты прапануюць. Калі вялікая чарга, як вось у гэтыя дні на пачатку верасьня, то за месца ў чарзе просяць 100–200 эўра. Вялікая чарга — гэта калі ты содні ў дарозе», — дадае Кацярына.
Зь ейных словаў, некаторыя патрабуюць аплаціць таксама расходы на паліва і на харчаваньне на гэты час. Гэта можа дадаць 10 даляраў зьверху.
Гарантый, што ўсё пройдзе гладка, няма. Часам праз такую замену аўтамабіляў у чарзе здараюцца канфлікты. Беларуска назірала выпадкі, калі адна машына выяжджала, а на ейнае месца заяжджалі адразу дзьве. Да таго ж, калі чалавек аказвае паслугі неафіцыйна, да яго могуць зьявіцца пытаньні ў падатковай.
Ровары і матацыклы
Перасекчы беларуска-літоўскую мяжу можна хутчэй на ровары або на матацыкле. Нягледзячы на нядаўнія паведамленьні ў мэдыя пра тое, што раварыстаў прымусяць стаяць у агульнай чарзе, некалькі суразмоўцаў Свабоды расказалі, што людзі на роварах як ехалі, так і едуць перад аўтамабілямі. Яны праходзяць мяжу значна хутчэй за іншых.
«Ровары не чакаюць у агульнай чарзе. Яны адразу пад’яжджаюць да шлягбаўма. Іх запускаюць ратацыйна: дзьве машыны, два ровары», — расказвае Свабодзе беларус Васіль, які таксама рэгулярна езьдзіць празь мяжу з Эўразьвязам.
Раварысты ашчаджаюць на страхоўцы на машыну (50 эўра на месяц), расказвае Васіль. Яны таксама не аплочваюць дазвол на выезд за мяжу (37 рублёў за кожны выезд) і перабываньне ў зоне чаканьня (11,5 рубля за кожны раз).
Аднак ровар не для ўсіх зручны.
«На ровары хутчэй. Але колькі ты будзеш круціць пэдалі да мяжы? І там трэба, каб іх нехта сустрэў на машыне», — разважае беларуска Вераніка пра нязручнасьці гэтага спосабу.
Нягледзячы на складанасьці, за мяжу выяжджаюць сотні раварыстаў, дадае Кацярына. Зь ейных назіраньняў, 90% усіх раварыстаў едуць у ЭЗ дзеля заробку.
«У іх там на паркоўцы ўжо чакаюць ровары. Пакуль я стаю ў чарзе на машыне ў адзін бок, бачу, як яны праяжджаюць туды і вяртаюцца хутка назад. Бачыла сям’ю з малымі дзецьмі на роварах. Вярталіся яны безь вялікіх торбаў, значыць, увозяць у Беларусь або новыя тэлефоны, або ноўтбукі, або грошы. Хтосьці набыў шмат тавару і такім чынам хутка яго перавозіць», — мяркуе суразмоўца.
Рэйсавыя аўтобусы
Даехаць на рэйсавым аўтобусе ці маршрутцы можна ў сярэднім прыкладна ў два разы хутчэй, чым на прыватным аўтамабілі. Хоць бываюць рэдкія выпадкі, калі і аўтобусы затрымліваюць надоўга.
«Апошні раз я прайшоў мяжу ад шлягбаўма да шлягбаўма на „Прывалка-Райгардас“ за 2–3 гадзіны. Раней мог і 5–6 гадзін прастаяць», — расказвае Васіль.
У сярэднім дарога зь Беларусі ў Польшчу на рэйсавым аўтобусе можа заняць 8–12 гадзін, у той час як на легкавым аўтамабілі людзі стаяць у сярэднім звыш 20 гадзін, а часам і больш за содні.