Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады падрыхтавалі папраўкі ў заканадаўства для асуджаных. Што зьменіцца?


Турма ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота
Турма ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі падрыхтавалі законапраект аб зьменах у заканадаўства ў пытаньнях выкананьня пакараньняў. Папраўкі прапануецца ўнесьці ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы.

Гэта істотна паўплывае на жыцьцё дзясяткаў тысяч асуджаных, у тым ліку палітвязьняў. Выданьне Zerkalo прааналізавала асноўныя зьмены, якія зьбіраюцца прыняць.

«Сьмяротнікі»

Уводзіцца новае правіла: у адрозьненьне ад іншых вязьняў у СІЗА, якія носяць уласныя рэчы, асуджаныя на пакараньне сьмерцю будуць абавязаныя насіць «вопратку спэцыяльнага ўзору», якую вызначыць МУС.

Арышт

Крымінальнае пакараньне ў выглядзе арышту адбываюць у ІЧУ або арыштных дамах, яно ня можа перавышаць 3 месяцы. Паводле дзейнага заканадаўства, асуджаных павінны адпраўляць у арыштны дом, які знаходзіцца бліжэй за ўсё да іх месца жыхарства. Гэтае патрабаваньне прапануюць зьняць.

Ёсьць і станоўчае новаўвядзеньне. Арыштантам дазволяць адно кароткатэрміновае спатканьне з блізкімі сваякамі. Яго можна будзе атрымаць у кароткі пэрыяд паміж заканчэньнем суду і адпраўкай у месца адбыцьця пакараньня.

Калёнія

Колькасьць рэчавых пасылак, якія могуць атрымліваць асуджаныя ў калёніях, праект прапануе павялічыць з 1 да 2 на год.
За спатканьні зь блізкімі давядзецца плаціць. Кароткатэрміновае спатканьне можна будзе замяніць на званок па відэасувязі працягласьцю да 60 хвілін (звычайныя званкі не перавышаюць 15 хвілін).

Блізкія сваякі асуджаных змогуць замест пасылак купіць для іх на тую ж вагу прадукты і прадметы першай неабходнасьці ў краме пры калёніі. З дазволу начальніка калёніі гэта змогуць зрабіць і тыя, хто блізкім сваяком ня лічыцца.

Згодна з праектам, пры калёніях можна будзе ствараць новыя структурныя падразьдзяленьні — рэабілітацыйныя цэнтры для тых, хто мае залежнасьць ад алькаголю і наркотыкаў, а таксама мае патрэбу ў комплекснай мэдыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі. Пры неабходнасьці асуджаных будуць на час пераводзіць туды на лячэньне.

Асуджаных, якія працуюць у калёніі, пачнуць страхаваць ад няшчасных выпадкаў на вытворчасьці і прафэсійных захворваньняў. На гэты момант зьняволеныя падлягаюць толькі абавязковаму сацыяльнаму страхаваньню.
Жанчыны-асуджаныя, чые дзеці знаходзяцца ў Доме маці і дзіцяці пры калёніі, пры жаданьні могуць перавесьціся на няпоўны працоўны дзень.

Тэрміны ў ШЫЗА

На гэты момант адміністрацыя можа прызначыць пакараньне ШЫЗА ня больш чым на 10 дзён у адным спагнаньні. Згодна з праектам, гэты тэрмін будзе павялічаны да 15 дзён.

«Хімія»

Шмат навін тычацца папраўчых устаноў адкрытага тыпу (ПУАТ) — так званай «хіміі», дзе адбываюць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.

Харчаваньне

Адміністрацыя павінна будзе забясьпечваць наборам прадуктаў тых асуджаных, у каго няма сваіх грошай, каб купіць сабе ежу. Кошт у іх потым аднімуць з заробку. За свае грошы асуджаныя на «хіміі» харчуюцца і гатуюць сабе самі.

Паборы

Згодна з праектам, адміністрацыя ПУАТ атрымае права бязвыплатна браць з асуджаных і «іншых фізычных асоб» (напрыклад, сваякоў) грошы і маёмасьць для «паляпшэньня жыльлёва-побытавых умоў асуджаных і аказаньня ім матэрыяльнай дапамогі». Такім чынам, гэтая папраўка ўзаконіць паборы з асуджаных «на рамонт». Раней праваабаронцы паведамлялі, што такое ўжо адбываецца ў некаторых калёніях: з асуджаных патрабуюць, каб яны прасілі сваякоў пераводзіць на рахунак калёніі ахвяраваньні.

Праца

Усе, хто знаходзіцца на «хіміі», абавязаныя працаваць — іх працаўладкоўваюць або прапануюць шукаць працу самім. На цяперашні момант працадаўца фактычна ніяк ня можа звольніць такіх супрацоўнікаў — толькі калі чалавек ня можа працаваць праз стан здароўя. Але праект уводзіць падставы для звальненьня: прагул бяз важных прычын (дастаткова адсутнасьці больш за тры гадзіны) і зьяўленьне на працы ў стане ап’яненьня або ўжываньне алькаголю на працоўным месцы.

