Як адзначаецца ў справаздачы аб яе працы за першае паўгодзьдзе 2023 году, «улічваючы вельмі добрую сытуацыю з замовамі, высокую загрузку вытворчых магутнасьцяў іншых прадпрыемстваў групы, а таксама высокі ўзровень кваліфікацыі і якасьці, прапанаваныя заводам у Фаніпалі з пункту гледжаньня даданай вартасьці, Stadler утрымлівае завод у Беларусі, каб ізноў адкрыць яго, як толькі будуць зьнятыя санкцыі».
Мэнэджмэнт кампаніі адзначае, што завод у Фаніпалі «працягвае аказваць паслугі па вытворчасьці кузаваў аўтамабіляў і камплектуючых, а таксама ў галіне машынабудаваньня ў строгай адпаведнасьці з усімі санкцыямі».
У дакумэнце гаворыцца аб падрыхтоўцы кіраўніцтвам Stadler бізнэс-пляну для беларускага прадпрыемства.
- Беларускі філіял швайцарскага канцэрну (ААТ «Штадлер Менск») быў адкрыты ў 2014 годзе ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён). Паведамлялася, што пачатковая вытворчая магутнасьць заводу складзе 120 вагонаў за год. У далейшым пастаўкі прадукцыі былі наладжаныя ў краіны СНД, Эўропы і Лацінскай Амэрыкі.
- У траўні 2022 году Stadler паведаміў пра вымушаную перадачу некаторых замоваў зь беларускага прадпрыемства на магутнасьці ў іншых краінах. Рашэньне было зьвязанае з уведзенымі Эўразьвязам санкцыямі.