Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская абмеркавала з прэзыдэнтам ПАРЭ дапамогу беларускім уцекачам і трыбунал для Лукашэнкі


Сьвятлана Ціханоўская на саміце ў Рэйк’явіку
Сьвятлана Ціханоўская на саміце ў Рэйк’явіку

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Тыні Коксам падчас саміта ў Рэйк’явіку.

Як паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай, Тыні Кокс запрасіў Ціханоўскую выступіць на пленарнай сэсіі ПАРЭ ў чэрвені, дзе адбудзецца прэзэнтацыя дакладу аб сытуацыі зь беларускімі ўцекачамі.

Ціханоўская і кіраўнік ПАРЭ Тыні Кокс абмеркавалі працу Кантактнай групы Рады Эўропы, якая зьбіраецца напярэдадні наступнай сэсіі 19 чэрвеня. У яе рамках ужо запушчана некалькі праектаў, якія пачынаюць сваю працу: для дапамогі журналістам, моладзі, грамадзянскай супольнасьці.

Ціханоўская і Кокс правялі размову аб сытуацыі з масавым прымусовым вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый ня толькі ў Расею, але і ў Беларусь, датычнасьць да гэтага Лукашэнкі.

Кокс і Ціханоўская дамовіліся, каб гэтае пытаньне было паднята на наступных сустрэчах на сэсіях ПАРЭ і было ўключана ў даклад аб Украіне. Гэта дазволіць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці ў міжнародных судах.

Ад 200 тысяч да 500 тысяч чалавек выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году і зазнаюць рознага кшталту абмежаваньні, гаворыцца ў дакумэнце пра беларускіх уцекачоў. Таксама ў дакладзе даюцца практычныя рэкамэндацыі, якім чынам дапамагчы беларусам, што апынуліся ў вымушанай эміграцыі.

Прэзэнтацыя дакумэнту павінна зьмяніць стаўленьне да беларусаў у выгнаньні з боку замежных краінаў, адначае прэс-служба Ціханоўскай. Даклад рыхтаваўся люксэмбурскім прастаўніком ПАРЭ з удзелам дэмакратычных сіл Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская з сваёй камандай падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Ціні Коксам
Сьвятлана Ціханоўская з сваёй камандай падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Ціні Коксам

Адной з галоўных тэм для абмеркаваньня сталі таксама мэханізмы стварэньня трыбуналу для Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

З прэзыдэнтам ПАРЭ Ціханоўская размаўляла пра крокі, якія трэба рабіць для ўступленьня Беларусі ў Раду Эўропы.

«Супраца з ПАРЭ, з Радай Эўропы вельмі важнае мае значэньне для Беларусі, — сказала Ціханоўская. — Бо гэта ў тым ліку дазваляе зьмяншаць Беларусі залежнасьць ад Расеі, дае дэмакратычнай Беларусі сувэрэнітэт і такім чынам абараняе краіну ад паглынаньня Расеяй. Вельмі важна, каб Рада Эўропы займала праактыўную пазыцыю да беларусаў».

Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у адкрыцьці саміту Рады Эўропы, які праходзіць у Рэйк’явіку. Так яна мела размовы ў кулюарах з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам, кіраўніком Эўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем, прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлоні, прэзыдэнтам Польшчы Анджэям Дудай, кіраўніком Літвы Гітанасам Наўседай, прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам, міністрам замежных справаў Швэцыі Тобіасам Більстромам, камісарам Рады Эўропы па правах чалавека Дуняй Міятавіч. Усяго на саміце прысутнічаюць кіраўнікі 46 краін.

Саміт працягнецца да вечара 17 траўня. Плянуецца, што Беларусь згадаюць ў выніковых дакумэнтах, якія стануць асновай для працы Рады Эўропы на наступныя гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG