Прапагандыстка Вольга Бондарава паведаміла, што крыж памяці аб каталіцкім сьвятары Вінцэнту Гадлеўскім зьнік ад касьцёла Сьвятога Роха дзякуючы «намаганьням Камуністычнай партыі Беларусі». Бондарава назвала «нацыстам» самога сьвятара.
Паводле інфармацыі Свабоды, крыжа цяпер каля касьцёла Сьвятога Роха няма, ён зьберагаецца ў адпаведным яго рэлігійнаму статусу месцы.
Хто такі Вінцэнт Гадлеўскі
Вінцэнт Гадлеўскі, сьвятар, палітык, публіцыст, перакладчык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, дзеяч нацыянальнага руху 1-й паловы 1940-х, ахвяра нацысцкай расправы.
Вінцэнт Гадлеўскі родам з-пад Ваўкавыску, ён быў адным зь першых сьвятароў, які пачаў праводзіць службы на беларускай мове. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя яго двойчы арыштоўвалі польскія ўлады. Яго абвінавацілі ў распаўсюджваньні «рэвалюцыйнага вучэньня» і прыгаварылі да двух гадоў турмы. Знаходзячыся ў зьняволеньні, ксёндз напісаў адзіны ў той час беларускі падручнік па гісторыі раньняга хрысьціянства.
У гады вайны Гадлеўскі быў пробашчам Чырвонага касьцёла і адзіным ва ўсім горадзе беларускім каталіцкім сьвятаром. Выкарыстоўваючы сваё становішча, ён стаў адным з арганізатарам Беларускага антынацысцкага руху і стварыў па ўсёй краіне цэлую сетку беларускамоўных школаў.
24 сьнежня 1942 году Гадлеўскага арыштавалі проста ў Чырвоным касьцёле, даставілі ў гестапа і катавалі без суду. Ён загінуў у лягеры сьмерці ля вёскі Малы Трасьцянец.
Тамсама ў Трасьцянцы ў 2008 годзе быў усталяваны крыж у памяць аб ксяндзе. Гэтую акцыю ініцыяваў краязнаўца і вучоны Анатоль Белы.
Пры ўпарадкаваньні тэрыторыі крыж вынялі зь зямлі і перадалі ў касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (сьвятога Роха) на Залатой Горцы ў Менску. У 2019 годзе крыж дабраславіў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі.