Швайцарскі вытворца цягнікоў Stadler праз санкцыйны ціск Захаду адмовіўся пастаўляць цягнікі для менскага мэтро, піша Sputnik.by.
Цягнікі для менскага мэтро замест Stadler будзе пастаўляць расейскі вытворца «Метровагонмаш». Зь ім заключана дамова на пастаўку 7 цягнікоў для трэцяй лініі менскага мэтро.
Пра намер Stadler пакінуць Беларусь стала вядома ў канцы чэрвеня, калі міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс паведаміў, што вытворчасьць Stadler у Беларусі «ці то спыняецца, ці то ўжо спыненая».
«Наколькі я ведаю з агульнай інфармацыі, вытворчасьць там [у Беларусі] больш не ідзе, кампанія выйшла адтуль або знаходзіцца ў працэсе вываду», — сказаў міністар.
Заява была зробленая на фоне заказу Літвой у кампаніі Stadler 15 акумулятарных цягнікоў на 200 мільёнаў эўра. Скуодзіс удакладніў, што дэталяў зь Беларусі ў іх ня будзе.
Аднак крыніцы ў Беларусі агучаных літоўскім міністрам зьвестак не пацьвярджалі.
«Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» паведамляла, што Stadler у Беларусі «працуе і сыходзіць пакуль не зьбіраецца». Такія зьвесткі агучылі актывісты ў размове са Свабодай.