Пры гэтым усе арганізацыі і ІП, якія ўзялі на працу або вучобу «хімікаў», павінны будуць штомесяц даваць справаздачу за іх у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю: паведамляць, як яны працуюць і выконваюць дысцыпліну, перадаваць табэль працоўнага часу і зьвесткі пра наведваньне заняткаў, а таксама апавяшчаць пра заахвочваньні і спагнаньні, пра перавод на працу і звальненьне ў трохдзённы тэрмін.

Вызваленьне

Паводле дзейнага заканадаўства, калі асуджаны падчас «хіміі» атрымаў інваліднасьць І ці ІІ групы, адміністрацыя павінна паслаць у суд паперы на яго датэрміновае вызваленьне. Тое ж тычыцца цяжарных з моманту наступленьня водпуску па цяжарнасьці і родах.

Праект прадугледжвае зьмяненьне гэтых працэдур. Такіх асуджаных не абавязкова будуць вызваляць — могуць перавесьці на «хатнюю хімію».

Аднак гэтае правіла будзе распаўсюджвацца на інвалідаў ня толькі І і ІІ, але і ІІІ групы. А цяжарным не абавязкова трэба будзе чакаць пачатку водпуску, іх змогуць вызваліць або перавесьці і раней.

Умоўна-датэрміновае вызваленьне

Уводзіцца магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня ня толькі ад пазбаўленьня або абмежаваньня волі, але і ад такога віду пакараньня, як пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю і займаць пэўныя пасады.

У выпадку ўмоўна-датэрміновага вызваленьня чалавека могуць абавязаць адзначацца ў міліцыі, уладкавацца на працу, не пакідаць дом у пэўны час і не хадзіць у пэўныя месцы, не мяняць месца жыхарства і не выяжджаць надоўга з гораду бяз згоды міліцыі.

Калі раней усе гэтыя абмежаваньні можна было накласьці толькі на тых, хто быў асуджаны на пазбаўленьне волі, то пасьля прыняцьця праекту — і на тых, каго ўмоўна-датэрмінова вызвалілі ад любых іншых пакараньняў: абмежаваньня свабоды, права займаць пэўныя пасады і гэтак далей.

Прэвэнтыўны нагляд

Прэвэнтыўны нагляд можа быць арганізаваны над тымі, хто выйшаў з калёній — для «прафіляктычнага ўзьдзеяньня». На цяперашні момант паднаглядны абавязаны стаць на ўлік у міліцыі і адзначацца там рэгулярна — 1-4 разы на месяц. Таксама ён павінен апавяшчаць міліцыю аб зьмене месца жыхарства.

Згодна з праектам, цяпер такое апавяшчэньне трэба будзе падаваць пісьмова і абавязкова не пазьней за дзень пераезду.

Таксама паднагляднаму могуць забараніць выходзіць з дому ў пэўны час, наведваць пэўныя месцы, выяжджаць за межы гораду бяз згоды міліцыі, пакідаць краіну.

Згодна з праектам, да гэтага пераліку дадасца яшчэ адзін пункт — «працаваць па працоўным дагаворы (вучыцца) або ажыцьцяўляць іншы від дзейнасьці, прадугледжаны заканадаўствам аб занятасьці насельніцтва». Такое патрабаваньне суд ня можа вызначыць толькі пэнсіянэрам, інвалідам I і II групы, беспрацоўным з сухотамі, цяжарным і бацькам, якія даглядаюць дзіця да 3 гадоў, дзіця-інваліда або дзіця зь ВІЧ/СНІД.

Усе астатнія, каго на прэвэнтыўным наглядзе абавяжуць працаваць, маюць права самі ўладкавацца на працу на працягу 15 дзён. Інакш іх накіруюць у цэнтар занятасьці і адмовіцца ад прапанаванай там працы будзе нельга.

У сваю чаргу, дадаюцца абавязкі і для тых, хто возьме паднаглядных на працу або вучобу. Арганізацыі, прадпрыемствы і нават ІП павінны будуць па першым патрабаваньні даць у інспэкцыю справаздачу аб тым, як чалавек працуе, ці выконвае дысцыпліну, падаць табэль яго працоўнага часу або наведваньня заняткаў. Таксама трэба будзе паведаміць інспэкцыю пра звальненьне або перавод паднагляднага на іншую працу на працягу трох дзён.

Такім чынам, правілы прэвэнтыўнага нагляду становяцца больш жорсткімі. Адсутнасьць працы, не адпраўленае своечасова апавяшчэньне — усё гэта будзе парушэньнем правілаў нагляду.

А за парушэнне прадугледжваецца спачатку адміністрацыйная (на першыя два разы), а потым і крымінальная адказнасьць — арышт або да 1 года пазбаўлення волі. А за ўхіленьне ад нагляду — да 2 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG