Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на сэсіі ПАРЭ ў Страсбургу заклікала даць беларусам «эўрапейскую пэрспэктыву»


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

20 чэрвеня на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская прапанавала прыняць скаардынаваную стратэгію па Беларусі.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў BPN, што такая стратэгія павінна ўключаць чатыры ключавыя элемэнты: ціск, дапамога, падсправаздачнасьць і прыхільнасьць.

У рамках рэалізацыі гэтых пунктаў, растлумачыла Ціханоўская дыпляматам, прапануецца сярод іншага ўзмацніць санкцыйны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і прыцягнуць яго прадстаўнікоў да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці і злачынства агрэсіі.

«Мы павінны пазбавіць Лукашэнку недатыкальнасьці і абвясьціць яго рэжым злачынным», — сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, вельмі важна надаваць дапамогу беларускай дэмакратычнай супольнасьці, грамадзянскай супольнасьці і СМІ, а таксама даць беларусам «эўрапейскую пэрспэктыву».

«Нам патрэбная эўрапейская пэрспэктыва для Беларусі. Мы павінны вярнуць Беларусь у Эўропу, а Эўропу — у Беларусь. Беларусы павінны адчуваць, што іх чакаюць у Эўропе», — заявіла Ціханоўская.

Яна зазначыла, што «хоць Беларусь яшчэ не зьяўляецца чальцом Рады Эўропы», да яе дэмакратычных прадстаўнікоў «ставяцца як да раўнапраўных партнэраў». Сяброўства ў Радзе Эўропы для дэмакратычных сіл зьяўляецца «прыярытэтам і мэтай», дадала палітык.

Паводле яе слоў, пакуль рэжым Лукашэнкі «спрабуе ізаляваць краіну і зрабіць яе сатэлітам Расеі», дэмакратычныя сілы разам з партнэрамі наладжваюць «трывалыя сувязі», якія дапамогуць краіне «на нялёгкім шляху да дэмакратыі».

«Мы фармалізавалі нашы адносіны [з Радай Эўропы], стварыўшы кантактную групу, у якую ўвайшлі прадстаўнікі палітычных структур і грамадзянскай супольнасьці Беларусі, — нагадала Ціханоўская. — Учора кантактная група правяла сваё трэцяе пасяджэньне і заплянавала мерапрыемствы на год наперад. Мы таксама дамовіліся, што прадстаўнікі беларускіх палітычных партый будуць рэгулярна ўдзельнічаць у пасяджэньнях палітычнага камітэту ПАРЭ».

Дэмлідэр нагадала пра сытуацыю ў Беларусі, зьвярнуўшы ўвагу дыпляматаў на ўзмацненьне рэпрэсій і жорсткага абыходжаньня з палітзьняволенымі, стварэньне для іх невыносных умоў, а таксама на інтэнсыфікацыю «паглынаньня Беларусі Расеяй».

Гаворачы пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, Ціханоўская заявіла, што гэтым крокам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «імкнецца шантажаваць Захад, каб прымусіць яго зьменшыць падтрымку Ўкраіны». Зь іншага боку, паводле яе слоў, ён імкнецца ўстанавіць кантроль над Беларусьсю.

«Гэта патрабуе тэрміновай міжнароднай рэакцыі і асуджэньня», — заклікала палітык.

Паводле яе слоў, Расея праводзіць палітыку русыфікацыі Беларусі, ставячы пад пагрозу яе мову, культуру і гісторыю краіны, спрабуючы поўнасьцю «выкараніць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць».

«Некаторыя людзі называюць гэта акупацыяй, некаторыя называюць гэта калянізацыяй. Як бы гэта ні называлася, мы не павінны дапусьціць, каб гэта адбылося», — сказала Ціханоўская. Яна дадала, што Масква спрабуе зрабіць Менск «зброяй у сваіх злачынных праектах», і яе мэта — «зьнішчыць Беларусь як незалежную дзяржаву».

Ціханоўская перакананая, што гэта «павінна тычыцца ўсёй сусьветнай супольнасьці».

«Расеі трэба атрымаць прамы, дакладны адказ: тое, што яна робіць супраць Беларусі, незаконна, беларусы не самотныя ў барацьбе за свабоду сваёй Радзімы», — сказала Ціханоўская.

20 чэрвеня Ціханоўская таксама выступіць на пленарным пасяджэньні летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, на якой прадставяць справаздачу па сытуацыі зь беларусамі замежжа, беларускімі ўцекачамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG