Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заказы на ўнутраны і замежны рынак, адкрытыя вакансіі. Ці сапраўды Stadler мае намер пакінуць Беларусь


Цягнік Stadler у Менску, архіўнае фота
Цягнік Stadler у Менску, архіўнае фота

Літоўскі міністар транспарту паведаміў, што Stadler зьбіраецца пакідаць Беларусь. Крыніцы ў Беларусі гэта аспрэчваюць, а на сайце заводу ёсьць інфармацыя аб наборы новых супрацоўнікаў.

22 чэрвеня міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс паведаміў, што вытворчасьць Stadler у Беларусі «ці то спыняецца, ці то ўжо спыненая»

«Наколькі я ведаю з агульнай інфармацыі, вытворчасьць там [у Беларусі] больш не ідзе, кампанія выйшла адтуль або знаходзіцца ў працэсе вываду», — сказаў міністар.

Заява была зробленая на фоне заказу Літвой у кампаніі Stadler 15 акумулятарных цягнікоў на 200 мільёнаў эўра. Скуодзіс удакладніў, што дэталяў зь Беларусі ў іх ня будзе.

Ці сапраўды Stadler пакідае Беларусь

Крыніцы ў Беларусі агучаных літоўскім міністрам зьвестак не пацьвярджаюць. Па інфармацыі «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», Stadler у Беларусі «працуе і сыходзіць пакуль не зьбіраецца», такія зьвесткі агучылі актывісты ў размове са Свабодай. Цяпер на прадпрыемстве выконваюць заказы Казахстану і Азэрбайджану.

На сайце беларускага філіялу Stadler таксама ёсьць інфармацыя на пастаўку 10 цягнікоў тыпу Flirt для азэрбайджанскай чыгункі, тэрмін заканчэньня пастаўкі 2023 год. У выходных дадзеных пастаўкі якраз пазначаны беларускі Stadler.

Зьвестак аб пастаўках у Казахстан на сайце вытворцы няма.

Акрамя гэтага, сярод заказаў на сайце Stadler — дзесяць вагонаў для беларускага мэтрапалітэну. Таксама ёсьць замова на пастаўку трамваю «Мяцеліца» для Менску, год пастаўкі не ўказаны.

Мантаж цягніка Stadler у Фаніпалі, 2020
Мантаж цягніка Stadler у Фаніпалі, 2020

Апроч гэтага, паводле афіцыйнай інфармацыі, завод у Фаніпалі мае кантракты на сэрвіснае абслугоўваньне ўжо вырабленых цягнікоў для беларускай чыгункі. Паводле «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі», выходзіць зь Беларусі міжнародны вытворца не зьбіраецца.

«Вытворчасьць працягваецца, хоць і заказаў менш. На Эўропу яны нічога не выпускаюць, але працуюць з Казахстанам і Азэрбайджанам. Працягваюць тэхнічнае абслугоўваньне вагонаў мэтро і цягнікоў для беларускай чыгункі. Людзей туды набіраюць», — расказаў Свабодзе прадстаўнік «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі».

Свабода зьвярнулася ў галоўны офіс кампаніі Stadler з запытам аб далейшых плянах працы ў Беларусі, але адказу пакуль не атрымала.

Каго набіраюць на Stadler Беларусі

На галоўным сайце вытворцы цяпер тры вакансіі на беларускі завод у Фаніпалі. Шукаюць інжынэра электронных сыстэм, інжынэра-мэханіка, інжынэра-праграміста.

Заробкі ў вакансіях не пазначаныя, але, паводле «Супольнасьці чыгуначнікаў», яны там высокія.

Напрыклад, у чэрвені на Stadler у Фаніпалі шукалі адміністратара з заробкам 1600 рублёў на месяц.

Завод Stadler адкрыўся ў беларускім Фаніпалі ў 2014 годзе. Плянавалі выпускаць цягнікі як для ўсходніх суседзяў, так і для эўрапейскага рынку.

Праз пачатак вайны і санкцыі прадпрыемства скараціла колькасьць супрацоўнікаў. Stadler вымушаны быў перанесьці частку зборачных апэрацый зь Беларусі ў Польшчу і Швайцарыю. З 1700 рабочых, якія некалі працавалі на заводзе, у 2022 годзе плянавалі пакінуць 700-800.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG