Горадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч напісаў кнігу «Вінцэнт Гадлеўскі. Насуперак часу» — пра легендарнага беларускага сьвятара, заснавальніка беларускага хрысьціянска-дэмакратычнага руху, грамадзкага дзеяча пачатку мінулага стагодзьдзя. Выданьне адкрывае сэрыю дакумэнтальных біяграфій, якую задумала выдавецтва «Янушкевіч». Свабода пагутарыла з аўтарам, каб выбраць дзесяць малавядомых фактаў пра Вінцэнта Гадлеўскага са сьвежай кнігі.
1. Прадалі маёмасьць, каб вучыць сына
Вінцэнт Гадлеўскі паходзіць з-пад Ваўкавыску, зь вёскі Шуравічы. Ганарыўся сялянскім паходжаньнем, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, сталярыў. Каб вучыць сына, ягоны бацька прадаў маёмасьць і пераехаў у Варшаву. Вінцэнт скончыў там тры клясы гімназіі. Гэта рэдкая зьява, бо большасьць будучых каталіцкіх сьвятароў праходзілі курсы завочна. Пасьля вучыў «за рубель» вясковых дзяцей, каб мець мажлівасьць скончыць Горадзенскую гімназію. «...Усе Гадлеўскія былі здольныя да ўсяго, і да навукі, і да работы».
2. Чытаў лекцыі па беларускай гісторыі на Усебеларускім зьезьдзе
Усебеларускі зьезд у сьнежні 1917 году стаў найважнейшай падзеяй у жыцьці Гадлеўскага. Як каталіцкаму сьвятару яму было забаронена станавіцца дэлегатам. Але ён чытаў лекцыі для іншых дэлегатаў пра беларускае самаазначэньне, полацкі пэрыяд гісторыі Беларусі. Ягоныя выступленьні дапамагалі згладзіць супярэчнасьці паміж удзельнікамі зьезду. Сваю апошнюю публікацыю Гадлеўскі таксама прысьвяціў гэтаму зьезду. Яе апублікавалі ў дзень забойства сьвятара.
3. Быў сябрам Рады БНР
Пасьля ўцёкаў бальшавікоў зь Менску ў лютым 1918-га далучыўся да працы Беларускага народнага прадстаўніцтва, прадстаўляў там хрысьціянскіх дэмакратаў. Пазьней прадстаўніцтва склала аснову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Там ксёндз выконваў функцыі ўпаўнаважанага ў бежанскіх справах.
4. Вучыў Кузьму Чорнага
Біскуп Зыгмунт Лазінскі забараніў Гадлеўскаму займацца грамадзкай дзейнасьцю і выслаў яго ў Нясьвіж. Там ксёндз Вінцэнт выкладаў у настаўніцкай сэмінарыі. Адным зь ягоных вучняў быў Мікалай Раманоўскі — будучы пісьменьнік Кузьма Чорны.
Гадлеўскі праводзіў вялікую працу ў пашырэньні беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці ў Нясьвіжы. Выступаў зь беларускімі казанямі, арганізаваў беларускі гурток, спрабаваў ператварыць настаўніцкую сэмінарыю ў беларускую навучальную ўстанову. Заручыўся згодай амаль усіх выкладчыкаў былой расейскай сэмінарыі.
5. Пакінуў па сабе беларускамоўныя могілкі ў Жодзішках
Служба пробашчам у разбураным пасьля Першай сусьветнай вайны мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне зрабіла Гадлеўскага знакамітым. Тут ён стаў «мужыцкім» сьвятаром, размаўляў зь сялянамі на іх мове ды не шукаў сяброўства з землеўласьнікамі, войтам або начальнікам мясцовай паліцыі. Адмовіўся атаясамліваць Каталіцкую царкву з польскасьцю.
Мясцовая паліцыя ў 1923 годзе дала яму такую характарыстыку: «Беларус літоўскай арыентацыі, нядаўна прыбыў з Горадзеншчыны, дзе вядомы сваёй антыдзяржаўнай працай (...), напрыклад, ходзячы па калядзе сабраў натоўп жанчын і мужчын у Жодзішках, дэманстрацыйна сьпяваючы на вуліцы беларускі гімн».
Сьвятар настолькі беларусізаваў мястэчка, што ягоныя жыхары дасюль ставяць сваім памерлым беларускамоўныя помнікі — рэдкі для Беларусі выпадак.
6. Сядзеў за «антыдзяржаўную дзейнасьць»
Гадлеўскі правёў шаснаццаць месяцаў у адзіночнай камэры Макатоўскай турмы ў Варшаве ў 1927-1928 гадах, якая лічылася катаржнай турмой Польшчы, хоць па законе сьвятары мусілі адбываць пакараньне ў спэцыяльных пакоях кляштараў.
У вязьніцу ксёндз Вінцэнт трапіў у справе «антыдзяржаўнай дзейнасьці», распачатай супраць яго польскімі ўладамі. У судзе сярод іншага гучалі такія аргумэнты віны ксяндза: ён падкрэсьліваў, што паводле закону любы грамадзянін Польшчы можа карыстацца ў дзяржаўных інстытуцыях роднай мовай (у тым ліку і беларускай) і патрабаваць, каб да яго таксама зьвярталіся на роднай мове; заклікаў парафіян не падпісваць паліцэйскіх пратаколаў, напісаных па-польску. Адзін са сьвятароў казаў у судзе, што «да прыезду Гадлеўскага парафія была вельмі спакойная».
Ксяндзу далі два гады турмы, аднак вызвалілі раней па амністыі.
7. Узначальваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры
Гадлеўскі шмат гадоў узначальваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры — патрыятычную асьветніцкую арганізацыю, якая лучыла тысячы сяброў у вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі. Інстытут знаходзіўся пад уплывам БХД, папулярызаваў беларускую нацыянальную культуру, змагаўся за школьную адукацыю на роднай мове і спрыяў эканамічнаму разьвіцьцю беларускага сялянства.
Але ксёндз дбаў найперш не пра колькасьць, а пра якасьць. «Ня думайце, што нашая арганізацыя прызначана для масаў і дбае аб колькасьці сяброў; зусім не, мы дбаем аб якасьці сяброў, і калі іх будзе 3 ці 5, гэта ўжо даволі, каб весьці на месцы арганізаваную культурна-прасьветную працу».
8. Пераклаў Новы Запавет на беларускую мову
Гадлеўскі выдаў уласны пераклад чатырох Эвангельляў і Апостальскіх дзеяў у 1939 годзе. Гэта быў другі ў найноўшай гісторыі Беларусі пераклад Новага Запавету. У тагачаснай навуцы не было аналягаў ягонай справе. Працаваць над перакладам сьвятар пачаў яшчэ ў турэмнай камэры. У аснову перакладу быў пакладзены лацінамоўны, традыцыйны для Рымска-каталіцкай царквы тэкст Сьвятога Пісаньня. Аднак пад рукой у ксяндза было яшчэ шэсьць тэкстаў Новага Запавету на грэцкай, польскай, нямецкай, францускай і расейскай мовах.
9. Пахаваў маці Янкі Купалы
Летам 1942 годзе Вінцэнт Гадлеўскі пахаваў у Менску маці Янкі Купалы. Асьвяціўшы сьвежы грудок на Вайсковых могілках, сьвятар па-прарочы прамовіў: «Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?»
Ніхто ў акупаваным Менску яшчэ ня ведаў, што ў той самы дзень у Маскве хавалі самога паэта.
10. Вінцэнта Гадлеўскага забілі. Але чаму, невядома
Існуе ажно сем вэрсій прычын забойства ксяндза Вінцэнта, якія пераклікаюцца паміж сабою і не выключаюць адна адну. Вядома, што яго забілі нямецкія акупанты. Прозьвішча забойцы — Хойзэр. Вядомы дзень, а дакладней, ноч сьмерці — 24 сьнежня 1942 году.
«Машына спынілася ў цемры зімовай ночы. Я. Цумараў і У. Завальнюк пішуць: „Гэта быў аб’ект нацыстаў — урочышча Благоўшчына, паляна прыкладна 300 на 400 м, абгароджаная калючым дротам, якую ахоўваў спэцыяльны аддзел СС. [...] Начальнік паліцыі загадаў перакладчыку заставацца ў машыне, а сам выйшаў са сьвятаром вонкі. Яны адышлі на колькі дзясяткаў крокаў. Прагучаў пісталетны стрэл. У машыну Хойзэр вярнуўся адзін, сеў за руль і ад’ехаў“».
Выдаўцы пра новую сэрыю: «Без квазылегендарнага патасу, без вымалёўваньня бездакорных герояў і легендаў»
Выдаўцы кнігі расказалі пра асаблівасьці сваёй новай біяграфічнай сэрыі «Беларускія жыцьцяпісы».
«Па-першае, гэта павінны быць кнігі, прысьвечаныя жывому чалавеку ва ўсіх яго праявах, са сваімі памылкамі, слабасьцямі і недарэчнасьцямі. Без квазылегендарнага патасу, без вымалёўваньня бездакорных герояў і легендаў, без стварэньня манумэнтальных літаратурных „помнікаў на пастамэнце“. Тое ж самае датычыцца самога тэксту — ён павінен быць жывы і цікавы», — гаворыцца ў прамове выдавецтва «Янушкевіч» да новай кнігі.
Другі крытэр падыходу — крытычнасьць і аргумэнтаванасьць дасьледаваньня.
Вядома, што ў сэрыю могуць увайсьці ня толькі беларусы, але і іншыя славутыя асобы, упісаныя ў беларускі кантэкст.