Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чальцы Рады Эўропы павінны забясьпечваць належны ўзровень абароны беларусаў у выгнаньні, — спэцдакладчык Рады


Ліквідацыя юрыдычных, адміністрацыйных і практычных перашкодаў, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні, павінна быць прыярытэтам для дзяржаваў-чальцоў Рады Эўропы, паколькі «дэмакратычная і бясьпечная Беларусь зьяўляецца часткай вырашэньня праблемы бясьпекі ў Эўропе», гаворыцца ў праекце дакладу чальца Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), дакладчыка па вывучэньні праблемаў беларусаў у выгнаньні Поля Галя (Люксэмбург).

Даклад будзе прадстаўлены на сэсіі Асамблеі ў Страсбуры 20 чэрвеня.

«Беларусаў, якія пакінулі сваю краіну пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, вымусіў да гэтага рэжым Лукашэнкі, — адзначыў парлямэнтар. — Хоць іх галоўнае жаданьне — вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь, чым больш часу праходзіць, тым больш аддаленай здаецца гэтая пэрспэктыва».

На яго думку, нельга ігнараваць той факт, што дэмакратычныя сілы «імкнуцца стварыць «„новую Беларусь“ у выгнаньні»: «варта падтрымліваць іх намаганьні ў зьмякчэньні праблем, зь якімі сутыкаюцца іх суайчыньнікі. У той жа час інтэграцыя беларусаў у выгнаньні ў грамадзтвы, якія іх прымаюць, застаецца ключом «да прадухіленьня гетаізацыі і псыхалягічнага адчужэньня». Галь лічыць, што ўсе 46 дзяржаваў-чальцоў Рады Эўропы павінны забясьпечваць «эквівалентны, калі не ўніфікаваны, узровень абароны беларусаў у выгнаньні, дазваляючы ім інтэгравацца, захоўваючы і ўмацоўваючы пры гэтым іх нацыянальную ідэнтычнасьць».

«Вельмі нешматлікія беларусы ў выгнаньні зьвярнуліся з просьбай аб наданьні статусу ўцекача, бо яны ня хочуць разрываць свае сувязі з роднай краінай, якую яны пакінулі не па сваім выбары», — падкрэсьліў дакладчык.

Ён удакладніў, што ў Польшчы, дзе дзейнічае «вельмі лібэральны рэжым прадастаўленьня міжнароднай абароны», з 9 жніўня 2020 году да 31 сьнежня 2022 году па міжнародную абарону зьвярнуліся 5775 беларусаў: «гэта складае ўсяго 5% беларусаў, якія зьвяртаюцца па розныя віды дазволаў на жыхарства ў Польшчы. Больш за 99% запытаў былі прынятыя, а тыя, што былі адхіленыя, адхіляліся зь меркаваньняў бясьпекі».

Галь падкрэсьліў, што падчас чаканьня міжнароднай абароны, як правіла, працаваць у краіне не дазваляецца.

«У дарагой для беларусаў Літве некаторыя вымушаныя выкарыстоўваць нелегальныя спосабы заробку, каб выжыць падчас працэдуры атрыманьня статусу ўцекача, якая займае больш за год, нягледзячы на іх жаданьне выконваць закон і плаціць падаткі», — сказаў Поль Галь.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG